Як страшна жыць у краіне на літару "Б"

Будзімір

Задума Віктара Марціновіча паказаць, як страшна жыць у "краіне на літару Б", калі яна была, з трэскам правалілася.

Гэтая краіна ня мае нічога супольнага з таталітарна-рэпрэсіўнай Акіяніяй Оруэла, дзе крок улева, крок управа – гамовэр, забаронена нават тое, што дазволена, і неймаверна ня толькі супрацьстаяць сыстэме дзеяньнем, але проста падумаць што-небудзь неадпаведнае. Дзе герой, які наважваецца збочыць з адзінай правільнай сьцежкі, асуджаны на немінучую страшную расплату і ведае аб гэтым. Непадобная "краіна на літару Б" і да трывожнага, хваравітага кафкіянскага сьвету "Працэсу", у якім нічым не прыкметны герой ператвараецца ў ахвяру зьнянацку, зь невытлумачальных прычынаў, фантасмагарычна-бюракратычная машына павольна яго перажоўвае і ўрэшце з агідай праглынае, так і не патлумачыўшы, што такое здарылася.

На момант завязкі драматычнага сюжэту ў рамане "Параноя" за плячыма ў яе галоўнага героя, пісьменьніка Анатоля Нявінскага доўгія гады бясхмарнага існаваньня, спалучанага з пасільнай апазыцыйнай дзейнасьцю ў выглядзе напісаньня крамольных твораў, частка зь якіх нават экранізаваная і перакладзеная на замежныя мовы. Ён спакойна жыве ў цэнтры Менску, бывае за мяжой, езьдзіць на BMW, наведвае кавярні, ня ведае фінансавых праблемаў, нягледзячы на цьмянасьць крыніцаў заробку, і пакутуе адно празь незадаволенасьць часовымі сэксуальнымі партнэркамі.

У такіх камфортных умовах Нявінскі піша аповесьць на заказ амэрыканскага глянцавага часопісу пра жудасны палітычны стан у "краіне на літару Б". За параўнаньне кіраўніка якой з Калігулам і Нэронам студэнта адлічаюць з унівэрсытэту, забіраюць у войска, а ў войску – забіваюць, хаваючы сьляды злачынства. Усяго толькі за тое, што ён наважыўся правесьці гістарычныя паралелі.

Калі Нявінскі піша ў амэрыканскі часопіс праўду, ён павінен ведаць, дзе жыве і чым рызыкуе. Для яго ж становіцца шокам зьяўленьне ў ягоным жыцьці спэцслужбаў. Пры першай прыкмеце таго, што яны ім зацікавіліся, пісьменьнік-апазыцыянэр пачынае шалёна, ганебна баяцца. І, падумаўшы, быццам ім зацікавіліся з прычыны яго няскончанай аповесьці, ён ня толькі адразу ж выдаляе на кампутары файл зь ёй, але спрабуе нават ачысьціць ад яе галаву. Незразумела, якім чынам пры такой клінічнай баязьлівасьці гэты гора-апазыцыянэр увогуле дажыў да сваіх гадоў, ня тое што нейкай антыдзяржаўнай дзейнасьцю займаўся.

Ці то ён выдумляе сваю вусьцішную гісторыю, каб паказытаць нэрвы амэрыканскаму чытачу?

Паколькі біяграфія самога Нявінскага ставіць пад сумнеў адпаведнасьць падобнай змрочнай карціны рэчаіснасьці, можна інтэрпрэтаваць злыбеды, якія пачынаюць яго перасьледаваць у далейшым, як плод хворага ўяўленьня. Нявінскі настолькі парадняецца з выдуманым сьветам герояў свайго раману, што неўпрыкмет зьяжджае з глузду, пераймаючы іхную параною. Быў такі дзіцячы вершык у Чукоўскага, памятаеце: "Это бяка-заколяка кусачая. Я сама из головы её выдумала... Я её боюсь!"
"Параноя" аказалася self-fullfilling prophecy (самаспраўджвальным прароцтвам)...

І тады атрымліваецца, што раман "Параноя" – гэта сатырычная прыпавесьць пра шкоднасьць згушчэньня фарбаў дзеля палітычнай каньюнктуры. Маўляў, будзьце пільныя, ачарняючы рэчаіснасьць – вашыя перабольшаньні могуць спраўдзіцца. У такім разе раман "Параноя" аказаўся self-fullfilling prophecy (самаспраўджвальным прароцтвам). Намаляваная ім карціна часткова ўвасобілася ў жыцьцё, зрабіўшы Кафку быльлю.

