Купалінка — гэта брэнд!


ku-palinka

Ну вось і прыйшоў час падсумаваць вынікі 2010 году ў ЖЖ.

За гэты час узьнік Топ-tut.by па беларускіх блогах, паводле якога я ў першым тузіне зорак беларускага байнэту. Як і прынята сярод зорак, я магу напісаць у ЖЖ любую лухту кшталту “Ё-маё” — і абавязкова атрымаю 300 камэнтаў да гэтага посту.

Як і раней, у маім ЖЖ людзі аддаюць перавагу фоткам і практычна ігнаруюць тэксты, нягледзячы на тое, што я не фатограф і не фотамадэль таксама.

Тэсты ў маім ЖЖ і на сайце часопіса “ПрайдзіСьвет”, як і год таму, займаюць адметнае месца. За гэты час выйшла 12 нумароў часопіса, у якім я вяду рубрыку “Стыль”.

У конкурсе “Міс блог 2010” я перамагла ў намінацыі “Рэтра-глямур беларускай блогасфэры”.

Паколькі я зорка бывалая, мне ўсё цяжэй змагацца за месца ў рэйтынгу і ў вашых думках з маладымі і амбітнымі энтузіясткамі-нэафіткамі. Таму ўсё часьцей у маім ЖЖ можна сустрэць допісы з назвамі кшталту “Купалінка ў купальніку”.

Мяне нават запрасілі зьняцца ў рэкляме бялізны “Купалінка”.

Адкрыю вам таямніцу посьпеху: быць сабой і ў той жа час унікальнай вельмі лёгка, калі ты пішаш па-беларуску.

З Новым Годам, фрэнды!!! Сябры, з Калядамі!!!