Хроніка крызісу: 29 лістапада – 5 сьнежня

Пачатак кожнага месяца традыцыйна суправаджаецца ростам коштаў. Так, ад 1 сьнежня падвысіліся цэны на цыгарэты, пашыраецца пералік тавараў, якімі дазваляецца гандляваць на рынках: тытунь, алькаголь, цукар, мука, яйкі, піратэхнічныя вырабы. Што за гэтым стаіць? Ці пасьпявае заробак беларусаў за імклівым цэнавым скачком? ЭКАНАМІЧНЫ АГЛЯД ТЫДНЯ.

Ад пачатку году ўжо пяты раз узьняліся кошты на некаторыя гатункі цыгарэтаў. Танныя кшталту “Фэст” і сярэдняй катэгорыі як “West”, падаражэлі на 80 рублёў, даражэйшыя “Charm”, “Elegance”, “Mentol” — на 300 рублёў. Эканаміст Леанід Злотнікаў так тлумачыць рост коштаў:

Леанід Злотнікаў
“Наша краіна ўсё больш жыве ў доўг, за кошт пазыкаў. І ў гэтых умовах ужо не да падвышэньня заробкаў. Калі ў лістападзе пэнсіі падвысілі, то гэта не зусім падвышэньне. Іх проста падцягнулі да таго ўзроўню, які быў увосень мінулага году. І то страцілі за кошт інфляцыі больш, і зноў жа працягваецца інфляцыя. Даводзіцца пакрысе падвышаць цэны, і падвышэньне цэнаў цягам некалькіх гадоў адбываецца паўзучымі мэтадамі. У нас прынята цэны падвышаць паступова, каб насельніцтва ня надта абуралася”.

Ад 1 сьнежня дазволена гандляваць на рынках тытунёвымі і алькагольнымі вырабамі, мукой, цукрам, яйкамі. Прычым алькаголем і тытунём — толькі ў стацыянарных гандлёвых аб’ектах: крамах, прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня. Эканаміст Аляксандар Кавалёў такім чынам ацаніў зьмены:

Аляксандар Кавалёў
“Прычына — недахоп бюджэтных сродкаў. І тое, што падвышаюцца цэны на тытунь, гэта традыцыйная палітыка росту акцызных падаткаў для таго, каб папоўніць бюджэт. Ніхто ня зможа недаплаціць гэты падатак, таму што акцызныя маркі закупляюць прадпрыемствы, якія вырабляюць тытунь. Тое тычыцца і іншых дробязяў: Мінфін і Міністэрства па падатках і зборах працуюць. Пры гэтым, гэта яшчэ выглядае і як лібэралізацыя”.

Урад зацьвердзіў пералік тавараў беларускай вытворчасьці, для набыцьця якіх малазабясьпечаным грамадзянам даюцца ільготныя крэдыты. Сюды ўвайшлі кампутары, тэлевізары, лядоўні, ровары, духоўкі, мікрахвалёўкі, пральныя машыны, мэбля, дываны, адзеньне беларускіх фабрык. Тавары можна набыць пад 10% гадавых, калі сукупны даход на кожнага чальца сям’і не перавышае трохразовага мінімальнага спажывецкага бюджэту.

А вось аўтадылеры рыхтуюцца страціць палову прыбытку. Згодна з рашэньнем камісіі Мытнага саюзу, ад 1 студзеня 2010 году стаўкі пошлін на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі будуць падвышаныя да расейскага ўзроўню. Паводле папярэдніх разьлікаў, кошт новых аўто ў сярэднім можа падвысіцца на 40%. Прадстаўніца гандлёвага цэнтру “Мазда-Лэндровэр” холдынгу “Атлант-М” Эла Шляга кажа, што з улікам новых абставінаў тэрмінова даводзіцца перапісваць пляны разьвіцьця бізнэсу:
падвышэньне мытных плацяжоў прывядзе да зьніжэньня нашага даходу ...

“Атрымліваецца заніжанай прыбытковасьці бізнэс у прынцыпе. Мы ня схільныя занадта драматызаваць сытуацыю, але тое, што падвышэньне мытных плацяжоў прывядзе да зьніжэньня нашага даходу, да зьмяншэньня свабоднага капіталу для разьвіцьця -- гэта відавочна. Адпаведна, будзе меней магчымасьцяў для складоў, меней магчымасьцяў для інвэстыцый унутраных. Ну, і для кліентаў магчымасьцяў меней, тут усё завязана. Але асноўнае — гэта прыбытак кампаніі. Яго будзе меней дзесьці напалову”.

Генэральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава прагназуе: такі паварот прывядзе да татальнага адкату ў разьвіцьці легальнага аўтабізнэсу. Па яе словах, ад 2005 году, калі заканадаўча выраўняліся пошліны на аўтамабілі для фізычных і юрыдычных асобаў, продаж новых машын у Беларусі вырас у 10 разоў, удвая павялічылася колькасьць аўтамабільных брэндаў. У новых умовах гэта будзе згортвацца:
прывядзе да татальнага адкату ў разьвіцьці легальнага аўтабізнэсу ...