Калі ж дапусьціць, што раман усё-ткі ня мае падвойнага дна і жудасная краіна, дзе студэнта могуць забіць за гістарычныя паралелі, існуе ня толькі ва ўяўленьні Нявінскага, давядзецца сказаць аўтару "Параноі": ня веру! Што гэта за дзіўная крывавая дыктатура, якая рашуча і бязьлітасна, не схамянуўшыся, забівае студэнтаў за колькі неабачлівых словаў і дазваляе спакойна займацца сваёй паклёпніцкай дзейнасьцю дарослым дзядзькам?

ХТО ХВОРЫ НА ПАРАНОЮ?


У кіпцюры спэцслужбаў Нявінскі трапляе не за "палітыку", а таму, што прымудрыўся закахацца ў палюбоўніцу галавы дзяржавы, міністра ўсясільнай дзяржбясьпекі, вайсковага дыктатара Мікалая Мураўёва. Слабы ход, калі раман меў на мэце выкрываньне аўтарытарызму. Наўрад ці такога кшталту стасункі засталіся б па-за ўвагай адпаведных службаў у якой заўгодна іншай краіне. (Мэрылін Манро, прыкладам, здымаў на відэа агент ФБР у надзвычай інтымны, далікатны момант.) А што калі раптам гэта нейкі зламысьнік спрабуе, выкарыстоўваючы любоўную сувязь, атрымаць доступ да дзяржаўных сакрэтаў або ўчыніць замах на пэрсону №1? Ня тое каб я вельмі спачуваў праблемам пэрсонаў нумар адзін або апраўдваў падобную практыку, гаворка толькі пра тое, што гэта цалкам заканамерная і нярэдкая зьява. І мараль адсюль можа быць адна – лепей ня знацца з прэзыдэнтамі, дыктатарамі, міністрамі дзяржбясьпекі ды іхнымі палюбоўніцамі, пакуль яны імі застаюцца.

Алена Супрановіч, першая палюбоўніца дзяржавы, праз сувязь зь Нявінскім урэшце гіне – як мяркуецца, ад рук спэцслужбаў. Якія ці то выконвалі загад, ці то хацелі дагадзіць свайму патрону. Дарэчы, згаданая вышэй Мэрылін Манро, згодна з рассакрэчаным дакладам ФБР ад 1964-га году, была забітая на загад Робэрта Кенэдзі, міністра юстыцыі і брата прэзыдэнта ЗША. Сувязь з скандальна вядомай зоркай Галівуду, якая пагражала атрымаць розгалас, магла перашкодзіць ягонай кар'еры. Усяго толькі. Супрановіч гіне з больш важкай прычыны – рэўнасьці. Пачуцьця, на тысячагодзьдзі старэйшага за любыя палітычныя рэзоны. Яна зацяжарала, і абодва мужчыны былі пэўныя, што – ад іншага. "Дык не даставайся ж ты нiкому!.." Звычайная, у прынцыпе, гісторыя з разьдзелу крымінальнай хронікі. Адзінае што гэтае забойства было ўчыненае як быццам "службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў".

А зьвінавацілі ў ім апазыцыйнага пісьменьніка Анатоля Нявінскага. Між іншым, улічваючы яго паранаідальны стан, наяўнасьць матыву для забойства, сварку, якая адбылася паміж ім і Аленай напярэдадні, адсутнасьць грунтоўнага алібі і знойдзеную ў яго кватэры прыладу забойства, нявыключана, што Анатоль сапраўды яе забіў. Раман пакідае мажлівасьць і такой інтэрпрэтацыі, што яшчэ больш прытупляе вастрыню палітычнага выказваньня.

Пра астатнія злачынствы Мураўёва вядома толькі з: а) аповесьці, якая пішацца на заказ амэрыканскага глянцавага часопісу; б) сайту "Хартыі", згадванага ў рамане: ён паведамляе пра 266 падазроных зьнікненьняў у краіне; в) размоваў Нявінскага з Супрановіч.

Ізноў-такі закрадаецца думка, ці правільна зразумелі Віктара Марціновіча невядомыя літаратурныя цэнзары, не рэкамэндаваўшы яго кнігу для продажу? Можа, яе назву трэба ўспрымаць літаральна: "Параноя – псыхічнае расстройства, якое характарызуецца працяглымі пэрыядамі неабгрунтаванага недаверу да навакольных, а таксама павышанай успрымальнасьцю, падазронасьцю і добра абгрунтаванай сыстэмай звышкаштоўных ідэяў, якія набываюць пры празьмернай выражанасьці характар трызьненьня. Гэтая сыстэма звычайна не мяняецца; яна была б цалкам лягічнай, калі б зыходныя паталягічныя ідэі былі правільныя".

