Год Фрацішка Багушэвіча

chareuski

Гэты год быў годам вялікіх надзей і добрых неспадзяванак. Аднавіліся нашыя старыя трывалыя повязі, якія былі ўжо пачалі слабнуць. Усё стала ясьней. У беларушчыны знайшлася, нарэшце, воля. Новае перавыданьне слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча, 1870 году, сталася добрым знакам. Помнікі гэтаму геніяльнаму дзеячу беларушчыны неўзабаве паўстануць у Менску, Маладэчне, але перадусім у Мсьціславе, які сёлета набыў іншы статус. Стварэньне мсьціслаўскага архітэктурна-археалягічнага запаведніка стала адной з самых важных падзеяў году.

Вялікія мерапрыемствы й сьвяточныя імпрэзы на 170-я ўгодкі нараджэньня Францішка Багушэвіча й 110-я — ягонага сыходу сталіся сапраўдным трыюмфам нашага духу. Выстава ў Палацы мастацтваў нагадала мне зорныя часы беларушчыны напрыканцы 1980-х. 100 гадоў давялося чакаць перавыданьня факсыміле ягоных тэкстаў, у арыгінальным ягоным правапісе! Нарэшце і ў сталіцы паўстаў помнік славутаму абуджальніку народу. Хоць, як па мне, то самы лепшы ўсё ж помнік Багушэвічу зрабіў Заір Азгур. Але памяць жыве ня ў помніках. А ў вернасьці Багушэвічавым запаветам. Не пакінулі мовы нашай беларускай і ня ўмёрлі! Што ж да Багушэвічавай лацінкі, то гэта справядлівая, належная даніна нашай традыцыі. Цяпер гэта нармальна. Бо той недарэчны разнабой у лацінічных напісаньнях нашых адрасоў і назваў, што панаваў паўсюдна, ад картаў да візытак, ад дарожных паказальнікаў да іншамоўных подпісаў у кнігах, нарэшце, пераадолены. Мы з даробкам лацінкі Дуніна-Марцінкевіча, Каліноўскага і Багушэвіча не адрываемся ні ад чога, не набліжаемся ні на які Захад, а набліжаемся да ўласнае ж, спрадвечнае традыцыі. Балазе, гэта пакрысе даходзіць і да ўсіх.

Гэты год прайшоў пад знакам цяпла. Хіба ніхто зь беларусаў ужо не прыгадае такіх цёплых гадоў. Яшчэ колькі пройдзе часу, і мы будзем расьціць пэрсікі. Ужо сёлета на Берасьцейшчыне сабралі рэкордны ўраджай вінаграду. Таму, падымаючы бакалы з добрым беларускім віном, варта выпіць за наш багаты ўраджай на ўсіх нашых нівах! Тое, што мы запачаткавалі ў гэтым годзе, будзе трываць доўга.