Пад знакам параноі

Будзімір

Гэты тыдзень прайшоў пад знакам параноі. Іначай як паранояй ня вытлумачыш, дзеля чаго спатрэбілася гарадзенскай міліцыі забараняць моладзевую акцыю «Free Hugs» (Бясплатныя абдымкі) , Мінкульту — не даваць дазволу Алесю Пушкіну на вываз 14 з 17 карцінаў , адабраных для ўдзелу ў выставе Музэю сучаснага мастацтва ў швэдзкім горадзе Кальмар, а невядомым літаратурным цэнзарам — «не рэкамэндаваць» да продажу раман Віктара Марціновіча «Параноя». Што сталася для яго найлепшай рэклямай і значна павялічыла продаж (паводле слоў аўтара, 2/3 тыражу ўжо распраданыя).


УТОПІІ НЯМА НІДЗЕ


Але ня трэба думаць, быццам параноя ёсьць хваробай выключна аўтарытарных грамадзтваў. Пакутаваць на яе могуць і тыя, чыя дэмакратычнасьць ня ставіцца пад сумнеў. Гэта яскрава засьведчылі швайцарцы, падтрымаўшы 57,5% галасоў на нядаўнім рэфэрэндуме ініцыятыву ўльтраправай партыі SVP (Schweizerische Volkspartei — Швайцарская Народная Партыя) забараніць у краіне будаўніцтва мінарэтаў.


«Сорамна за швайцарцаў» — піша lagodny_cmok«Тое, што адбылося ў Швайцарыі, ня ўкладваецца ў галаве. Ставіць на рэфэрэндум пытаньне такога кшталту — гэта проста нонсэнс. Як можна аддаваць пытаньні, датычныя правоў меншасьці, на вырашэньне большасьці? Меншасьці пры такіх раскладах проста наканавана прайграць… А плякаты. Белыя авечкі праганяць чорную. Не хацеў бы я апынуцца на месцы такой авечкі. І гэта ўсё пры тым, што паводле Канстытуцыі Швайцарыі ўсім грамадзянам гарантуецца свабода сумленьня і веравызнаньня. Аказваецца, што грамадзяне гэтай краіны, якія вызнаюць ісьлям (такіх там каля 400 000) — грамадзяне другога гатунку, гэткія чорныя, паршывыя авечкі. (…) Пачытаўшы камэнтары на сайце «Нашай нівы», разумею, што нашыя «шчырыя» хрысьціяне гатовыя адправіцца ў новы крыжовы паход супраць «няверных». Толькі чым вы лепшыя за талібаў, шаноўныя? Цікава, хто гэта іх такой «любові» навучыў? Хіба сам Езус казаў нешта такога кшталту? Між іншым, ісьлям, паводле нашага заканадаўства, — адна з традыцыйных рэлігіяў у Беларусі. Вельмі сорамна за швайцарцаў і за такіх вось «хрысьціянаў»


«Эдвард Вайніловіч, які пабудаваў Чырвоны Касьцёл у Менску»нагадвае emieryka«выступаў фундатарам НЯ ТОЛЬКІ касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, быў заснавальнікам камітэту абароны габрэяў і татараў-мусульманаў у Клецку. У Клецку пабудаваў сынагогу. У Макранах — праваслаўную Георгіеўскую царкву, а побач, непадалёк — каталіцкі касьцёл. Ну прама ідылія нейкая… Але ці магчыма такое ў сучасным сьвеце?..»


Прыведзеныя камэнтары — досыць рэдкае выключэньне ў беларускай блогасфэры, якая большасьцю галасоў прывітала вынікі швайцарскага рэфэрэндуму. Ва ўласным блогу я зладзіў «міні-рэфэрэндум», аналягічны швайцарскаму. З сарака сямі ўдзельнікаў 70,2% выказаліся супраць будаўніцтва мінарэтаў. Вас яшчэ зьдзіўляе высокі адсотак аднадумства на рэспубліканскіх галасаванках? Дарэчы, галасавалі ў асноўным беларускамоўныя блогеры, прыхільнікі «дэмакратычных зьменаў» у краіне. Зь імі салідарная газэта «Беларусь сегодня», якая напісала пра рост актыўнасьці эўрапейскіх ультраправых партыяў: «Добрыя гэтыя дзеяньні або не, але гэта дзеяньні, у той час як палітычны істэблішмэнт ЭЗ нэрвова курыць у куточку». І правацэнтрысцкая кааліцыя «Il Popolo della Libertà» (Народ Свабоды), якую ўзначальвае «вялікі сябра, сусьветны і плянэтарны лідэр» Сыльвіё Бэрлюсконі.


