Аднаўленьне палаца Агінскіх

dasha-lis

Так сталася, што нарадзілася і жыву ў мястэчку Залесьсе на Гарадзеншчыне… Так сталася, што менавіта тут пражыў дваццаць цікавых год на пачатку 19 ст. палітык і кампазытар Міхал Клеафас Агінскі... І менавіта тут напісаў свой знакаміты палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”.

Стары палац роду Агінскіх патанае ў сьнезе. Забіты (дошкамі), забыты (людзьмі), закінуты (дзяржавай). Сьцены і дах — тое, што ад яго засталося. Дах — гэта надзея. Надзея на ажыўленьне пасьля стадыі бясконцай рэстаўрацыі… Надзея на рэстаўрацыю, а ня хуткасны эўрарамонт а-ля Нясьвіж…

Ноч. Дрэвы старога парку выгінаюцца пад ветрам у жахлівых танцах… Месяц сьвеціць у забітыя дошкамі вокны палаца… Прывід князя Міхала сеў у прывідны фатэль, запаліў вогнішча ва ўяўным каміне і… застаўся. Маёнтку патрэбен гаспадар. Маёнтак стаміўся ад прыхадняў.

Палянэз — сэрца Беларусі. І яму балюча…

Зьявіўся добры гаспадар у маёнтку Агінскіх, які адновіць выкшталцоны стыль былых Паўночных Афінаў, — вось пра гэта было б цудоўна напісаць напрыканцы 2010 году!

Цуды час ад часу здараюцца… На іх нельга разьлічваць, але можна — верыць!