Якія эканамічныя захады прапаноўвае новы міністар эканомікі Мікалай Снапкоў? Якімі мэтадамі — рынкавымі альбо адміністратыўнымі — ўлада будзе імкнуцца дасягнуць выкананьня прызначаных Лукашэнкам парамэтраў разьвіцьця на наступны год? Ці рэальна дасягнуць сярэдняга заробку 500 даляраў да канца 2010-га? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамісты Яраслаў Раманчук і Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў: Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, выступаючы 22 сьнежня падчас паседжаньня ўраду, прапанаваў некалькі рашэньняў, якія мусяць прывесьці да выкананьня парамэтраў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны ў 2010 годзе. Сярод іншага Снапкоў заявіў, што Мінэканомікі прадоўжыць работу па лібэралізацыі мэханізму цэнаўтварэньня. Міністар таксама казаў пра неабходнасьць пашырыць прыватызацыю. Яраслаў, ці ўразіў вас новы міністар, ці можна спадзявацца, што гэты чалавек будзе праводзіць больш рынкавыя эканамічныя рашэньні?
Разуменьне таго, што нешта трэба зьмяняць — ёсьць.
Раманчук: Ёсьць словы, а ёсьць дзеяньні. Пачакаем, што будзе Мінэканомікі рабіць. У мяне ёсьць інфармацыя наконт таго, што там адбываецца ўнутры. Акрамя таго, што ёсьць загады наконт лібэралізацыі, — ёсьць таксама ідэі здымаць дырэктараў, калі яны ня будуць выконваць паказьнікі.
Хто б ні быў на месцы міністра эканомікі, першае, што ён мусіць сказаць — гэта заявіць, што забясьпечыць рост ВУП 11-13 працэнтаў у наступным годзе — гэта нерэальна...
Цыганкоў: Яраслаў, але ён на наступны дзень пасьля гэтага будзе зьняты з пасады.
Раманчук: Я і кажу, што чалавек з прафэсійнымі ведамі, які добра разумее эканоміку Беларусі, ведае сытуацыю на нашых асноўных рынках, ня можа казаць, што мы можам выканаць гэтыя паказьнікі. Што да Снапкова, то скажу, што ён даў загад, каб рыхтавалі дакумэнты па ўтварэньні міністэрства па зьнешнеэканамічных сувязях, якое б жорстка кантралявала экспарт і імпарт. Такім чынам, з аднаго боку — дэклярацыі, зь іншага — загады, якія ён выдае ўнутры міністэрства. Я лічу, што гэты чалавек будзе працаваць на гэтай пасадзе да прэзыдэнцкіх выбараў, ён пастаўлены сюды часова, і ніякіх прарываў ад яго чакаць ня варта.
Цыганкоў: Удакладню тое, пра што казаў Яраслаў наконт кіраўнікоў прадпрыемстваў. Снапкоў сапраўды прапанаваў для ўзмацненьня адказнасьці дырэктараў прадпрыемстваў у кароткія тэрміны перазаключыць з кіраўнікамі кантракты з тэрмінам заканчэньня 1 студзеня 2011 году. У новых кантрактах, адзначыў Снапкоў, неабходна прадугледзець абавязацельствы па выкананьні тэмпаў росту вытворчасьці, выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг, экспарту, заробку, які, нагадаю, павінен стаць 500 даляраў да канца 2010 году. Спадар Злотнікаў, як дырэктары будуць выкручвацца з такой сытуацыі?
Злотнікаў: Вядома, яны будуць спрабаваць выканаць гэтыя паказьнікі. Але ад іх ня так і шмат залежыць. Становішча цяжкае, абаротныя сродкі зьедзеныя на амаль палове прадпрыемстваў Беларусі, прадукцыя ня знойдзе большага попыту, у іх ня будзе такіх даходаў, каб даць працаўнікам такія заробкі.
Урэшце, ад міністра эканомікі ня так шмат і залежыць. Размовы пра лібэралізацыю мы чуем ужо больш году, але нічога істотнага не адбываецца.
Цыганкоў: Міністар казаў пра лібэралізацыю цэнаўтварэньня. Яраслаў, ці лічыце вы, што ў Мінэканомікі ёсьць разуменьне, што трэба адмяняць шматлікія камітэты па цэнаўтварэньні, якія існуюць у міністэрствах і на прадпрыемствах? Ці дасьпела да гэтага ўлада?
Раманчук: Снапкоў таксама не зваліўся зь неба. Да міністра ён працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, добра ведае, як рыхтаваўся, напрыклад, дакумэнт наконт лібэралізацыі цэнаў. Разуменьне таго, што нешта трэба зьмяняць — ёсьць. Разуменьне, што ня трэба ажно занадта «калбасіць» малы бізнэс і прадпрымальнікаў — ёсьць.
