Шыльда свабоды
Маладэчна, вуліца Францішка Скарыны, 19
З 1982 да 1990 году ў гэтым будынку месьцілася суполка патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка» — асяродак беларускай культуры і вольнай думкі.
З 1982 да 1990 году ў гэтым будынку месьцілася суполка патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка» — асяродак беларускай культуры і вольнай думкі.
Людзям спадабалася, і вакол Казлоўскага на любові да беларушчыны аб’ядналіся каля паўтара дзясятка маладых людзей. Для сваіх мерапрыемстваў яны аформілі адзін з пакояў інтэрнату заводу «Спадарожнік» у нацыянальным стылі і назвалі яго «Беларускай хаткай». На літаратурныя вечарыны, актуальныя дыскусіі, сустрэчы зь пісьменьнікамі, артыстамі прыходзілі дзясяткі людзей. Заўважыла суполку і ўлада, і ня толькі гарадзкая, — кажа Міхась Казлоўскі:
«Памяшканьне было вялікім. Купленыя былі сталы, крэслы ў беларускім стылі. Сьцены былі аформленыя стэндамі пра беларускую гісторыю, літаратуру, мастацтва, культуру. У цэнтры — партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тут жа герб „Пагоня“, перамаляваны зь нейкай працы Міколы Купавы. Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся пазьней, недзе ў 1989 годзе. Тады са сьвітай да нас завітаў старшыня Вярхоўнага Савету Георгі Таразевіч. І ён вельмі разумна паставіўся да таго, што ў нас віселі бел-чырвона-белыя сьцягі і герб „Пагоня“. Нас сабралася чалавек сорак. Ён сказаў, што пытаньне сымболікі трэба разглядаць, будзем думаць».
А адчынілася «Беларуская хатка» ў 1982 годзе вечарынай, прысьвечанай Максіму Багдановічу. З дакладам выступаў гісторык-дысыдэнт Мікола Ермаловіч. Зрэшты, ён і яшчэ адзін мясцовы дысыдэнт, краязнавец Генадзь Каханоўскі заўсёды былі побач з патрыятычнай моладзьдзю.
Суполка пашырала справу. Яшчэ ў двух пакоях разьмясьцілі мастацкую гасьцёўню Язэпа Драздовіча і літаратурны музэй Уладзімера Караткевіча. Выпускалася насьценная газэта «Беларус», ладзіліся для ўсяго гораду «Купальлі». «Беларускую хатку» мясцовая інтэлігенцыя лічыла асяродкам беларускай культуры і вольнай думкі. І калі на яе аснове паўстала аб’яднаньне «Крывіч», вакол яго згуртаваліся больш за паўсотні актывістаў.
Спыніла існаваньне суполка натуральным чынам. Хтосьці пайшоў у палітыку, хтосьці пакінуў горад, хтосьці заняўся іншымі справамі. Міхась Казлоўскі піша кнігі, выдае альманах «Куфэрак Віленшчыны» — працягвае сваю справу і справу свайго слыннага папярэдніка, краязнаўца Генадзя Каханоўскага.