Кніга году — “Галяграма” Віктаровіча

czerniec

У Менску зьявіліся й перажываюць жвавы росквіт платныя курсы беларускае мовы.

Прычына гэтага — фэнамэнальны посьпех дэбютнага рамана Марціна Віктаровіча “Галяграма”. Суайчыньнікі ймкнуцца прачытаць ды зразумець бэстсэлер на мове арыгіналу. Пасьля выбуху ўхвальных водгукаў на “Галяграму” ў ЗША зьявіўся быў расейскі пераклад, што ў сваю чаргу стымулявала рост продажаў кнігі й на радзіме аўтара.

“Гэта насамрэч галяграфічная выява жыцьця беларускага народу, але й погляд далей — празь Беларусь на ўсё чалавецтва. Аўтар нібыта зазірнуў, няхай мімаходзь, у кожную хату й у кожнае сэрца”, — паведамляе рэцэнзія ў “Нью-Ёрк Пост”. Г. Г. Маркес заявіў у інтэрвію: “Вы чакаеце параўнаньня з магічным рэалізмам? Не! Тут рэальная магія слова: альхемічны эліксір, які перапаўняе ёмішча кнігі; здаецца, раптам прарве папяровую плаціну й ператворыць нашае віртуальнае йснаваньне ў сапраўднае чалавечае жыцьцё”.

Вялікі калюмбіец прызнаўся, што ўжо пачаў вывучаць беларускую мову, каб уласнаручна перакласьці шэдэўр на гішпанскую. М. Віктаровіч гэтым часам жыве ў г. Хойнікі. Адносна творчых плянаў паведамляе, што зьбіраецца паступіць на працу аграномам у адну з раённых гаспадарак:

“Я спадзяваўся перавярнуць зямлю, а атрымалася толькі здрыгануць паветра. Падбаю, каб пазнаць зямлю лепш”.