Нашы супраць мусьлімцаў: 1:0! (charadzei)


Швайцарыя, я табой ганаруся. (jennie_hunter)


Усё слушна зрабілі швайцарцы. Хай ісьлямісты валяць назад у Азію. (baradzied)


Віншую: у Швайцарыі каталікі агрызнуліся! (gorliwy_litwin)


Цьверджаньне, быццам «агрызнуліся» менавіта каталікі, няхай застанецца на сумленьні працытаванага блогера. Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Швайцарыі афіцыйна выказвала сваю нязгоду з вынясеньнем гэтага пытаньня на рэфэрэндум. Насамрэч агрызнуліся ў дадзеным выпадку нацыянальныя эгаісты пад завадатарствам мільярдэра Крыстафа Блохера — лідэра SVP, якія адстойваюць свае і толькі свае інтарэсы, не жадаючы дзяліцца дабротамі з кім бы там ні было іншым. Нягледзячы на тое, што нацыянальнае багацьце Швайцарыі, як кажуць, не ў апошнюю чаргу сфармавалася за кошт сумнеўных грошай, нарабаваных хцівымі лідэрамі краінаў трэцяга сьвету ў сваіх народаў і надзейна схаваных у швайцарскіх банках.


Блогер _extraneus_ лічыць, што на рэфэрэндуме вырашалася пытаньне аб захаваньні ўласнай культурнай ідэнты:


Краіна — гэта ня проста тэрыторыя пад небам. Гэта перш за ўсё культурная прастора. І вежы мінарэтаў і енкі муэдзінаў замест ёдлю сярод альпійскіх гораў — гэта сьмерць Швайцарыі.


«Ёдль» (Jodeln) — асаблівая манера сьпеву бяз словаў, традыцыйная для Швайцарыі, з характэрным пераключэньнем галасавых рэгістраў, то бок з чаргаваньнем грудных і фальцэтных гукаў. Падобная тэхніка, між іншым, ёсьць у азэрбайджанскай і пэрсыдзкай клясычнай музыцы. Нешта мне падказвае, што зусім не злавесныя «енкі муэдзінаў», якія і без таго былі забароненыя законам аб цішыні, ствараюць пагрозу для ёдлю, а лагодныя сьпяванкі шматлікіх брытні сьпірс. І не мінарэты нявечаць нацыянальны твар, а безаблічны хайтэк.


У любым выпадку гэты Kulturkampf па-швайцарску ўжо прынёс сумныя наступствы. Паводле словаў Таміра Хаджыполу, старшыні Цюрыхскай асацыяцыі мусульманскіх арганізацыяў: «Гэта можа выклікаць вялікія праблемы, паколькі падчас кампаніі перад рэфэрэндумам мячэты зазналі напады, якіх мы ніколі ня бачылі за апошнія 40 гадоў у Швайцарыі». Чакаем на сымэтрычны адказ з боку радыкальных ісьлямістаў, якіх тут дасюль таксама было не відаць?


Я б перафразаваў суворы лёзунг 68-га году: «Няхай апошні ісльямафоб загіне пад абломкамі апошняга мінарэта»аддае анафэме абодва бакі канфлікту czerniec.


Алена Струвэ нядаўна скончыла свой пазнавальны расповед зь пяці частак пад назвай «Навошта ехаць у Швайцарыю?». Чытаючы, можна было б захапіцца — прынамсі краявідамі — і займець жаданьне наведаць гэтую краіну. Цяпер — не, ня хочацца. Нам, чужынцам, там ня радыя. І ня трэба жывіць ілюзіяў, нібыта белы колер скуры і ўмоўная прыналежнасьць да эўрапейскай цывілізацыі нешта мяняюць. Ну дык хай сьпяваюць той ёдль сярод Альпаў самі сабе, аж пакуль не асіпнуць. Як казаў Кім Хён Док: «Я болей нікуды ўцякаць ня буду. Утопіі няма нідзе».


Кім Хён Док — перабежчык з Паўночнай Карэі, які пасьля трох гадоў мучэньняў за мяжой, поўнасьцю расчараваны ў «новым жыцьці», зрабіў няўдалую спробу ўцёкаў з Паўднёвай — назад у Паўночную Карэю. Але быў арыштаваны паўднёвакарэйскімі ўладамі і нейкі час правёў у турме.


