Дабравольскі: “Бачыў Сахарава за дзень да сьмерці...”

Былы народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі згадвае аб працы з Андрэем Сахаравым у складзе Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Спаўняецца 20 гадоў з дня сьмерці акадэміка Сахарава.
Навумчык: Кажуць, што самае першае ўражаньне ад чалавека – самае правільнае. Пэўна, вы, як і кожны савецкі чалавек, шмат чулі пра Сахарава і ў вас было сфармаванае нейкае сваё ўяўленьне. Наколькі яно пацьвердзілася пры асабістым знаёмстве, калі ў траўні 1989-га пачаўся першы зьезд народных дэпутатаў СССР і сфармавалася Міжрэгіянаьная дэпутацкая група?


Дабравольск
і: Маё першае адчуваньне пры знаёмстве абсалютна не супала з тым, што я ведаў і думаў пра акадэміка Сахарава. Калі я першы раз пачуў пра тое, што акадэмік Сахараў – дысыдэнт, пачуў крытыку ў яго адрас, я думаў, што гэта чалавек такі вельмі магутны, мужны, моцны фізычна. А калі сустрэўся – убачыў чалавека вельмі інтэлігентнага, які наўрад ці можа на кагосьці накрычаць, наўрад ці можа сябе паводзіць так, як я чакаў – каб ставіць пытаньне рубам і дамагацца. Усё было інакш. Гэта быў абсалютна адваротны маім уяўленьням прыклад. Але пры ўсім гэтым акадэмік Сахараў меў вялізны аўтарытэт, і вось гэтая ягоная быццам безабароннасьць была яго самай моцнай зброяй. Тыя людзі, якія хацелі ўжыць супраць Сахарава нейкія захады, адразу выяўлялі ці сваю несумленнасьць, ці няведаньне. Яны выглядалі вельмі кепска. І таму Сахараў, які выступаў, можа, не зусім як Цыцэрон, але казаў рэчы простыя, зразумелыя, і казаў іх наўпрост, нечакана, нават некаторыя нават баяліся гэта чуць, – ён усё ж даходзіў да душы, дасылаючы такую інфармацыю, над якой людзі потым думалі.

Навумчык: Першы зьезд народных дэпутатаў СССР у траўні 1989 году зьнішчыў апошнія перашкоды на шляху галоснасьці, адыграў важную ролю ў працэсе дэмакратызацыі. Зьезд ішоў у прамой трансьляцыі, якую слухалі, здаецца, усе – у Менску на вуліцах звычайнай зьявай было пабачыць чалавека з прыкладзеным да вуха транзыстарам. Абструкцыя, якую ўчынілі дэпутаты Сахараву, была ці ня самым драматычным эпізодам зьезду. Як гэта ўспрымалася з залі?

Дабравольскі: Мяне вельмі ўразіла, калі акадэмік Сахараў падчас дыскусіі пра Аўганістан сказаў вельмі простыя словы, якіх ніхто не разумеў. "Прабачце, – сказаў ён, – калі мы кажам "аўганцы", дык мы ў першую чаргу павінны называць такім словам не вайскоўцаў, якія цяпер у Аўганістане, а народ аўганскі, які страціў не 15 тысяч, як нам кажуць пра нашых вайскоўцаў, а адзін мільён забітымі". Безумоўна, асьлепленыя прапагандай людзі, якія не хацелі прызнаць, што гэтая акцыя Савецкага Саюзу ў Аўганістане была бессэнсоўная і злачынная, выступалі супраць, кляймілі. І быў такі дэпутат, "воін-інтэрнацыяналіст" Сяргей Чырванапіскі, які скончыў свой выступ лёзунгамі кшталту "Дзяржава, Радзіма, камунізм!" – мяне вельмі ўразіла, што большасьць дэпутатаў устала і рэагавала воплескамі. Уседзець у гэтай залі было вельмі цяжка. Але, я думаю, дзясятая частка дэпутатаў у гэты час не аплядавала стоячы гэтаму чалавеку, да якога няма прэтэнзіяў у тым сэнсе, што ён мог выказаць сваю думку, – але ў маральным пляне гэта выглядала вельмі цынічна.

Навумчык: Як вам працавалася з Сахаравым у Міжрэгіянальнай дэпутацкай групе, якая аб’яднала дэмакратычных дэпутатаў і фактычна была першай за многія дзесяцігодзьдзі палітычнай апазыцыяй?