Але, напрыклад, Снапкоў ня выказаўся за тое, што трэба падрыхтаваць праект дакумэнту, што мы адразу лібэралізуем усе цэны, акрамя паслугаў і тавараў манапалістаў. Не сказаў, што беларускія вытворцы будуць вольныя ў тым, якія цэны ўсталяваць.
Таму разуменьне прыходзіць, але яно прыходзіць праз боль. Мы трацім рынкі, час, трацім абаротныя сродкі. І Снапкоў добра вельмі зрабіў бы, каліб пачаў казаць праўду. Я маю даклад, які падрыхтавала Міністэрства эканомікі яшчэ напрыканцы лістапада. І вельмі многія высновы гэтага дакладу супадаюць з маім пунктам гледжаньня і з аналізам, што рост эканомікі на 10-13 працэнтаў немагчымы ў наступным годзе.
Купляйце беларускае, бо горш будзе
Цыганкоў: Напрыклад, дзяржава праводзіць лібэралізацыю цэнаў, але пры гэтым працягвае змагацца з імпартам. Беларускія вытворцы проста павысяць свае цэны, бо канкурэнцыі з боку імпарту няма?
Раманчук: Так і будзе. Да таго ж нагадаю, што Нацбанк зьбіраецца павялічваць грашовую масу на 40 працэнтаў, што безумоўна прывядзе да росту цэнаў. А паколькі ёсьць загад «купляць беларускае», то гэта азначае, што з кішэняў спажыўцоў выцягнуць яшчэ больш грошай за тыя самыя тавары.
Цыганкоў: Такім чынам, лібэралізацыя цэнаў — прагрэсіўны крок толькі на палову. А другой паловы — лібэралізацыі зьнешняга гандлю, адсутнасьці змаганьня з імпартам — гэтага няма.
Злотнікаў: Адразу адзначу, што пакуль ня зроблены і першы крок — гэта толькі размовы. Па-другое, я цалкам пагаджаюся з Раманчуком пра шкодны ўплыў абмежаваньня імпарту. Гэта адаб’ецца ня толькі на росьце цэнаў, але і на страце канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі. Як я гэта разумею, ніякіх кардынальных пераменаў у стратэгіі эканамічнага разьвіцьця краіны няма. Год мы гаворым наконт гэтага, але топчамся на адным месцы. І маё меркаваньне — ня будзе зрухаў і надалей.
Лепш бы ўлады сказалі, што заробак будзе паўтара мільёна рублёў, а не 500 даляраў.
Злотнікаў: Прывяду адзін прыклад. Прадпрыемствы міністэрства прамысловасьці атрымліваюць свае заробкі за кошт банкаўскіх крэдытаў. І калі яны будуць атрымліваць свае заробкі і далей такім чынам, гэта прывядзе да інфляцыі. Заробкі могуць павялічыцца, але ў беларускіх рублях, а не ў далярах. У выніку інфляцыі беларускі рубель будзе падаць у адносінах да даляра.
Цыганкоў: Ну вось такая схема. Беларускія банкі бяруць крэдыты ў замежных банкаў, яны ідуць на прадпрыемствы, а тыя выдаюць з іх заробкі. І так дасягаецца заробак 500 даляраў...
Раманчук: Так, будзе загад выдаваць грошы. Але адкуль яны возьмуць? Сёлета дэфіцыт ліквіднасьці банкаўскай сыстэмы перавышае 20 трыльёнаў рублёў. Адкуль браць грошы? Так, расейскі «Сбербанк» можа даць. Але ён дасьць толькі пад заклад акцыяў. А гэта азначае, што праз год гэтыя прадпрыемствы будуць у руках «Сбербанку». Спадар Грэф ня будзе датаваць сацыяльныя праграмы, стратную прамысловасьць — ня яго нашы загады ня будуць распаўсюджвацца.
Лепш бы ўлады сказалі, што заробак будзе паўтара мільёна рублёў, а не 500 даляраў. Тады яны маглі б надрукаваць грошай, адпусьцілі б цэны, і камуналка каштавала б не 150 тысяч, а 300. Але 500 даляраў — гэта цалкам нерэалістычная рэч.
Вядома, улады могуць зрабіць маніпуляцыі з статыстыкай — калі ў Лукашэнкі даяркі ўжо «атрымліваюць» 800 даляраў. Толькі так можна гэта выканаць. Калі прамысловасьць не зарабляе грошы, адкуль яна можа ўзяць такія грошы на заробкі?
Злотнікаў: Дадамо адзін факт. З наступнага году Расея можа ўвесьці экспартны мытны тарыф на 60-70 працэнтаў той нафты, якая ідзе ў Беларусь з Расеі. І гэта дадаткова забярэ з краіны каля 2,5-3 мільярдаў даляраў. Гэта азначае, што ў наступным годзе ня будзе таго прытоку валюты, які быў сёлета. Таксама ня варта спадзявацца, што прыватызацыя дасьць вялікія грошы. Прыток валюты ў Беларусь будзе меншы — і выканаць абяцаньне ў 500 даляраў немагчыма.