ПАРАНОЯ — ЗАРАЗЬЛІВАЯ ХВАРОБА


Гэтаксама дружна, як ухвалілі забарону на будаўніцтва мінарэтаў у Швайцарыі (здавалася б, «што ён Гекубе, што яму Гекуба?»), беларускія блогеры асудзілі забарону раману Віктара Марціновіча «Параноя». Хаця дасюль невядома, хто яго забараняў і ці забаранялі ўвогуле. Так, нават інтэрнэт-кнігарня OZ.by, якая трымалася да апошняга, працягваючы гандляваць крамольнай кнігай, калі яе ўжо нельга было набыць у горадзе, і тая спыніла продаж зь невядомых прычынаў. Але само па сабе гэта яшчэ ня доказ існаваньня забароны. Ня выключана, што справа ў самацэнзуры, выкліканай паранояй кнігагандляроў. Вось як апісвае malishevsky свае спробы набыць раман:


«У параною з „Паранояй“ я спачатку не паверыў. Зранку на кніжны рынак „Белэкспа“ — упэўніцца. А „Параноі“ там няма. Вось што, Віця, я тваю кніжку не чытаў, я тваю кніжку, здаецца, назіраў ужывую.


— А ці ёсьць у вас кніга „Параноя“ Віктара Марціновіча?


— Хм, чамусьці ўсе пытаюцца. Не, ня бачыў такую.


Гэта — стандартны адказ любога прадаўца на кніжным рынку. Ніхто ня ведае пра кнігу, якую ўсе навокал абмяркоўваюць. Так бывае. Я вельмі зьдзівіўся, калі раптам пачуў: „Пачакайце хвілінку“. Далей адбываецца нешта зь нечым. Дзяўчына-гандлярка паварочваецца і кажа суседцы: „Наташа, а ці ж ёсьць у цябе…“ далей бяз словаў — бачу, нешта Наташы рукамі паказвае, жэстыкулюе. Вельмі пашкадаваў — у той момант дзяўчына да мяне сьпінай стаяла. Страшэнна цікава — якімі жэстамі можна апісаць слова „Параноя“. Наташа скінула мяне вокам і матлянула галавой. Правал!..


Цяпер на кніжны кірмаш у КЗ Менск — амаль без надзеі. Тут таксама адчуў, што ў мяне параноя. Размаўляю з прадавачкай, якая „пра такую кнігу нічога ня чула“. Мы абмяркоўваем, як гэта ўвогуле можна забараніць прадаваць кнігу? І тут краем вока заўважаю, як яе напарнік падае дзяўчынцы знакі, маўляў закрываем тэму. Я праўда гэта бачыў — у мяне не параноя!»


Насамрэч некаторыя гандляры маглі проста прачытаць тую кніжку і… заразіцца. А пасьля заразіць іншых. Параноя — заразьлівая хвароба. Вядомы праўдашукальнік lipkovich, мажліва, зьвяртаўся па тлумачэньні не на той адрас. Трэба было тэлефанаваць не ў Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, а ў Мінздраў. Які, каб запабегчы эпідэміі параноі, мог забараніць распаўсюд патагеннага раману. Толькі-толькі ачомаліся ад сьвінога грыпу!


Раман сапраўды хваробатворны. Дарэмна выдаўцы не зьмясьцілі адмысловага папярэджаньня на вокладцы: асобам зь няўстойлівай псыхікай і падвышанай уражлівасьцю чытаць не рэкамэндуецца. Галоўны герой настолькі пераканаўча, да дрыжыкаў, баіцца злавесных і ўсюдыісных спэцслужбаў, што ўсе спэцслужбы сьвету, і ў першую чаргу беларускі КДБ, павінны былі б садзейнічаць Віктару Марціновічу ў папулярызацыі ягонага твору. Напэўна ж, яны зацікаўленыя ў тым, каб выклікаць трымценьне і ў зародку паралізаваць «шкодны напрамак думак».


Карыстаючыся нагодай, зьвяртаюся да ўсіх чытачоў раману: не паддавайцеся параноі, не дазваляйце сябе запужаць! З запужанымі сапраўды можна рабіць што заўгодна!


Лепей бярыце прыклад з блогера gsbelarus, які напісаў па прачытаньні:


Пасьля таго як перагорнеш апошнюю старонку, кулакі самі сьціскаюцца. І хочацца выйсьці на вуліцу і разагнаць да ўсіх чарцей сабачых гэтую лукашысцка-гэбэшна-ментоўска-бэрэсээмаўскую шэрую кодлу.


Ня дзіва, што раман «не рэкамэндавалі да продажу». Натуральная прапаганда экстрэмізму і антыканстытуцыйнага дзяржаўнага перавароту. Хаця аўтар усё яшчэ спрабуе прыкідвацца кусьцікам:


ЗА ШТО? За кранальны сьвет маіх герояў? За іх каханьне? Яны забаранілі каханьне?


