Дзягільна: закінутыя могілкі паўстанцаў

Дзягільна. Дзяржынскі раён. Эфір 10 сьнежня 2009 г.
Лістападаўскае паўстаньне 1830-га году за аднаўленьне дзяржаўнасьці Рэчы Паспалітай у сьвядомасьці паспалітага люду заўжды знаходзілася ў цені двух іншых паўстаньняў. Больш маштабных і багацейшых на імёны паўстаньняў Касьцюшкі і Каліноўскага. Тым больш каштоўная кожная акцыя ўшанаваньня памяці герояў 1831-га году. Тым больш калі ініцыятыва ідзе зьнізу, ад людзей неабыякавых.

Вёска Дзягільна знаходзіцца каля самага Койданава. У яе абліччы няма нічога гістарычна-рамантычнага. Пасьляваенныя хаты перамяжоўваюцца з новымі сылікатнымі палацыкамі сталічных дачнікаў. Але варта збочыць з койданаўскай дарогі ўправа, і пакручастая вуліца прывядзе вас да маладога ўзьлеску, дзе вы заўважыце вялікі драўляны крыж і шыльду. Яна паведамляе, што тут некалі былі старыя могілкі. 29 лістапада тут сабраліся дзясяткі тры людзей. Гісторыкі зь Менску, краязнаўцы з Койданава, тутэйшыя настаўнікі, жыхары вёскі. Сабраліся, каб ушанаваць памяць аднаго з кіраўнікоў лістападаўскага паўстаньня, навукоўца і пісьменьніка Адольфа Янушкевіча. Які жыў у сваім маёнтку і быў пахаваны на гэтых могілках. І, як часта гэта бывае, ініцыятыва належыць аднаму неабыякаваму чалавеку. Можа, ні крыжа, ні шыльды, ні гэтай імпрэзы не было б, калі б не руплівая праца койданаўскай краязнаўкі Ганны Матусэвіч.

Ганна: “Сёньня Дзень лістападаўскага паўстаньня. 29 лістапада 1830-га году. Мы запрашалі людзей. Прыехалі, сабраліся ўсе, хто мог. Сёньня 2009 год. 179 гадоў Лістападаўскаму паўстаньню”.

Карэспандэнт: “А чаму людзі сабраліся менавіта ў гэтым месцы?”

Ганна: “Тут жыў Адольф Янушкевіч. Адзін з удзельнікаў паўстаньня. “Адзін з удзельнікаў”, можа, кепска сказана. Ён быў адным з натхняльнікаў паўстаньня. Натхнёны ім, Юліюш Славацкі напісаў гімн “Літва”, які сёньня прагучыць на гэтым месцы. Аграмадная праца наперадзе. Трэба пліты падымаць. Мы дзякуючы Міколу Крывальцэвічу іх дасьледавалі. А пасьля ізноў закапалі іх. Каб не глуміліся зь іх. І цяпер трэба падняць іх, паставіць на пастамэнт. І каплічку хочам паставіць”.

Паляна сярод маладога лесу сёньня зусім не нагадвае могілкі. Ні крыжоў, ні надмагільных пліт. Пра былыя могілкі я разгаварыўся зь мясцовымі жыхаркамі, якія завіталі на імпрэзу.

Кабета: “На камянях па-польску было напісана”.

Старая: “Мы тады малыя былі зусім”.

Карэспандэнт: “А чаму гэтае месца зусім мала нагадвае могілкі?”

Старая: “Можа, таму, што зарасло. Можа, яны ўрасьлі. Я помнікаў вялікіх ня помню. Агароджы былі жалезныя”.

Кабета: “Былі магільныя пліты”.

Старая: “Але мала”.

Карэспандэнт: “А бацькі, дзяды нічога не казалі пра Янушкевічаў?”

Старая: “Там некалі яшчэ мая бабуля служыла ў пана. Пакаёўкай. Апранала паню. Казала: “Добра было”. Адзявала чэпчык, казала”.

Карэспандэнт: “А на якой мове гаварылі паны?”


Старая: “Мяшаная. Як і мы цяпер гаворым”.

Як магло такое здарыцца, што зьніклі цэлыя могілкі? Расказвае краязнаўца, дасьледчык Койданаўшчыны, Анатоль Валахановіч.

Анатоль: “Гэтыя могілкі зьніклі элемэнтарна. Камні былі вывезеныя, выцягнутыя. Астатняе было ўтаптана ў зямлю. І паколькі няма помнікаў, паколькі няма крыжоў, няма куды хадзіць. Няма радні, якую тут хавалі. З радні Янушкевічаў не было нікога, каб пахаваць. І помнікі былі ўсе зьнесеныя на падмуркі. Гэта было абсалютнае запусьценьне. Гэта быў хмыз і хмыз”.

Карэспандэнт: “Іх самі людзі разьбіралі, гэтыя пліты?”


Анатоль: “Людзі разьбіралі на падмуркі. У 20-я, 30-я гады. Пачалася знакамітая кампанія атэістычная. А, раз тут Бога няма, нічога няма, значыць, мы будзем рабіць што заўгодна. А гэта нашы былі эксплюататары, гэта нашы былі ворагі. У адпомсту гэтым ворагам мы зруйнуем гэтыя могілкі”.

