Прысуд Бандарэнку адмянілі

Андрэй Бандарэнка

Судовая калегія Менскага гарадзкога суду пад кіраўніцтвам судзьдзі Назаранкі адмяніла прысуд Першамайскага раённага суду Менску адносна прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі.
Прычына адмены – не ўлічаны ўсе абставіны справы, Першамайскі суд пры разглядзе справы праявіў аднабаковасьць.

Справу накіравалі на перагляд назад у Першамайскі раённы суд. Адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі не выключае, што перагляд можа адбыцца ўжо ў студзені.

Мера стрыманьня Бандарэнку пакінутая бяз зьменаў – ён знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі.

Паводле сябры АГП Аляксандра Дабравольскага, тут спрацаваў палітычны фактар, справа набыла грамадзкае гучаньне, і судзьдзі не змаглі не адрэагаваць.

Нагадаем, Бандарэнку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці паводле палітычных, як не выключаюць праваабаронцы, прычынаў.

На пачатку кастрычніка судзьдзя Леанід Ярмоленкаў з Першамайскага суду Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнаў і падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд.