Шыльда свабоды
Менск, плошча Бангалор
30 жніўня 1997 году на гэтай плошчы, куды з цэнтру гораду рэжым выцясьняў акцыі апазыцыі, паэт Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць удушэньня свабоды слова.
30 жніўня 1997 году на гэтай плошчы, куды з цэнтру гораду рэжым выцясьняў акцыі апазыцыі, паэт Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць удушэньня свабоды слова.
Хаця там усё ж адбыўся шэраг гучных акцыяў. Адна зь іх у абарону свабоды слова на гэтым несвабодным месцы стала нават сымбалічнай.
30 жніўня 1997 году беларускія журналісты наладзілі дэманстрацыю на знак салідарнасьці з карэспандэнтам расейскага тэлеканалу ОРТ Паўлам Шараметам, які сядзеў у беларускай турме.
У гэты дзень гэты задворак сталіцы ўвасабляў вязьніцу, а трынаццаць журналістаў, апранутых у турэмныя робы з кратамі ў руках, — яе вязьняў.
У часе дэманстрацыі паэт Славамір Адамовіч нечакана выняў з кішэні мэдычную іголку зь ніткай і зашыў сабе рот.
Паэт толькі што выйшаў з турмы, у якой ён правёў 10 месяцаў за напісаны ім саркастычны верш «Убей презідента». Славамір Адамовіч кажа, што форму пратэсту ён вынес менавіта з турмы:
“Там я пачуў пра гэта і сказаў сабе, што, на жаль, на волі, напэўна ж, гэта давядзецца скарыстаць. Акт зашываньня рота, як і лёзунг “Ня вер, ня бойся, не прасі” нарадзіў яшчэ ў 1939-я гады вялікі кантынгент савецкіх палітычных зьняволеных у якасьці, я сказаў бы, духоўнага акту супраціву”.
Гэта быў палітычны заклік да іншых не маўчаць, змагацца з дыктатурай у любы спосаб. Хаця праз гады пасьля яе Адамовіч лічыць, што верш “Убей презідента” меў большы плён:
“Верш меў свой рэзананс і, на жаль, застаецца актуальным. Ён працягвае рабіць справу. Калі актам зашываньня рота я рабіў балюча сабе, дык вершам я рабіў балюча майму палітычнаму апанэнту”.
Акцыі з удзелам Славаміра Адамовіча — шэсьце з паходнямі ў Менску 27 ліпеня 1994 году, зьезд нацыяналістаў у Віцебску 27 лістапада 1996 году, сухая галадоўка пратэсту ў турме КДБ у тым жа годзе, зашываньне рота, эміграцыя ў Нарвэгію ў 2002 годзе — мелі выразна палітычны характар. А праз гады сталі прыгожымі легендамі змаганьня за свабоду.