Мястэчка Германавічы Шаркоўшчынскага раёну

Ада Райчонак у культурна-асьветніцкім цэнтры імя Язэпа Драздовіча

Шыльда свабоды
Мястэчка Германавічы Шаркоўшчынскага раёну,
Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча

Гэты цэнтар, які заснавала выдатная грамадзкая дзяячка Ада Райчонак, — асяродак свабоднай думкі і свабоднай творчасьці.
У цэнтры мястэчка Германавічы ў звычайным вясковым будынку знаходзіцца культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча. У ім — невялікі музэй, мастацкая галерэя і маленькая заля, дзе адбываюцца выступы беларускіх паэтаў, бардаў, мастакоў, навукоўцаў. Тое, што гэта культурны цэнтар, ведаюць усе ў Германавічах. Гэтаксама і тое, што будынак выкуплены ва ўласнасьць пэнсіянэркай Адай Райчонак. Але абазначыць яго гаспадыня ня можа, — кажа мастак Ігар Марачкін, сябра суполкі «Пагоня»:

«Мы ёй прывезьлі герб „Пагоня“, адліты з гіпсу. Яна хацела павесіць яго на свой музэйчык, напісаць назву музэю. Аднак мясцовыя ўлады афіцыйна не прызнаюць гэтага музэю, хоць ён зарэгістраваны як культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча. Ніякіх шыльдаў ёй не даюць павесіць на яе ж прыватны будынак, каб абазначыць яго».

Вяскоўцы бітком запаўняюць залю музэю, калі тут адбываюцца сустрэчы з творцамі. Людзі прыходзяць, каб пачуць свабоднае слова, пагаварыць пра гістарычны і сучасны лёс Беларусі. Вось гэта і не падабаецца ўладам.

Ада Райчонак — былы вязень Віцебскага гета, колішняя настаўніца расейскай мовы і літаратуры, маці, якая страціла маладога і таленавітага сына, руплівая сялянка зь немалой гаспадаркай — у асьветніцкую і грамадзкую дзейнасьць прыйшла ўжо немаладой. Выказваць свабодна і сьмела свае думкі навучылася ў сталым узросьце, пераняла гэта ад маладых, — кажа Ігар Марачкін, які пазнаёміўся зь ёй на пачатку 1990-х гадоў, калі разам з Хведарам Ладуцькам афармляў у Германавіцкай школе музэй:

«Падчас нашых гамонак, а мы ўжо былі даволі свабодалюбныя людзі, пачыналі ёй пра Беларусь праўду расказваць. Яна працавала настаўніцай, і гэтыя тэмы там былі абсалютна закрытыя. І яна на нас глядзела зьдзіўленымі вачыма: як мы можам пра ўсё гэта спакойна гаварыць? Пасьля гэтага і адбыўся ў яе пералом. Яна пасьля нам сказала, што мы і стварылі зь яе тую фігуру, якой яна цяпер стала. Пасьля мы ўжо адзін другога падсілкоўвалі энэргетыкай творчасьці і свабоды, бо ў нас былі агульныя інтарэсы — музэйная справа і спадчына Язэпа Драздовіча».

Цяпер Аду Райчонак называюць маці ўсіх пленэраў, якія тут яна штогод арганізоўвае, запрашаючы на іх ня толькі беларускіх мастакоў, але і творцаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расеі. Да яе едуць, едуць на выспу свабоды ў беларускай глыбінцы. І ўжо ў яе вучацца свабодзе.

Гэтымі справамі Ада Райчонак зьдзяйсьняе сваю мару, якую выказала ў 1997 годзе ў эфіры Радыё Свабода:

«Я веру, што прыйдзе час, і мая краіна Беларусь стане вольнай і дэмакратычнай, што шчасьлівыя людзі будуць радасна сьмяяцца і радавацца жыцьцю. А пакуль што гэта мара, у зьдзяйсьненьне якой я вельмі веру».