У галерэі “Ў” прэзэнтавалі новую кнігу літаратара Ўладзімера Сіўчыкава “Бюв@р”. Чаму кніга называецца на францускі манер, адкуль паходзіць ідэя кнігі і як выглядае эпісталярны жанр у кантэксьце сучасных тэхналёгіяў, Радыё Свабода спыталася ў аўтара.
Карэспандэнтка: Першае пытаньне, мусіць, ува ўсіх узьнікае: адкуль такая назва?
Сіўчыкаў: У мяне ў свой час, калі я быў яшчэ філёлягам, нарадзілася ці выхавалася вялікая любоў і цікавасьць да слоўнікаў. Гэта было і заўсёды застаецца адным з маіх любімых заняткаў як літаратара, філёляга – гартаньне слоўнікаў. Па адно слова туды палезеш, а пакуль яго знойдзеш, дык яшчэ дзесяць зачэпіш. Нават у мяне была папка гадоў 15-20 гадоў назад – якая менавіта так і была названая. А ў той папцы былі складзеныя лісты, паштовая папера, старое ліставаньне...
Карэспандэнтка: І гэтая папка называлася “Бювар”?
Сіўчыкаў: Так, гэтак папка й называлася. Слова гэтае, як можна здагадацца, францускае паводле паходжаньня. І яно вось акурат азначае папку, тэчку, скрынку для захоўваньня карэспандэнцыі. І ў гэтай кнізе, як у бювары, як пішу ў анатацыі, сабраны эсэ мастацтвазнаўчыя, падарожныя нататкі і гутаркі.
Карэспандэнтка: А якія найперш гутаркі вы б адзначылі? І ці маеце на ўвазе электроннае ліставаньне? Бо ў значка @, мусіць, некалькі сэнсаў?
Сіўчыкаў: Вядома, з аднаго боку тут ёсьць рэчы, напісаныя ў старадаўнім, эпісталярным жанры, традыцыйным. Гэта “Лісты да брата”, і тут я знарок у нечым пераймаю Ван Гога. Дзьве рэчы – мастацтвазнаўчае эсэ “Загадка Вінсэнта” і падарожныя нататкі пад назвай “Мюнхгаўзэнаў камень, альбо пілігрымка ў Крывію” – напісаныя ў форме маналёгу, майго звароту да брата. Трэцяя рэч – гэта гутарка, і ў вялікай ступені сапраўды электронная, бо яна вялася на Радыё Свабода і маім суразмоўцам быў Міхась Скобла.
У гэтым сэнсе значок @ сапраўды – даніна часу, нейкая інтрыга і пазнавальны знак.
Наклад мы пакуль што з маім сувыдаўцом Ігарам Логвінавым зрабілі 300 асобнікаў. Паглядзім – калі будзе карыстацца попытам, зробім дадатковы наклад. А набыць кнігу можна у галерэі-кнігарні “Ў”, у незалежных распаўсюднікаў і ў крамах сеткі “Белкніга” – у “Акадэмкнізе”, “Цэнтральнай кнігарні” і іншых.