Дабравольскі: Мы на адным зь першых паседжаньняў Міжрэгіянальнай групы абралі кіраўніцта гэтай групы, і было шэсьць сустаршыняў – такія, як Юрый Афанасьеў, Гаўрыіл Папоў, Барыс Ельцын. Адным з сустаршыняў аднагалосна быў абраны акадэмік Сахараў. Ён ня быў такім кіраўніком, які б накіроўваў, сачыў за парадкам, вёў паседжаньні... Ён быў інтэлектуальным лідэрам. Часам казаў рэчы нечаканыя, не адразу зразумелыя, бо меў такое свабоднае мысьленьне, але ўсё ж вельмі простыя. І ягоны ўклад у працу быў вельмі важны, бо ад палітычнай каньюнктуры ён ня тое што адыходзіў, а наадварот – яе не ўжываў. І калі нехта думаў, як бы гэта нешта зрабіць як найхітрэй, то Андрэй Сахараў не хітраваў. Можа быць, у тактычным пляне ён прайграваў ад гэтага, але ў стратэгічным пляне, безумоўна, выйграваў.

Навумчык: Ёсьць меркаваньне, што падтрымка Сахаравым Барыса Ельцына была памылкай, бо потым, праз шмат гадоў, Ельцын адышоў ад дэмакратычных прынцыпаў і ўрэшце аддаў сваю краіну ў рукі афіцэраў ГБ. Ці мог Сахараў сам узначаліць палітычную апазыцыю і ўзяць уладу?

Дабравольскі: Я думаю, што такіх шанцаў Сахараў ня меў. Больш за тое, ён вельмі цьвяроза ацэньваў свае магчымасьці. Тое, што ён быў магутным інтэлектуалам, спалучалася ў ім з тым, што ён ня быў палітычным гульцом. А гэта значыць, што ён бы раней ці пазьней прайграў. Больш за тое, інтэлектуалаў у Савецкім Саюзе і ў Расеі ня вельмі любілі і любяць. Ён бы ня змог утрымаць уладу, і прагі да ўлады ў яго не было. А вось тое, што ён падтрымаў Ельцына, мне здаецца крокам рацыянальным, таму што падтрымаць з боку Сахарава можна было таго, хто выступаў за дэмакратычныя перамены і хто меў рэальныя магчымасьці атрымаць уладу. Сахараў вельмі добра разумеў, мне здаецца, што Ельцын фігура ня толькі не ідэальная, але і абцяжараная камуністычным мінулым, і ня вельмі бясьпечная для Расеі. Але яшчэ большую небясьпеку ён бачыў у рэстаўрацыі камуністычнага рэжыму, які быў трагедыяй для ўсіх. Таму крок Сахарава быў правільны, іншая справа, што Ельцын не апраўдаў чаканьняў ня толькі Сахарава, але і дэмакратычна настроеных грамадзянаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя. У той момант іншай магчымасьці не было.

Навумчык: Якія ўрокі для сябе вы зрабілі са знаёмства з Сахаравым?

Дабравольскі: Мне пашчасьціла працаваць разам з выдатнымі людзьмі – такімі, як акадэмік Сахараў і Юрый Афанасьеў. З Андрэя Сахарава можна браць прыклад у тым, што гэта чалавек прамы і сумленны. Ня ўсім у жыцьці можа быць дадзены такі інтэлект, але сумленьне можа і павінна быць у кожнага. Але гэты чалавек не крывіў душой. І часам ён мог памыляцца, але свае памылкі ўрэшце прызнаваў і імкнуўся выпраўляць. Я проста мала ведаю ў жыцьці такіх людзей. Шмат спэкуляцыяў можна цяпер пачуць, напрыклад, што Сахараў пасварыўся зь Міжрэгіянальай групай (гэта кажа Алксніс, праціўнік Сахарава) – гэта ўсё няпраўда. Сахараў быў інтэлектуальным лідэрам Міжрэгіянальнай групы. Я быў на апошнім паседжаньні МРГ, у якім удзельнічаў Сахараў за дзень да сваёй сьмерці. І мы абмяркоўвалі нашу дзейнасьць: ён вельмі горача выступаў, прапаноўваў... На жаль, адчувалася, што здароўе ў яго ня вельмі добрае. І што яшчэ ў яго можа ўзяць у прыклад – рабіць сваю справу нават калі цяжка. Нават калі вельмі цяжка, але – рабі. Гэта быў прынцып Андрэя Сахарава.