Пакутуе ж на яе ў рамане менавіта Нявінскі, а не Мураўёў...

МУРАЎЁЎ


Вайсковы дыктатар "краіны на літару Б" Мікалай Мураўёў нарадзіўся ў Маскве. Ягоны бацька быў афіцэрам забесьпячэньня савецкіх войскаў, раскватараваных у Дрэздэне (ГДР). У ГДР Мураўёў вучыўся ў школе для дзяцей вышэйшага каманднага саставу, вывучыў нямецкую і францускую мовы. Пасьля пераезду сям'і ў СССР пяць гадоў наведваў музычную школу. Па водгуках настаўнікаў, асаблівыя посьпехі рабіў у ігры на фартэпіяна, меў вялікі канцэртны патэнцыял, якога не схацеў разьвіваць. Пасьля службы ў войску скончыў Вышэйшую камандную вучэльню, у чыне падпалкоўніка служыў у Аўганістане, дзе атрымаў кантузію і лёгкае раненьне. Пасьля распаду СССР пакінуў вайсковую службу, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці, падтрымліваў г.зв. "сілавы клан", што завяршыў станаўленьне дзяржаўнасьці падзеяй, якую прапаганда называе "навядзеньнем парадку", апазыцыя – "вайсковым пераваротам".

Мураўёў дасюль вельмі любіць пранікнёна іграць на фартэпіяна і размаўляе па-француску, што вельмі імпануе Алене Супрановіч. Гаворыць троху старамодна, кшталту: "Дзеля чаго вы шукалі сустрэчы са мной?" Яму не да спадобы "бульбяныя твары" ўласных выбарцаў, таму галоўнае сьвята краіны – Дзень гораду – сустракае асобна ад свайго непатрабавальнага народу. Слухаючы арганную музыку і гледзячы клясыку францускага кіно, якую дзеля яго аднаго праецыруюць на мікрараённыя шматпавярховікі, з-за чаго экран расьцягваецца на 500 мэтраў. Мае аднаго сына. Той адмовіўся ад бацькі, назваўшы яго "апошнім людажэрам Эўропы" пасьля таго, як быў затрыманы ў лёнданскім аэрапорце з "амаль прамысловай" дозай гераіну.

Мяркуйце самі, чаго больш у гэтым вобразе: сатырычнай гульні на кантрасьце з рэальным прататыпам, жаданьня мець больш "прыстойнага" дыктатара, за якога ня так сорамна, ці то перастрахоўкі, каб у Мураўёву максымальна цяжка было пазнаць таго, за паклёп на каго Крымінальным кодэксам прадугледжана адказнасьць.

АПАЗЫЦЫЯ

Апазыцыя рэжыму Мураёўва ў рамане прысутнічае ў выглядзе самога пісьменьніка Нявінскага, сайту "Хартыі" і трох зьніклых Зігмунда Серакоўскага, Валера Ўрублеўскага і Яраслава Дамброўскага...

Апазыцыя рэжыму Мураёўва ў рамане прысутнічае ў выглядзе самога пісьменьніка Нявінскага, сайту "Хартыі" і трох зьніклых (пасьля "сумеснай пагулянкі" на ўрадавым лецішчы): Зігмунда Серакоўскага, Валера Ўрублеўскага і Яраслава Дамброўскага. Да рэальных прататыпаў яны падобныя ня болей за Мураўёва. Вось што гаворыць пра іх сваёй каханцы Анатоль Нявінскі:

"Яны былі рамантыкамі і ідэалістамі. Ну і дурнямі, вядома, таксама яны былі. Яны, як дзекабрысты, – узяліся чыстымі рукамі каваць шчасьце на ўсёй зямлі. Матылёк супраць танка... Лепей бы сядзелі ды гісторыю Вялікага Княства Літоўскага вучылі... Я адно табе скажу: ніякай неабходнасьці іх выкрадаць не было. Іхная змова адпачатку была утопіяй, рамантычным летуценьнем, у якое толькі яны і верылі. На іх бы цыцнуць, як на дзяцей, самі б разьбегліся... А таму я ня ведаю, што зь імі сталася і прычым тут МДБ. Ня ведаю. Вельмі дзіўная гісторыя. І ўсё".