“Што да афіцыйных дылераў, то яны ня проста завозяць сюды аўтамабілі, а будуюць станцыі, дылерскія цэнтры. Гэтыя сеткі разрастаюцца і ў рэгіёны. Часта людзі скардзяцца, што даводзіцца езьдзіць на абслугоўваньне ў Менск. Гэта лішняя трата бэнзіну, лішняя трата грошай, бо разумней абслугоўвацца па месцы жыхарства. Таму дылеры ствараюць свае цэнтры ці хоць бы станцыі тэхнічнага абслугоўваньня ня толькі ў абласных гарадах, але ўвогуле па рэгіёнах. А гэта азначае інвэстыцыі. Дзе яшчэ ўзяць гэтыя грошы?”




Для фізычных асобаў новыя правілы ўвозу аўтамабіляў у рамках Мытнага саюзу пакуль ня вызначаныя. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што пытаньне з прыватнымі пастаўшчыкамі аўто — самае складанае для Беларусі ва ўсёй ідэі Мытнага саюзу. Як сытуацыя будзе вырашацца — не ўдакладняецца.

Курс эўра 29.11-04.12
Цягам апошняга тыдня ў Беларусі пачаў прыкметна мяняцца курс рубля. Рубель, прывязаны да кошыка валют з эўра, даляра і расейскага рубля, пачаў таньнець. Абменьнікі прадавалі эўра за 4210 рублёў, а даляр — за 2795 рублёў. Прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў пагаджаецца, што курс рубля зьменшыўся, і супакойвае:

“Калі кошт зьмяншаецца, то, канечне, гэта дэвальвацыя. Але нязначная. Рубель застанецца ў рамках абвешчанага калідору плюс-мінус 10%. Нічога экстраардынарнага не адбываецца. Зьмяншаецца курс, значыць — зьмяншаецца, але застанецца ў калідоры. Кошт кошыка абвешчаны на пачатку гэтага году — 960 рублёў плюс-мінус 10%. Кожны можа падлічыць і вызначыць гранічнае значэньне кошту кошыка”.

Аляксандар Чубрык
Эканаміст Аляксандар Чубрык не прагназуе абвалу рубля, які быў на пачатку году. Бо гэта павінна быць палітычнае рашэньне, якое для цяперашняй сытуацыі непрымальнае:

“І з эканамічнага гледзішча, бо гэта можа пацягнуць за сабой вельмі сур’ёзныя праблемы ў банкаўскай сыстэме, а значыць, ва ўсёй эканоміцы. І з палітычнага гледзішча, бо за год да выбараў ніхто не зацікаўлены, каб рабілася такая дэвальвацыя”.

У праекце бюджэту на наступны год сярэднегадавы курс даляра заплянаваны на ўзроўні 3100 рублёў.

Рада выканаўчых дырэктараў Усясьветнага банку зацьвердзіла выдзяленьне Беларусі пазыкі на 200 мільёнаў даляраў. З улікам крэдыту Ўсясьветнага банку зьнешні дзяржаўны доўг складае 6,5 мільярдаў даляраў, а ўсяго, на меркаваньне фінансістаў, сукупны доўг наблізіўся да 20 мільярдаў.

Станіслаў Багданкевіч
Прафэсар, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч удакладняе:

“Паводле афіцыйных дадзеных дзяржава ўзяла больш за 6 мільярдаў даляраў пазыкаў. Але ў дзяржаўны доўг не ўваходзяць даўгі банкаўскай сыстэмы. Калі ўлічыць і іх, то сукупны доўг наблізіўся да 20 мільярдаў даляраў”.

Куды трацяцца крэдыты, якія атрымлівае Беларусь? Станіслаў Багданкевіч лічыць, што фактычна… на пагашэньне іншых крэдытаў. Пачынаючы ад 2011 году зь бюджэту краіны давядзецца выдаткоўваць 1 мільярд даляраў толькі на абслугоўваньне пазыкаў. І з кожным годам гэтая лічба будзе расьці.

Яўген Арцюшэнка
А вось старшыня камісіі грашова-фінансавай палітыкі і банкаўскай дзейнасьці ў Палаце прадстаўнікоў Яўген Арцюшэнка лічыць, што небясьпекі ад замежнага крэдытаваньня для Беларусі на гэты час няма:

“Можна браць. Таму што пытаньні запазычваньня вызначаюцца спэцыяльнымі нарматывамі. А яны ёсьць у кожнай краіне. Сума зьнешняга доўгу ў нас сёньня некрытычная адносна памераў валавога ўнутранага прадукту. У прынцыпе, гэта некрытычныя моманты”.

Пад праграму эканамічных рэформаў, разьлічаную да красавіка 2010 году, Беларусь павінна атрымаць ад МВФ агулам 3,6 мільярда. У верасьні 2009-га Лукашэнка зацьвердзіў пагадненьне пра пазыку з Усясьветным банкам. Крэдытаў на 3 мільярды даляраў за апошнія два гады выдала Беларусі Расея.

