Ці зможа Беларусь далей атрымліваць расейскія льготы?

Belarus - Valer Karbalevich, political analyst, 16Jan2007

Напярэдадні паседжаньня Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы кіраўнікі Беларусі і Расеі абмяняліся важнымі заявамі. Чаму Масква робіць акцэнт на эканамічных пытаньнях? Ці можна лічыць, што Аляксандар Лукашэнка пераводзіць праблему ў сфэру прапагандысцкай рыторыкі? Ці можа чакаць вырашэньня Вышэйшым дзяржсаветам спрэчных праблем?
Удзельнікі: экспэрт зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Чаму Масква робіць акцэнт на эканамічных пытаньнях?

Валер Карбалевіч: “Давайце паспрабуем ацаніць тую інфармацыю, якая паступае з расейскага боку. Прэм’ер Расеі Пуцін, адказваючы на пытаньні расейскіх грамадзян, заявіў, што Беларусь можа атрымаць крэдыты толькі тады, калі пойдзе на больш шчыльную інтэграцыю ў эканамічнай сфэры. А міністар энэргетыкі Расеі канкрэтызуе гэтую заяву Пуціна: калі Беларусь хоча атрымліваць нафту на льготных умовах, то яна павінна дапусьціць расейскі капітал на свае нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ).

Калі ўзгадаць ініцыяванае Расеяй стварэньне Мытнага зьвязу, то атрымліваецца, што Масква ў сваіх прэтэнзіях да Менску акцэнт робіць на эканамічных пытаньнях. Не ідзе гаворка пра нейкія палітычныя ці геапалітычныя праблемы. Вось Мядзьведзеў падчас прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх журналістаў адзначыў, што Расея не патрабуе прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ня надта яе хвалюе і “Ўсходняе партнэрства”. Увага акцэнтуецца на эканоміцы. Гэта новая тактыка Масквы?”

Дзяніс Мельянцоў: “Гэта азначае, што палітыка Расеі па беларускім пытаньні стала больш рэалістычнай і ўзважанай. Раней Масква разьлічвала на Беларусь як на надзейнага палітычнага партнэра, хаўрусьніка ў сфэры бясьпекі і абароны. Цяпер высьвятляецца, што гэтыя разьлікі выявіліся марнымі і наіўнымі. Гэта стала відавочна пасьля Каўкаскай вайны.

Цяпер Масква стала больш рэалістычна глядзець на Беларусь. А зь іншага боку, РФ вырашыла ціснуць на Менск у найбольш адчувальных для яго галінах: эканоміка, энэргетыка. І якраз у гэтай сфэры Масква мае моцныя рычагі ўзьдзеяньня на Менск”.
Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш: “Ад 2003 году Масква выкарыстоўвае менавіта эканамічныя рычагі. Пасьля правалу Расеі ва ўкраінскай выбарчай кампаніі 2004 году Крэмль прыняў рашэньне ня ўмешвацца ва ўнутраныя палітычныя справы суседніх краінаў. А зь іншага боку, РФ мае багаты досьвед выкарыстаньня эканамічных рычагоў”.

Вяртаньне ў сфэру прапагандысцкай рыторыкі?

Карбалевіч: “Заява Лукашэнкі падчас сустрэчы з дэлегацыяй Прыволскай фэдэральнай акругі была вельмі дзіўная. Ён казаў, што Беларусь — малодшы брат Расеі, і на гэтай падставе патрабаваў ад Масквы добрага стаўленьня. Такой рыторыкі з вуснаў Лукашэнкі не было чуваць даўно, яшчэ з часоў Ельцына. То ці можна лічыць, што беларускі лідэр у адказ на эканамічныя патрабаваньні Крамля пераводзіць праблему ў сфэру прапагандысцкай рыторыкі? То бок імкнецца вярнуць мадэль узаемаадносін, якую трапна характарызавалі як “танныя газ і нафта ў абмен на пацалункі”?

І ў гэтым сэнсе зразумела незадаволеньне Лукашэнкі, выказанае падчас сустрэчы з Паўлам Барадзіным, што паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы перанесьлі з 8 на 10 сьнежня. 8 сьнежня — юбілейная дата. 10 гадоў таму ў гэты дзень была падпісана дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы. І гэтая сымбалічнасьць павінна была спрацаваць на карысьць беларускага лідэра”.

