Міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях кліматычных зьменаў, якую ўжо называюць наймаштабнейшымі перамовамі па гэтай тэме за ўсю гісторыю чалавецтва, пераходзіць у завяршальную стадыю. Напярэдадні чаканага падпісаньня дамовы перамовы, аднак, загрузьлі ў патавай сытуацыі.
У панядзелак прадстаўнікі шэрагу разьвіцьцёвых краінаў дэманстратыўна прыпынілі сваю працу на канфэрэнцыі. На бок “прыгнечаных” афрыканскіх народаў супраць непамерных патрабаваньняў з боку “імпэрыялістаў” нечакана сталі Кітай і Расея, якіх саміх даўно ўжо адносяць да індустрыялізаванага багатага лягеру. Гэта дало падставу Захаду абвінаваціць іх у палітычных махінацыях, а мэдыям – пачаць спэкуляваць наконт вяртаньня да парадыгмаў халоднай вайны.
Насамрэч інтрыга тут круцілася вакол грошай. Фармальнай зачэпкай паслужыла нежаданьне багатых краінаў будаваць новае пагадненьне на аснове прынцыпаў існоўнага Кіёцкага пратаколу – першага глябальнага пагадненьня аб скарачэньні выкідаў парніковых газаў, заключанага ў 1997-м годзе. Кіёцкі пратакол прадугледжваў маштабныя абмежаваньні аб’ёмаў выкідаў для індустрыялізаванага сьвету.
Маніфэст “прыгнечаных”
Абурэньне бяднейшых нацыяў можна зразумець. Натуральна, што Захад, якому належыць большасьць сусьветнай індустрыі, меў бы ўзяць на сябе асноўную частку абавязаньняў што да скарачэньня выкідаў. Калі ж ён хоча, каб і бяднейшыя краіны ахвяравалі патэнцыялам эканамічнага росту, дасяганага разьвіцьцём “брудных” тэхналёгіяў, то няхай бясплатна дапаможа інавацыйнымі тэхналёгіямі і прафінансуе разьвіцьцё “чыстай” прамысловасьці.
Багатыя таксама плачуць
Але ж і з аргумэнтамі “буржуяў” цяжка спрачацца. Калі разьвітыя краіны пачнуць заціскаць падаткамі і адміністрацыйнымі абмежаваньнямі сваю найбольш “сьмярдзючую” прамысловасьць, то ў сёньняшнім глябальным сьвеце для яе не складзе праблемаў проста перавандраваць у ільготныя зоны разьвіваных краінаў.
Акрамя таго, з часу падпісаньня Кіёцкага пратаколу разьвіваныя краіны дагналі і перагналі багаты сьвет паводле ўзроўню выдзяленьня парніковых газаў у атмасфэру. Улічваючы цяперашні дэмаграфічны бум у краінах трэцяга сьвету, галоўнай небясьпекаю для навакольнага асяродзьдзя зьяўляецца менавіта рост забруджвальнай актыўнасьці ў гэтых краінах.
Падчас перамоваў дыпляматычна апускаецца за дужкі, бадай, асноўная асьцярога – у сувязі з карумпаванасьцю ўрадаў разьвіваных краінаў. Не перасьціхаюць размовы аб тым, які працэнт ад заходняй дапамогі будзе насамрэч ужыты на ратаваньне навакольнага асяродзьдзя.
Кожны сам за сябе
Сытуацыя ўскладняецца тым, што буйныя гульцы ў кожным лягеры спрабуюць “палавіць рыбкі ў мутнай вадзе”, выгандлёўваючы сабе спэцыяльныя ўмовы.
ЗША: гатовыя ўзяць на сябе абавязаньне скараціць да 2020-га году выкіды ня больш чым на 2% у параўнаньні з узроўнем 1990 году. Наўзамен за сьціплае скарачэньне выкідаў Вашынгтон абяцае амбітную праграму фінансавай дапамогі бяднейшым краінам для разьвіцьця інавацыйнай індустрыі.
Кітай: ня хоча скарачаць больш, чым амэрыканцы, аднак абяцае абысьціся безь фінансавай дапамогі ад Захаду. Наўзамен патрабуе... каб яго не кантралявалі на прадмет выкананьня ўзятых абавязаньняў.
Эўразьвяз: гатовы аднабакова скараціць забруджваньне да 2020-га году на траціну ў параўнаньні з узроўнем 1990-га, але лічыць, што гэтым яго ўнёсак у змаганьне з кліматычнымі зьменамі павінен быць збольшага вычарпаны, і адмаўляецца выдаткоўваць вялікія грошы на падтрымку разьвіваных краінаў.
Расея: гатовая на гэткія ж маштабныя скарачэньні, але... пры ўмове, што і астатнія краіны возьмуць на сябе падобныя абавязаньні, што ў сёньняшніх умовах не зьяўляецца рэальным.
Сіла ёсьць, воля ёсьць, а сілы волі – няма...
Былы віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Ал Гор, якога, паводле брытанскага выданьня “The Guardian”, віталі на саміце, як рок-зорку, прэзэнтаваў найнавейшыя дасьледаваньні навукоўцаў, якія сьведчаць пра тое, што арктычныя льды могуць цалкам зьнікнуць на працягу наступных пяці гадоў.
Небясьпека прыроднага катаклізму не пакідае раўнадушнымі і дзейных палітыкаў. Чакаецца, што да канца тыдня ў дацкую сталіцу зьедуцца лідэры 120-ці краінаў для таго, каб падпісаць новае глябальнае пагадненьне, накіраванае на спыненьне катастрафічных кліматычных зьменаў.
Мала хто з аналітыкаў ужо, аднак, спадзяецца, што разыходжаньні ўдасца пераадолець да прыезду кіраўнікоў дзяржаў. На сёньняшні дзень аналітыкі мяркуюць, што саміт можна будзе лічыць пасьпяховым, калі краінам удасца дамовіцца аб агульнай дэклярацыі, якая дазволіць працягнуць перамовы ў наступным годзе.