І адначасова какетліва называе сябе «Салжаніцыным нашых дзён». А ня Генры Мілерам, напрыклад, чые раманы якраз пра каханьне, з падрабязным апісаньнем яго фізіялягічнага аспэкту, забаранялі ў ЗША і ў Эўропе. Зрэшты, і пра каханьне таксама. Пад каўпаком КДБ, канечне, дакладней — МГБ. Што нагадвае сюжэт раману «1984» Оруэла, а яшчэ больш — фільму Флярыяна Хэнкеля «Жыцьцё іншых» (Das Leben der Anderen), дзе ў часы існаваньня ГДР адну жанчыну дзеляць паміж сабой таленавіты вальнадумны драматург і высокапастаўлены чыноўнік. Які арганізоўвае праслухоўваньне кватэры свайго суперніка, каб падлавіць яго і прыбраць з дарогі.


У Хэнкеля і Марціновіча скарыстаны адзін прыём — гульня на кантрасьце пратакольнага канцылярыту і жывой мовы закаханых:


…няправільна-асымэтрычнай, ірванай, якая мармыча, лапоча, зьбіваецца з рытму, на кожным кроку адкідае шаблёны, пачуцьцёвая і чуйная, як пальцы сьляпога, што спазнаюць сьвет. Ды іншая мова — мёртвая, паўзгнілая, пракажоная мова апэратыўных данясеньняў. І гэта сапраўды страшна — назіраць як адчайна яны змагаюцца, як гэтая, мёртвая, чумная, у трупных плямах дакранаецца да жывых, як само жыцьцё, закаханых людзей. — піша wozhyk.


Як і Хэнкель, Марціновіч таксама забівае сваю гераіню, Алену Супрановіч — рукамі спэцслужбаў на загад «апошняга дыктатара Эўропы» Мікалая Мураўёва (гэтак у рамане). Той ня змог стрываць, што ягоная палюбоўніца, якую ён, апроч шчырай прыхільнасьці, адарыў уласнасьцю на мільярд даляраў, не здаволілася ім адным, закахаўшыся ў пісьменьніка-апазыцыянэра Анатоля Нявінскага.


Напрошваецца сымбалічнае прачытаньне гэтага трохкутніка. Што жанчына ў ім — гэта ня проста жанчына, а ўвасабленьне самой краіны. Якая, гхм, «настаўляе рогі» састарэламу «папіку» з апазыцыяй у асобе Нявінскага. Памятаеце, была такая крамольная рэкляма аўтацэнтру «Атлант-М»: «Зь ім камфортна, але хочацца маладзейшага?» Нявінскі якраз маладзейшы за Мураўёва на 20 гадоў. Звычайны эйджызм (анг. ageism — нэгатыўны стэрэатып у дачыненьні да людзей пэўнай узроставай катэгорыі, іх дыскрымінацыя, часьцей за ўсё маюцца на ўвазе пажылыя людзі).


Раман Віктара Марціновіча заяўлены як «reality-антыўтопія». Прыстаўка «reality-» азначае, апроч жаданьня аўтара выпендрыцца, нібыта антыўтопія заснаваная на рэальным матэрыяле. Незразумела, дзеля чаго тады Марціновіч адначасова настойвае на тым, што апісаная ў яго рамане краіна — фантастычная. Як бы там ні было, яна занадта бляклая, каб быць утопіяй. Таму і антыўтопіі не атрымалася. Як піша Afineja:


Чаму няма антыўтопіі? Ды таму, што няма ў рамане таталітарнага прыгнёту дзяржавы. І супрацьстаяньня асобы і дзяржавы таксама няма. Уласна, і асобы як такой у рамане няма… Герой — бяз твару, без характару, без жыцьця. Ён, можна сказаць, ніяк сябе не паводзіць Адзіны яго ўчынак, зьдзейсьнены самастойна, без штурхялёў пад зад аўтарам, лёсам і астатнімі пэрсанажамі, палягае ў тым, што ён увайшоў у кавярню, прысеў за столік побач зь дзяўчынай і задаў ёй пытаньне: «Даўна чакаеш?» Усё! На гэтым яго сьвядомыя і самастойныя дзеяньні сканчваюцца раз і назаўсёды.


Але рэцэнзэнт ня ставіць канчаткова на рамане крыж, міласэрна адпраўляючы яго на дапрацоўку:


Ёсьць у «Параноі» трапныя параўнаньні і кранальныя моманты, і дасьціпныя дыялёгі, і забаўныя эпізоды, і нават пэйзажная лірыка месцамі нішто сабе. Чытаць ці не? Ну, хіба што пасьля таго, як чарнавік будзе дапрацаваны і пераўтворыцца ў чыставік.


Вядома, сам ён у чыставік не пераўтворыцца. Чытайце, умерана хваліце, болей крытыкуйце, дапамажыце аўтару зразумець, дзе ён памыліўся.


Ня так важна, што «Параноі» няма ў кнігарнях гораду, галоўнае, каб параноі не было ў вас.