Вас ніколі не наведвала дзіўнае пачуцьцё сымпатыі да незнаёмага вам, даўно памерлага чалавека, ад сузіраньня беларускай мовы на надмагільлі? Зьявы наколькі рэдкай, настолькі жыцьцесьцьвярджальнай. На закінутых могілках Дзягільна археоляг Мікола Крывальцэвіч паказаў мне беларускую магілу чалавека, які пайшоў з жыцьця ажно ў 1882 годзе.

Мікола: “На камені захаваўся беларускі надмагільны надпіс. Гэта прозьвішча. Міхаіл Васільлевіч Калесьнік”. І год сьмерці. 1882. Шкада, што ня ўсё добра чытаецца. Там бачна, што чалавек пражыў 77 гадоў. Але, мяркуючы па самой каліграфіі напісаньня, гэта не маглі зрабіць так у канцы 19-га стагодзьдзя. Гэта, хутчэй за ўсё, было зроблена ў памяць пра памерлага бацьку. Надпіс мог быць зроблены ў 20-я гады, падчас беларусізацыі. Альбо ў саракавыя гады. Ва ўсялякім разе, гэты надпіс больш позьні”.


Карэспандэнт: “Беларускасьць надпісу ў чым? Яго зараз цяжка прачытаць”.

Мікола: “Кірыліцай напісаны. Зь “і” з кропкай і гэтай далей. І ўся граматыка захоўваецца абсалютна беларуская”.

Найстарэйшая жыхарка Дзягільна, Ядзьвіга Кулікоўская, нарадзілася ў той год, калі пачалася Першая сусьветная вайна. Без малога стогадовая бабуля захавала ня толькі жвавую мову, але і цудоўную гістарычную памяць. І калі зь яе векавых вуснаў чуеш, што 17 год гэта “пераварот”, а чырвонаармейцы — “ваеншчына”, спрачацца не выпадае.

Карэспандэнт: “А вы памятаеце, які быў маёнтак панскі?”

Ядзьвіга: “Ну які. Я ж тады яшчэ малая была. Я ж з 14-га году, лічэце. А ў 17-м годзе пераварот зрабілі. Мае бацькі жылі ў пана”.

Карэспандэнт: “А што яны рабілі?”

Ядзьвіга: “Батракамі рабілі. Касіць, араць. Па гаспадарцы”.

Карэспандэнт: “А яна пана паміналі добрым словам ці не?”


Ядзьвіга:
“Ня помню. Плаціў мужчыну пяць пудоў хлеба. Зерня. А жанчыне — па тры пуды. Напэўна, за месяц. Я тады малая была, дык надта ня помню. Потым, як пераварот зрабіўся, падзялілі гэтым батракам, якія рабілі ў пана, гэтую зямлю. Гаспадару колькі сям’і, столькі гектараў давалі. Гэта я помню”.

Карэспандэнт: “Які быў дом у пана? Вялікі? Маленькі?”


Ядзьвіга: “Цяпер будуюць лепшыя, чым у таго пана было. І прыгажэйшыя, чым у пана. Сад быў велічэзны. Было вялікае, як кажуць, “абшчажыціе”, батракі жылі. Батракамі мае бацькі былі. І нас чацьвёра было ў бацькоў. Дык жылі. Што там засталося? Сьпярша, як пераварот быў, дык ваеншчына займала. І ваеннае начальства ў гэтым доме, у пакоях памяшчаліся. Тут ваешчыны некалькі гадоў было”.

Карэспандэнт: “А калектывізацыю помніце?”


Ядзьвіга: “Калгасы як пачаліся, я ўжо большая стала. Ужо стала хадзіць і рабіць з мамаю ў калгас. Гэта, мусіць, у 37-м годзе нейкая высылка была. Павысылалі, і ніхто ня ведаў, дзе яны”.

У размовах са старымі ніколі ня ведаеш, чым можна выклікаць трагічную эмоцыю на ўзроўні плачу. Часам самым бяскрыўдным пытаньнем.

Ядзьвіга: “Выгадавала шасьцёра дзяцей”.

Карэспандэнт: “А колькі ўнукаў у вас?”


Ядзьвіга: “Унукаў у мяне дванаццаць. Праўнукаў дванаццаць. І прапраўнучка. Хутка другое будзе”.

Карэспандэнт: “Што трэба рабіць, каб так доўга жыць?”

Ядзьвіга: “Што трэба рабіць? Трэба працаваць! Трэба, каб усе мышцы распрацоўваліся. У калгасе мала мы рабілі? Нават па сем дзён дарма. Ніхто не плаціў нам нічога. Вось як жылося. А потым якія падаткі накладалі. Плацілі ўсё. А цяперака жыцьцё маладым — рай. Цяперака маладыя павінны саблюдаць усё, што кажуць. Слухаць. Цяперашняе жыцьцё райскае! Кажуць, на тым сьвеце рай. Вось цяперака рай”.

На вечарыне памяці шмат слоў прагучала пра старую Літву. Пра паўстанцаў 1831-га. І, вядома, пра Адольфа Янушкевіча. Асоба гэтага чалавека, паэта, паўстанца, дасьледніка Казахстану і Кіргізіі, заслугоўвае нашмат большай увагі і памяці, чым цяпер.

Скончылася імпрэза пад гукі дуды і вершы Юліюша Славацкага. Які, натхнёны Янушкевічам, напісаў гімн Літоўскага легіёну. Выканаў стары гімн менскі дудар і батлеер пан Скіргайла.

“Літва жыве! Літва жыве!
І слонца шле ёй промні хвалы,
І столькі сэрц для Краю б’ецца!
І столькі сэрцаў біцца перастала”.