Мельянцоў: “Сапраўды, Лукашэнка спрабуе вярнуцца да гэтай старой схемы. Ён ужо ня можа манэтызаваць сваю палітычную ляяльнасьць Расеі, чыньнік вайсковага хаўрусу, бо Менск стаў паляпшаць свае адносіны з ЭЗ. Застаецца спрабаваць манэтызаваць добрае псыхалягічнае стаўленьне Расеі да Беларусі. Лукашэнка спрабуе згуляць на іміджы Беларусі як апошняга саюзьніка Расеі, як “братняй нацыі”. Гэта такая кволая спроба. Але нічога іншага не застаецца, каб мець расейскія датацыі беларускай эканоміцы. Асабліва гэта актуальна падчас крызісу”.

Коктыш: “Сапраўды, гэта спроба вярнуцца ў стары дыскурс беларуска-расейскіх дачыненьняў. Але цяпер Расея пачала будаваць абходны нафтаправод, які павінен уступіць у дзеяньне ў 2012 годзе. А трывалы транзыт — гэта падмурак, на якім будуюцца беларуска-расейскія адносіны. Таму Лукашэнку трэба нешта прыдумаць. Але ён робіць звыклыя хады”.

Ці аддадуць Расеі беларускія НПЗ?

Карбалевіч: “Міністар энэргетыкі Расеі заявіў, што калі Беларусь хоча атрымліваць нафту на йльготных умовах, то яна павінна дапусьціць расейскі капітал на свае нафтаперапрацоўчыя заводы. Ці рэальна Расеі рэалізаваць свой намер?”
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: “Патрабаваньне цалкам натуральнае. Бо што яшчэ РФ можа ўзяць у закладнікі беларускай ляяльнасьці? Калі будзе пабудаваны абходны нафтаправод, то цана беларускіх НПЗ рэзка падае. Лягічным было б прадаць іх цяпер. Але ці адбудзецца гэта, залежыць ад таго, як змогуць беларускія ўлады знайсьці грошы для напаўненьня бюджэту. Але палітыка ўладаў не заўсёды рацыянальная. Таму наўрад ці бліжэйшым часам НПЗ будуць прададзеныя”.

Коктыш: “Шанцы ў Расеі далёка не нулявыя. У гэтым сэнсе цікавы досьвед продажы Мажэйкяйскага НПЗ Літвы палякам. У адказ Расея адмовілася пастаўляць туды нафту, і ён працуе недагружаным. Калі расейская кампанія будзе мець долю акцый у беларускім НПЗ, то яна будзе зацікаўлена ў рэгулярнай пастаўцы туды нафты”.

Ці вырашыць Вышэйшы дзяржсавет спрэчныя праблемы?

Карбалевіч: “Якія прагнозы можна даць напярэдадні паседжаньня Вышэйшага дзяржсавету? Раней падчас такіх канфліктных сытуацый тактыка Лукашэнкі давала эфэкт. Як толькі ён націскаў на балючыя кропкі, гуляў на імпэрскіх комплексах расейскай эліты, тая саступала. Як можна не дапамагчы краіне, кіраўнік якой называе Расею старэйшым братам?”

Мельянцоў: “Думаю, гэтым разам стары трук Лукашэнкі не спрацуе, бо расейскае кіраўніцтва да гэтага прызвычаілася”.

Коктыш: “Па-першае, Крэмль можа падаваць новы Мытны саюз як больш істотную структуру, чым саюзная дзяржава. Па-другое, імпэрская рыторыка ўжо не ўспрымаецца самім расейскім насельніцтвам. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што апошнія 10—12 гадоў у расейскім грамадзтве дамінуе ізаляцыянізм.

Па-трэцяе, падарваны давер кіраўніцтва Расеі да Лукашэнкі, асабліва пасьля таго, як Менск пачаў таргавацца па пытаньні прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Таму спроба Лукашэнкі перавесьці спрэчныя пытаньні ў палітычнае рэчышча наўрад ці будзе выніковай”.