Вёска Гарошкаў Рэчыцкага раёну

Шыльда свабоды
Вёска Гарошкаў Рэчыцкага раёну, дом, дзе нарадзіўся і жыў Анатоль Сыс
У двары гэтага дома з 2006 году штогод на дзень нараджэньня паэта Анатоля Сыса ладзяцца вольныя сьвяты беларускай паэзіі і бардаўскай песьні.
«Дух — гэта, людзі, я!» — пад гэткай назвай у Гарошкаве, роднай вёсцы Анатоля Сыса ў Рэчыцкім раёне, штогод пры канцы кастрычніка, да ягонага дня народзінаў, ладзіцца сьвята паэзіі і бардаўскай песьні.

Бацькоўская хата культавага паэта канца ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя ня можа ўмясьціць дзясяткі гасьцей з усёй Беларусі і яшчэ болей мясцовых жыхароў, якія зьбіраюцца, каб ушанаваць свабодалюбнага паэта, чалавека, патрыёта Беларусі. А ўлады ўпарта не пушчаюць іх у мясцовы дом культуры. І беларускае слова пад бел-чырвона-белымі сьцягамі гучыць на панадворку Сысовай хаты, аточанай міліцыянтамі і чужынцамі ў цывільным.

Паэт Міхась Скобла кажа, што Анатоль Сыс міталягізаваў Гарошкаў, ператварыў яго ў знакавае паселішча на мапе Беларусі:

«З Гарошкава я і Пакацігарошак», — казаў паэт і працягваў агарошваць сваім Гарошкавам знаёмых і сяброў. Паводле Анатоля, першую выяву «Пагоні», гліняную, знайшлі менавіта ў Гарошкаве на гарадзішчы мілаградзкай культуры. Ён сам яе і раскапаў. А гарошкаўскі дзед Грынця памятаў Францішка Багушэвіча, хоць і быў кантужаны пад Бэрлінам. І цяпер ужо ўдзячны Гарошкаў складае міты пра свайго паэта«.

Анатоль Сыс быў адным з стваральнікаў легендарнага літаратурна-палітычнага аб’яднаньня «Тутэйшыя», арганізатарам першага публічнага адзначэньня «Дзядоў» з выразным антыкамуністычным патасам. Яму балела за Беларусь, і галоўным сэнса-вобразам вершаў Сыса было слова «кроў», — кажа паэт Анатоль Вярцінскі:

«Яно сочыцца калі ня ў кожным другім, то ў кожным трэцім вершы. Можна меркаваць, што паэт адзначае сваю кроўную повязь з роднай зямлёй, з радзімай, зь яе людам. Для Сыса паэзія — не старажытная гульня ў словы, а самаахвярная кроўная справа. Крывавым сьледам пазначаны ўвесь гістарычны шлях беларускай літаратуры».

Паэт, бард Эдуард Акулін верыць, што сьвята ў Гарошкаве ў памяць Анатоля Сыса стане агульнанародным:

«І аднойчы, у залацісты ясны дзень, на сьвяце ў Гарошкаве будзе выступаць і беларускі прэзыдэнт. Той прэзыдэнт будзе так любіць нашу Беларусь, як любіў яе Анатоль Сыс. І той беларускі прэзыдэнт будзе чытаць вершы Анатоля на памяць, як, напрыклад, на Шаўчэнкаўскіх сьвятах вершы Тараса Шаўчэнкі чытае прэзыдэнт Віктар Юшчанка».

У Гарошкаў варта прыехаць ня толькі ў кастрычніку, як і вершы паэта Анатоля Сыса варта чытаць ня толькі раз на год.