Шыльда свабоды
Гародня, вуліца Будзённага, 48а
У гэтым будынку з 1996 да 2003 году дзейнічала гарадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне «Ратуша» — лідэр грамадзянскай супольнасьці на Гарадзеншчыне. Ліквідавана ўладамі.
У гэтым будынку з 1996 да 2003 году дзейнічала гарадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне «Ратуша» — лідэр грамадзянскай супольнасьці на Гарадзеншчыне. Ліквідавана ўладамі.
Спачатку судзілі, ня даўшы права на абарону, старшыню аб’яднаньня Аляксандра Мілінкевіча за быццам незаконны рызограф, няправільную пячатку, ня тую сымболіку. Затым Гарадзенскі аблвыканкам і ўвогуле ліквідаваў «Ратушу».
Чым жа яна так разьюшыла ўлады?
А тым, што ад самога моманту свайго заснаваньня ў траўні 1996 году вядомымі гарадзенцамі — журналістамі, выкладчыкамі ўнівэрсытэту, бізнэсоўцамі, акторам — аб’яднаньне стала цэнтрам грамадзкай актыўнасьці на Гарадзеншчыне. Вельмі хутка яно ператварылася, па сутнасьці, у палітычны клюб розных партыйных, прафсаюзных, грамадзкіх ініцыятываў. Бадай што гэта быў у Беларусі самы моцны прыклад аб’яднанай ініцыятывы з палітычнай мэтай пабудовы незалежнай, дэмакратычнай, эўрапейскай беларускай дзяржавы.
Навуковыя канфэрэнцыі, пашырэньне інтэрнэту, выданьне невялікім накладам тых твораў, якія немагчыма было надрукаваць у дзяржаўных друкарнях, кантроль за выбарамі, дапамога ў стварэньні грамадзянскай супольнасьці ў іншых гарадах вобласьці — спэктар дзейнасьці аб’яднаньня быў вельмі шырокі. І галоўнае дасягненьне «Ратушы» яе былая каардынатарка, цяпер старшыня гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай школы Тацяна Канопкіна бачыць у зьмене сьвядомасьці людзей:
«Самыя цяжкія зьмены — гэта зьмены ў мазгах чалавечых. Калі раней людзі прыходзілі проста пакарыстацца інтэрнэтам ці чымсьці іншым, то пазьней яны ўжо былі апанаваныя ідэяй штосьці зрабіць у сваіх арганізацыях, у сваіх колах. І гэта, мне здаецца, галоўны вынік. Кола пашыраецца».
«Ратушу» зьліквідавалі, але людзі, што ў ёй працавалі, працягваюць працу дзеля дэмакратыі і свабоды ў іншых структурах, як абласных, так і агульнанацыянальных. Былы лідэр гарадзенскіх дэмакратаў Аляксандар Мілінкевіч стаў адным зь лідэраў апазыцыйных сілаў Беларусі.