Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – Тацяна Шапуцька. Скончыла сталічную гімназію №1 імя Францішка Скарыны з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы. Летась паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Апошнія два гады – сябра «Маладога фронту», неаднаразова затрымлівалася. 7 лістапада 2008 году за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля КДБ была арыштаваная на трое сутак. Днямі Тацяну выключылі з унівэрсытэту.
- 16-18 лістапада я прадстаўляла «Малады фронт» на форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі. А літаральна праз два тыдні па вяртаньні адтуль – выключэньне з БДУ. Матывацыя: ня мела дазволу на выезд ад Міністэрства адукацыі.
- А ці ведалі вы пра такое патрабаваньне?
- Чула. Аднак працэдура адпаведнага ўзгадненьня вельмі грувасткая і цягнецца больш за месяц.
- То бок, калі зьвязвацца з чыноўнікамі, дык маеш усе шанцы ня трапіць туды, куды хочаш?
- У маім канкрэтным выпадку наагул зьнішчалася ідэя, бо я атрымала запрашэньне пазьней, чым за месяц да пачатку форуму.
- Днямі адна слухачка пакінула на аўтаадказьніку Свабоды раздражнёную рэпліку: маўляў, і што такога важнага магла зрабіць там гэтае дзяўчо!
- Я прымала ўдзел у абмеркаваньні літаральна ўсіх пытаньняў, што стаялі на парадку дня. У прыватнасьці, разам са спадаром Кобецам дабілася ўнясеньня папраўкі да канчатковай рэзалюцыі пра наяўнасьць палітвязньяў у Беларусі. Мы дамагліся асуджэньня форумам практыкі рэжыму, а таксама прагучала патрабаваньне іхняга вызваленьня.
- Адкуль у вас такая зацікаўленасьць у гэтай праблеме? Мо, нейкія сваякі пацярпелі або тут звычайная грамадзянскасьць праяўляецца?
- Па-першае, грамадзянскасьць. Бо калі чалавек бачыць вакол сябе несправядлівасьць, ён ня можа заставацца абыякавым. Па-другое, праблема палітычнага перасьледу уключна з турэмным тэрмінам тычыцца маіх сябраў – шмат хто зь іх пацярпеў за свае погляды. Напрыклад, зараз за кратамі малафронтавец Арцём Дубскі, які зьяўляецца ня толькім маім асабіста блізкім сябрам, але і ўсёй маёй сям'і.
- Ці не жаніх, даруйце за бесцырымонную цікаўнасьць?
- Не-не, менавіта сябар!
- А як успрынялі вашую гісторыю аднакурсьнікі?
- З шокам. Яны адразу ж ініцыявалі збор подпісаў у маю падтрымку.
- Чытаў у інтэрнэце, што кіраўніцтва факультэту "зламалася" перад камэрай БТ, якое рабіла "агітку" пра вас?
- Так, спужаліся троху… Бо перад тым казалі ў твар рэчы на маю карысьць. А тут пачалі апраўдвацца, каб у гледачоў не было падставаў асуджаць дзеяньні адміністрацыі.
- Дарэчы, кім вы хочаце стаць пасьля ўнівэрсытэту?
- Я на другім курсе юрфаку, катэдра паліталёгіі, мару працаваць палітычнай журналісткай.
- Робіце спробы вярнуцца ў БДУ?
- Так. Спадзяюся і на тыя самыя подпісы, і на суд… Калі ж нічога не атрымаецца, то буду вучыцца ў нейкім замежным унівэрсытэце завочна ці дыстанцыйна.
- А памятаеце таксама завязаную на палітыцы гісторыю выключэньня спадарыні Хомы з «наргасу»? Яна зараз пасьпяхова займаецца ў венскім унівэры. Такім шанцам ня хочаце скарыстацца?
- Не, гэткі варыянт мяне не задавальняе. Бо разумею важнасьць свайго асабістага знаходжаньня менавіта сярод звычайнай беларускай моладзі, тут і цяпер. А большасьць актывістаў, якія зьяжджаюць, яны, як правіла, прызвычайваюцца да жыцьця замежнага, зь цяжкасьцю адаптуюцца да нашага, і таму асноўная маса папросту не вяртаецца на радзіму. Я не хачу быць спакушанай Эўропай…
- Што вы робіце ў якасьці прэсавага сакратара «Маладога Фронту»?
- Займаюся вэб-сайтам, рэдагаваньнем маладафронтаўскіх газэт, рыхтую матэрыялы, арганізоўваю прэсавыя канфэрэнцыі…
- Вашае выключэньне, як і апошнія выкраданьні вашых калегаў,гэта фактычна спроба запалохаць моладзь. Удаецца тое ўладзе?
- Раней такое адбівалася на нас вельмі моцна. Аднак цяпер сытуацыя памянялася. Спэцслужбы мусяць зразумець: людзей, які прайшлі празь зьняволеньні, выключэньні з вучобы і выгнаньні з працы, ужо няма чым больш запалохаць! Такія ідуць да канца. І апошнія спробы ціску на нас толькі зьнішчаюць астаткі аўтарытэту КДБ і міліцыі, ставяць іх на адну паліцу са звычайнымі злачынцамі.
- Вы ж не адной толькі палітыкай жывяце: што зараз чытаеце, слухаеце, ці ходзіце ў тэатар?
- У Купалаўскі іду якраз вось праз сорак мінут пасьля нашай размовы. Пераслухоўваю зараз альбомы 2006-2007 гадоў беларускіх музыкаў. Ну а чытаю зараз кнігу Ганны Паліткоўскай «За што?»
- Вельмі сымбалічна назва… А вас не палохае лёс забітай расейскай журналісткі?
- Я падрыхтавалася да складанасьцяў, калі прымала рашэньне пайсьці ў «Малады Фронт». Канечне, ня ўсе выпрабаваньні жыцьця прыемныя, але… Але жывучы беларускай рэчаіснасьцю, разумееш: найгоршае можа здарыцца ня толькі з табой у любы момант – зь любым іншым грамадзянінам. Гэта папросту называецца «сыстэмай»…