18-ая кніга з сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе" – "Вольная студыя" Міхася Скоблы. 50 гутарак пра свабоду думаць, ствараць і памятаць у сучаснай Беларусі. Інтэлектуальны і эстэтычны фэст, вяршыня дзесяцігадовага радыёцыклю аўтарскіх штонядзельных дыялёгаў з выдатнымі сучасьнікамі. Запрашаем на сустрэчу з аўтарам і героямі. Прэзэнтацыя кнігі 18 сьнежня, у пятніцу, а 18:00. Менск. Палац мастацтваў. Вул. Казлова, 3
Прадмова да кнігі аўтара Міхася Скоблы.
“Адзінота не павінна быць празьмернай, – гаворыць Янка Брыль. – Хочацца часам падзяліцца думкамі, абмеркаваць нешта, хочацца, каб хто прыехаў, бо тэлефонам карыстацца мне лекары забаранілі”. Мы стаім з Іванам Антонавічам у маладым дубняку на беразе Нёмана ў Крынічным і назіраем адлюстраваны ў зацішнай затоцы лес. Промні вечаровага сонца сьлізгаюць па вадзе, і здаецца, што зялёныя на беразе дрэвы пажаўцелі на сваіх адбітках… Як быццам прырода лішні раз нагадвае людзям пра хуткаплыннасьць жыцьця, якое немагчыма спыніць, але магчыма зафіксаваць і пакінуць у гербарыях памяці ў выглядзе словаў.
Колькі было такіх сустрэчаў і размоваў пры мікрафоне! У Крынічным з Брылём, у Вушачах з Рыгорам Барадуліным, у Гудзевічах з Алесем Белакозам, у Маладэчне зь Міколам Ермаловічам, у Крынках з Сакратам Яновічам, у Горадні з Данутай Бічэль, у Варшаве зь Юрыем Туронкам, у Жыровічах зь інакам Мікалаем (Зьнічом), у Бабры з Алесем Пушкіным… Памятаюцца і больш кароткія сустрэчы ў менскіх радыёстудыях зь менчукамі: пісьменьнікамі, мастакамі, гісторыкамі, культуролягамі, палітыкамі…
За 11 гадоў у этэр выйшла больш за 500 перадачаў. У кнізе іх толькі 50. І гэта была найбольшая пакута – выбраць кожную дзясятую. Цэлы год я перачытваў знаёмыя тэксты, перабіраў, вымяркоўваў, роспачна разумеючы, што, каб выдрукаваць іх усе, патрэбен як мінімум дзесяцітомавік. Яны і цяпер не даюць мне спакою – яшчэ 450 гутарак, што так і засталіся на старых магнітафонных касэтах, на дысках і архіўных сайтах Радыё Свабода.
Пра што тыя паўсотні гутарак, што склалі гэтую кнігу? Пра свабоду і творчасьць. Пра ўладу і пакору. Пра адстойваньне праўды і пазбаўленьне ад страху. Пра найноўшыя плыні ў мастацтве і тысячагадовую Літву. Пра Біблію і рэлігійную талеранцыю. Пра нацыянальную мімікрыю і Кастуся Каліноўскага. Пра Курапаты, Хатынь, Дражна…
Калі Віктар Хурсік у адной зь перадачаў расказаў пра дражненскую трагедыю, з усёй Беларусі пачалі адгукацца людзі, паведамляць пра сваё мясцовае Дражна. Радыё мае свой жорсткі хранамэтраж, часам у этэр ішла толькі палова ці траціна запісу. Таму зьмешчаныя ў кнізе гутаркі – розныя з аб’ёму, што, вядома ж, кідаецца ў вочы. У некаторых выпадках недамоўленае патрабавала працягу, перадачы прырасталі фрагмэнтамі іншых запісаў – гэтак жалезнае пілавіньне лепіцца да магніту.
Сэнт-Экзюпэры назваў звычайную размову паміж людзьмі адзінай сапраўднай раскошай. У час эсэмэсак, мабільнікаў, мэйлаў і скайпаў асабліва разумееш, наколькі ён меў рацыю. У імклівым кругабегу дзён, у палоне электронных камунікацыйных сыстэмаў мы нячаста дазваляем сабе нясьпешнае, зацікаўленае сумоўе. Раскошу размовы. Тае, якая – сьвята і пір душы.
Адна з маіх улюбёных кніг – «Вялікая кніга інтэрвію» Іосіфа Бродзкага. Прачытаўшы 60 гутарак з нобэлеўскім ляўрэатам, я зразумеў яго паэзію.
Спадзяюся, што і гэтая кніга дапаможа вам спасьцігнуць опэрнае мастацтва Віктара Скорабагатава, распазнаць жывапісныя тайнапісы Аляксея Марачкіна і Алеся Шатэрніка, зразумець рэжысэрскае майстэрства Мікалая Пінігіна, пранікнуць у паэтычныя сусьветы Алеся Разанава, Уладзімера Някляева і Анатоля Сыса, адчуць багавейную любоў да Беларусі Паўла Севярынца…
Той, хто працуе з двухшрыфтавай клявіятурай, ведае: часам забудзеш шрыфт памяняць і друкуеш, пакуль не зірнеш на манітор, немаведама што. Лацінскі крыптанім, файлавае імя перадачы «Вольная студыя» – VS. Бывае, набіраеш VS, а атрымліваецца – МЫ, бо М знаходзіцца на адной клявішы з V, а S – з Ы. Здаецца, невыпадкова. Бо «Вольная студыя» стваралася мноствам людзей.
VS – МЫ.