Менскі гарадзкі суд адмяніў у аўторак прыгавор прадпрымальніку, сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэю Бандарэнку, якога на пачатку кастрычніка ўжо адправілі былі ў калёнію на 7 гадоў – нібыта за крадзеж маёмасьці фірмы. Справу накіравалі на перагляд назад у Першамайскі раённы суд сталіцы. Госьця “Начной Свабоды: вынікаў дня” – сястра Андрэя Бандарэнкі Ірына.
СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:
Абламейка: Што адбываецца ў бабруйскай калёніі, куды Андрэя накіравалі для адбыцьця пакараньня? Прыходзіла інфармацыя, што яго некалькі разоў зьмяшчалі ў карцэр...
Бандрэнка: Андрэя трымаюць у штрафным ізалятары і змушаюць падпісаць абавязаньне, што ён будзе выконваць правілы ўтрыманьня. І там ёсьць такія фразы, што ён адмаўляецца ад свайго злачыннага мінулага і становіцца на шлях выпраўленьня, што ён асуджае сваё злачыннае мінулае.
Таму я на яго баку – як можна падпісваць такія дакумэнты хоць бы толькі зыходзячы з таго, што ён дасюль не засуджаны, ён дасюль пад сьледзтвам. І вось праз тое, што ён не падпісвае гэтых папер, яго й трымаюць у штрафным ізалятары. Пяць сутак ён у штрафным ізалятары, на суткі яго выпускаюць, а тады зноў змушаюць падпісаць гэтыя дакумэнты – і зноў у штрафны ізалятар.
У першыя дні пасьля арышту ў траўні, цэлых пяцёра сутак, Андрэя таксама трымалі ў халоднай камэры, не давалі ні вады, ні ежы, змушаючы падпісаць дакумэнты, дзе ён бярэ на сябе віну за крадзеж грошай. Але ў часе суду так і не было даказана, што менавіта Андрэй учыніў нейкі крадзеж. Тым ня менш яго абвінавацілі па 210-м артыкуле (4 частка) Крымінальнага кодэксу РБ за “крадзеж у асабліва буйных памерах”...