Сёньня сустаршыня палітрады АДС Анатоль Лябедзька атрымаў афіцыйны ліст з Савету Рэспублікі. Старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве вышэйшай палаты Нацыянальнага сходу спадар Сьмірноў паведаміў: прапановы АДС аб зьмяненьнях выбарчага заканадаўства будуць вывучацца камісіяй.
Спадар Лябедзька ў размове са "Свабодай" сказаў, што ён і ня памятае, калі раней афіцыйныя ўлады такога роўню адказвалі апазыцыі. Праўда, Савет Рэспублікі ўжо аднагалосна зацьвердзіў зьмены і дапаўненьні да выбарчага заканадаўства, па якім будуць праводзіцца мясцовыя выбары ў красавіку 2010 году. Таму пра новыя зьмены можна казаць толькі ў вялікай пэрспэктыве.
Анатоль Лябедзька: "Спадарыня Ярмошына казала, што новыя зьмены будуць уносіцца ў Выбарчы кодэкс ня хутка. Таму нічога рэальнага ад абяцаньняў Савету Рэспублікі блізкім часам мы не чакаем".