СНД запусьціла апошні інтэграцыйны праект

21 сьнежня 1991 году ў Алма-Аце кіраўнікі адзінаццаці дзяржаў падпісалі пратакол да пагадненьня аб утварэньні СНД. Таксама была прынятая Алма-ацінская дэклярацыя, у якой выкладаліся мэты і прынцыпы СНД. А ў мінулыя выходныя ў Алма-Аце адбылася нефармальная сустрэча шэрагу кіраўнікоў краінаў СНД. Беларусь, Казахстан і Расея дамовіліся аб стварэньні 1 студзеня 2012 году адзінай эканамічнай прасторы ў рамках Мытнага саюзу. Чым выклікана чарговая інтэграцыйная хваля?

Адзін са стваральнікаў СНД Станіслаў Шушкевіч згадвае сустрэчу ў Казахстане ў 1991 годзе:

“Калі там сабраліся, Назарбаеў вельмі хацеў, каб неяк засьвяцілася Алмата. Там быў саміт і да СНД далучыліся яшчэ астатнія рэспублікі былога Савецкага саюзу, акрамя Грузіі і краінаў Прыбалтыкі, якія ўжо выйшлі з Савецкага саюзу. Запісалі, што ўтвараюць ужо ўтвораную арганізацыю. Ані Ўкраіна, ані Расея, ані Беларусь не спрачаліся, бо далучэньне новых суб’ектаў вельмі ўздымала вагу гэтай арганізацыі”.

Цяперашні праэкт “адзіная эканамічная прастора”, паводле спадара Шушкевіча, гэта спроба ўтварыць новую структуру, падпарадкаваную Расеі. Ён называе вялікай недарэчнасьцю тое, што Беларусь у свой час пагадзілася на перанос з менскай штаб-кватэры СНД у Маскву эканамічнага камітэту.

“Зноў пачаліся дзеяньні, накіраваныя на тое, каб цэнтралізаваць усё кіраваньне эканомікай у Маскве. І цяпер робяцца такія парывы, і Масква вымушае ісьці гэтым шляхам замест таго, каб ісьці звычайным шляхам, як ішлі іншыя дзяржавы, што ўступілі ці імкнуцца ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Гэта ўсё пустыя намаганьні, якія накіраваны на тое, каб Масква была пупам зямлі на тэрыторыі былога Савецкага саюзу. Назарбаеў хоча захаваць сваю ўладу. У яго дыктатура іншая, чым у Беларусі, але таксама дыктатура. Ён хоча прыцягнуць замежныя інвэстыцыі. Але, галоўнае, хоча, як і Лукашэнка, захаваць сваю ўладу”.

Палітоляг з Казахстану Берык Абдыгаліеў называе СНД “мірным разводам”, а цяпер праяўляюцца мэханізмы збліжэньня на розных праэктах. Адносна намаганьняў стварыць мытны саюз “трох” спадар Абдыгаліеў сказаў:

“Калі посьпех гэтых краінаў будзе прыкметны, то будуць далучацца і іншыя краіны, у тым ліку Цэнтральнай Азіі і Каўказу. Усё залежыць, ці гэты саюз будзе жыцьцяздольным і як гэта паўплывае на разьвіцьцё гэтых краінаў. Фармат супрацоўніцтва на новым узроўні. І яно будзе пастаянна карэктавацца з улікам нацыянальных інтарэсаў”.

Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, мытны саюз “трох” – гэта апошняя спроба завесьці матор інтэграцыі на постсавецкай прасторы, бо рэгіён паступова распаўзаецца, унутраны гандаль скарачаецца, адбываецца эканамічнае адчужэньне. Афіцыйны Менск зацікаўлены ў найхутчэйшым стварэньні адзінай эканамічнай прасторы.

“Пачалася такая гонка, Менск увесь час падштурхоўвае партнэраў па мытным саюзе, каб максымальна хутка перайсьці да АЭП. У 2011 годзе ў Беларусі выбары. І Лукашэнку важна мець на руках вырашаныя праблемы. Таму такі ажыятаж. Але калі ў Алмаце прынялі рашэньне перайсьці да АЭП у 2012 годзе, то Лукашэнка спазьняецца. У 2012 годзе выбары прэзыдэнта ўжо ў Расеі. То бок уся гэта інтэграцыйная хваля – гэта палітычны праект”.