Шыльда свабоды
Менск, вуліца Карла Маркса, 38
26 жніўня 1991 году ля гэтага будынка, у якім знаходзіўся ЦК КПБ, адбыўся масавы антыкамуністычны мітынг. Дэмакратычныя лідэры БНФ прымусілі камуністычнае кіраўніцтва вызваліць будынак і спыніць дзейнасьць КПСС на тэрыторыі Беларусі.
26 жніўня 1991 году ля гэтага будынка, у якім знаходзіўся ЦК КПБ, адбыўся масавы антыкамуністычны мітынг. Дэмакратычныя лідэры БНФ прымусілі камуністычнае кіраўніцтва вызваліць будынак і спыніць дзейнасьць КПСС на тэрыторыі Беларусі.
24 жніўня сотні людзей удзельнічалі ў пэрформансе «Пахаваньне камунізму» — па цэнтральных вуліцах сталіцы прайшла працэсія з чырвонай труной, аздобленай зоркамі. Людзі несьлі вянкі і партрэты заснавальнікаў камуністычнай ідэалёгіі.
25 жніўня амаль цалкам запоўненая людзьмі плошча Леніна бурна адрэагавала на рашэньне Вярхоўнага Савету аб часовым прыпыненьні дзейнасьці КПБ — КПСС на тэрыторыі Беларусі. А на наступны дзень бліжэй да 17 гадзінаў тысячы людзей суправаджалі дэпутатаў Сяргея Антончыка, Валянціна Голубева і Сяргея Навумчыка, якія выправіліся да будынку ЦК КПБ праверыць, як выконваецца пастанова Вярхоўнага Савету. Кімсьці кінутая фраза «ідзем выганяць нячыстую сілу» стала ляйтматывам настрою людзей, якія акружылі «цытадэль камунізму» на вуліцы Карла Маркса.
Кіраўніцтва ЦК КПБ, нягледзячы на тое, што ў будынку ўжо была адключаная ўрадавая сувязь, працягвала тым часам кіпучую дзейнасьць, — узгадвае Сяргей Навумчык:
«Разам з Сяргеем Антончыкам і Валянцінам Голубевым мы прайшлі ў будынак ЦК, каб праверыць, як выконваеца пастанова Вярхоўнага Савету аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі. І ў кабінэце першага сакратара ЦК убачылі Малафеева, які разам з паплечнікамі складаў зварот да камуністаў. «Штаб», хаця і ў абсечаным складзе, працаваў. Мы спынілі гэтую незаконную дзейнасьць. А потым разам зь Зянонам Пазьняком я спусьціўся ў сутарэньні — аказалася, што там палілі дакумэнты. Печкі яшчэ былі цёплыя. І першае, што я падняў з падлогі, — «плян стварэньня Народнага Фронту ў апярэджаньне „нефармалам“, а другое — паперы з уласнаручнымі рэзалюцыямі Машэрава. Гэтыя дакумэнты і зараз у мяне. Выглядае, як і шмат што іншае, „плян“ камуністы правалілі, мы іх апярэдзілі, ну а машэраўскія дакумэнты на сьметніку — праява стаўленьня цэкоўцаў да свайго колішняга правадыра».
Сяргей Навумчык, калі выйшаў з будынку, прадэманстраваў гэтыя дакумэнты народу пад абуральны сьвіст народу.
Так завяршылася ў Беларусі ўладарства камуністаў. Але сам чырвоны дом, у будаўніцтве якога бралі ўдзел і нямецкія ваеннапалонныя, на доўгія гады па ранейшаму застаўся цэнтрам несвабоды і таталітарызму, Відаць, не да канца выгналі тады нячысьціка.