На гэтым тле таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй імкліва зьніжаецца. Летась ён дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 34,3 мільярда даляраў, а сёлета чакаецца рэкорднае падзеньне. Паводле статыстыкі за 10 месяцаў, двухбаковы таваразварот склаў 18,7 мільярда даляраў – упаў у параўнаньні зь аналягічным пэрыядам мінулага года на 38,3%. Прычым беларускі экспарт у Расею ўпаў больш – на 42%, а адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 8 мільярдаў даляраў.

Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка рэкордныя лічбы ацаніў так:

“Увогуле, гэта правал гэтага расейска-беларускага саюза. Столькі часу затрацілі на перамовы, на мытны саюз, а выніку ўсё прыхлопнулася. Гэта жудасна! Ад аб’ёму продажу ў Расею беларускіх грузавікоў засталося 18%”.

У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця Расеі мяркуюць, што прыпыніць падзеньне дапаможа Мытны саюз паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, які павінен запрацаваць з новага года. Кіраўнік Дэпартамэнту эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі СНД Сяргей Чарнышоў мяркуе: саюз паспрыяе і спыненьню так званых гандлёвых войнаў паміж краінамі:

“Мытны саюз і адзіная эканамічная прастора ствараюць зусім новы ўзровень правілаў. Яны ствараюць магчымасьці для таго, каб жыць без гандлёвых войнаў. Мы разьлічваем, што пасьля пэўнага пераходнага пэрыяду ў нас ня будзе, напрыклад, асобных рынкаў малака Расеі і Беларусі, у нас будзе агульны рынак малочных прадуктаў, аб’яднаны агульнымі тэхнічнымі патрабаваньнямі”.

Эканаміст Леанід Заіка прагназуе, што адзіныя таварныя рынкі могуць прывесьці і да росту цэнаў. Напрыклад, закупачная цана літра малака ў Расеі складае 17 рублёў, што пакуль даражэй, чым у Беларусі. Ва ўмовах адзінага таварнага рынку, кажа экспэрт, малако ў Беларусі падаражэе разы ў паўтара.

У Маскве пачаліся “газавыя” перамовы. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і старшыня праўленьня “Газпрому” Аляксей Мілер абмеркавалі ўмовы працы ў сфэры паставак і транзыту газу. Пакуль без рэальных вынікаў.

Сёлета беларускі бок аплачвае расейскі газ па сярэднегадавой цане ў 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прычым, разьлічваецца паводле графіку, які афіцыйны Менск стварыў сам для сябе, спасылаючыся на вусныя дамоўленасьці паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі.

Падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сказаў: у 2010 годзе кошт газу для Беларусі будзе на 30-40% ніжэйшы, чым для аналягічных краінаў. Прыкладам, у чацьвёртым квартале 2009-га цана на газ для Беларусі складзе 122 даляры за тысячу кубамэтраў. Паводле Мядзьведзева, з 1991 году Расея ўклала ў разьвіцьцё эканомікі Беларусі 50 мільярдаў даляраў у якасьці інвэстыцый і прэфэрэнцый.

Уладзімер Сямашка падчас нядаўняй паездкі ў Екацярынбург заявіў, што Менск прапануе “прымарозіць” рух па цэнах на 2010 год і пакінуць умовы 2009-га. Між тым кіраўнік “Газпрома” Аляксей Мілер яшчэ ў кастрычніку зазначыў: цана на газ для Беларусі будзе падвышацца ў адпаведнасьці з кантрактам, які прадугледжвае паэтапны рост коштаў.

Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін падчас штогадовай тэлеразмовы з расейцамі 3 сьнежня таксама нагадаў пра вялікую фінансавую падтрымку Беларусі – пра 3 мільярды даляраў крэдытаў, пра тое, што Беларусь мае магчымасьць накіроўваць у Расею каля 100% свайго экспарту мясных прадуктаў, каля 80 – малочных, а таксама пра тое, што Беларусь купляе ў Расеі нафту па самай таннай цане ў сьвеце:

“Кіраўніцтву Беларусі хацелася б паболей. І гэта, напэўна, было б магчыма. Але ўсё павінна быць сінхранізавана з працэсамі інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы. Чым глыбей гэтая інтэграцыя, тым болей магчымасьцяў пераходзіць на ўнутрырасейскія цэны і стандарты, у тым ліку па энэрганосьбітах”.

Пуцін нагадаў: беларускі ўрад зьвярнуўся з просьбай захаваць цану на газ для Беларусі на ўзроўні бягучага года, хоць паводле кантракту павінна адбыцца яе павышэньне. Ён падкрэсьліў, што аб’ём крэдытаў, выданых Беларусі Расеяй, дастатковы, каб плаціць па рахунках. Гэтаксама кіраўнік расейскага ўраду выказаўся наконт продажу ў Расеі беларускай сельгастэхнікі. Па яго словах, тэхніка зь Беларусі можа паступаць на рынак Расеі без абмежаваньняў, але ва ўмовах крызісных зьяваў ва ўласнай эканоміцы немагчыма дапусьціць беларускіх вытворцаў у праграмы набыцьця субсыдаванай тэхнікі. Іначай расейскія заводы папросту спыняцца.

У цэлым Пуцін назваў кіраўніцтва Беларусі “прыхільнікам інтэграцыйных працэсаў і збліжэньня з Расеяй”.