НАРОД


У адрозьненьне ад "пролаў", на якіх ускладаў вялікія спадзевы аўтар "1984", як на адзіных, хто застаўся не закрануты ідэалягічным замбаваньнем і здольны быў зрынуць сыстэму, паспаліты люд "краіны на літару Б" у апісаньні Марціновіча цалкам безнадзейны. Гэта нейкая брыдкаватая форма жыцьця, якая жлукціць гарэлку за здароўе Мураўёва, пасьля валяецца на зямлі, часам савакупляючыся пад чырвона-зялёным сьцягам, б'ецца, лаецца і раве на ўсё горла на дзяржаўных сьвятах, вітаючы танкі. "Гатовая да ўсяго, гатовая чорнай лявінаю разьліцца і душыць, ірваць, гвалтаваць..." Іхных "бульбяных твараў", як вы памятаеце, ня любіць ня толькі Нявінскі, а нават вайсковы дыктатар Мураўёў, міністар МДБ.
Я ў вашых лексусах ня езьдзіў, у сталінках у цэнтры гораду ня жыў, і на тое, каб праседжваць у кавярнях, у мяне грошай няма...

Як прадстаўнік гэтага народу я выказваю спадару Марціновічу сваё абурэньне. Не падміргвайце мне гэтак са старонак вашага раману. Я ў вашых лексусах ня езьдзіў, у сталінках у цэнтры гораду ня жыў, і на тое, каб праседжваць у кавярнях, у мяне грошай няма. Дый вашыя вытанчана інтэлектуальныя размовы мне чужыя.

Джордж Оруэл зусім не ідэалізаваў просты народ і не заплюшчваў вачэй на яго шурпатыя бакі. Аднак ён добра ведаў, што народ не самазараджаецца, як мышы з бруднай бялізны. Яго спараджаюць пэўныя сацыяльныя ўмовы. На лексусах могуць езьдзіць адзінкі, астатнім жа даводзіцца трымаць на сваіх плячах гэтую зямлю. Калі ж трымаеш на сябе зямлю, немагчыма быць у белым фраку і наадэкалёненым.

Не адварочвайце носа ад народу. Ён можа пакрыўдаваць і сысьці. Самім прыйдзецца тады зямлю на сабе трымаць.

РЭЗЮМЭ


У якасьці палітычнага выказваньня раман па-постмадэрнісцку дваісты, расплывісты. Але Марціновіч значна палегчыў працу цэнзарам. Ужо на першых старонках згадкі пра "дзяржбясьпеку" і "зьніклых". Можна далей не чытаць, ісьці пісаць рапарт. Пэўна, цэнзары так і зрабілі, не абцяжарваючы сябе далейшым чытаньнем ды разгадваньнем рэбусаў і загадак.
Ужо на першых старонках згадкі пра "дзяржбясьпеку" і "зьніклых". Можна далей не чытаць, ісьці пісаць рапарт...

Што да апісаньня жыцьця беларускага соцыюму, яно надзвычай прымітыўнае, схематычнае: краіна, населеная жывёлападобнымі істотамі, пасярод якіх пакутуюць, хаваючыся ў кавярнях і салёнах дарагіх машынаў, рэдкія архідэі-інтэлектуалы.

Наогул, з "Параноі" беларускі чытач болей даведваецца пра багаты ўнутраны сьвет аўтара, ягоную эрудыцыю і здольнасьць да вэрбальнай акрабатыкі, чым пра краіну, у якой жыве. Гэтая кніга вырасла ня столькі з навакольнага жыцьця, сколькі з прачытаных аўтарам іншых кніг. Парачка закаханых герояў, здаецца, перакачавала ў нашыя мясьціны з "Гульні ў клясыкі" Картасара, аблупіўшыся па дарозе. Дыктатар Мураўёў, нягледзячы на сваё ісьцінна рускае прозьвішча, таксама прыкульгаў аднекуль з Лацінскай Амэрыкі. А вось лексусы ды іншыя прыкметы гламурнага жыцьця прыехалі ўжо з новага расейскага раману – з бытапісальніцтва будняў Рублёўкі аўтарства Аксаны Робскі. З свайго, роднага трэба адзначыць газэту "Беларусь сегодня", якую вельмі дасьціпна парадзіруе Віктар Марціновіч.

Завялікая колькасьць нічым не апраўданых эпітэтаў, мэтафараў і параўнаньняў, а таксама мяшанка стыляў – у аўтару змагаюцца публіцыст, фэльетаніст, цынічны сатырык, рамантык ды інш., перашкаджаючы адзін аднаму – не дазваляюць назваць "Параною" удалым творам.

Тым ня менш у наяўных умовах абсалютнага панаваньня візуальнага над словам цешыць зьяўленьне любой кнігі. Калі яе да таго ж яшчэ і чытаюць, а "Параною" чытаюць, і чытаюць актыўна, гэта ня можа ня радаваць.

Ну, а першы блін сабаку. Віктару Марціновічу ўсяго трыццаць адзін год – маленства для пісьменьніка. Літаратурныя ўдачы яшчэ, будзем спадзявацца, наперадзе.