Да Міцкевіча на Каляды

Каля помніка Адаму Міцкевічу ў Менску адбылася сьвяточная імпрэза з нагоды 211-х угодкаў паэта, якія адзначаюцца 24 сьнежня. Гэта штогадовая ўрачыстасьць, якую напярэдадні Раства Хрыстовага праводзіць каталіцкі касьцёл у Беларусі. Каталіцкія герархі, а таксама прадстаўнікі амбасадаў цытавалі Адама Міцкевіча і віншавалі прысутных з Калядамі.
Малітва ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены і шэсьце да помніка Адаму Міцкевічу адкрылі сабою сьвяткаваньні.


Перадвігільная імша ў Чырвоным касьцёле

Іх прадоўжылі калядныя сьпевы і сьвяточная прамова аднаго з арганізатараў сьвята, айца Ўладыслава Завальнюка:

Каляднае шэсьце з Чырвонага Касьцёла да помніка Адаму Міцкевічу ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка.

Удзельнікі шэсьця ў сквэры Адама Міцкевіча

«Па-першае, Божага нараджэньня ўсім шанавальнікам Адама Міцкевіча. Сёньня менавіта яго дзень нараджэньня, і дзякуем добраму Богу, што мы тут, у сквэры Адама Міцкевіча, можам адзначаць гэты дзень».

Your browser doesn’t support HTML5

Імпрэза ў гонар Адама Міцкевіча


Прамаўляе Ўладзіслаў Завальнюк
У імпрэзе ў гонар Адама Міцкевіча ўзяў удзел таксама дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка, які шмат і вольна цытаваў паэта ды віншаваў людзей з надыходам сьвята.

Выступае Антоні Дзям’янка.

Таксама слова бралі дарадца амбасады Ўкраіны Алеся Юрчанка і дарадца амбасады Польшчы Веслаў Раманоўскі, які, у прыватнасьці, сказаў:

«Браце Адаме, мы твае браты, духоўныя спадкаемцы. Мы памятаем пра тваё пасланьне, што свабода не зьяўляецца дарам зь неба, што свабода — гэта наш штодзённы абавязак».

Веслаў Раманоўскі.

Дзеці з парафіі ў Беняконях Воранаўскага раёну прывезьлі да помніка паэту сена, скошанае на тых палях, па якіх Адам Міцкевіч бегаў у дзяцінстве. Гэтае сена разам са сьвечкамі, запаленымі ад лямпады з Бэтлеемскім агнём, удзельнікі імпрэзы панесьлі да сваіх дамоў. Людзі таксама дзяліліся аплаткамі, складалі адно аднаму калядныя пажаданьні ды ахвотна размаўлялі з карэспандэнткай «Свабоды»:

Спадарыня: «Калі ў мяне сёньня спыталіся, куды я пайду, то я сказала, што мяне Адам Міцкевіч запрасіў на дзень народзінаў. Усе зьдзівіліся — як?! А я кажу, што я ягоная прыхільніца».

Спадарыня: «Дзякуючы яму мы можам сабрацца тут перад такімі вялікімі сьвятамі, як Раство Хрыстова і Новы год. Гэты вялікі чалавек хацеў, каб мы жылі годна і прыгожа і каб нас ведала ўся Эўропа».

На заканчэньне біскуп Антоні Дзям’янка павіншаваў удзельнікаў імпрэзы з надыходам сьвята Раства Хрыстовага і Новым годам:

«Няхай дзіцятка Езус благаславіць вас у штодзённай працы і ў жыцьці асабістым. Няхай тое добрае і шляхетнае, што ёсьць у вашых сэрцах, будзе рэалізаванае ў новым і невядомым для нас 2010 годзе».

Лямпаду з Бэтлеемскім агнём, які дагэтуль гарэў толькі ў катэдральным саборы, прымае пробашч касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладзіслаў Завальнюк (справа).

Сёньня позна ўвечары ва ўсіх каталіцкіх, пратэстанцкіх і ўніяцкіх храмах Беларусі пройдзе вігілія Божага нараджэньня. Тэлетрансьляцыя ўрачыстай літургіі на дзяржаўным тэлебачаньні сёлета будзе весьціся з архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску. Таксама пакажуць сьвяточную імшу з Ватыкану, якую ўзначаліць папа рымскі Бэнэдыкт ХVІ.