Бабруйск, плошча Леніна, 1. Гарадзкі Савет дэпутатаў

Шыльда свабоды
Бабруйск, плошча Леніна, 1. Гарадзкі Савет дэпутатаў
Насупраць гэтага будынка 31 жніўня 2006 году прыкаваў сябе да слупа дэмакратычны актывіст настаўнік Алесь Чыгір на знак пратэсту супраць парушэньня права чалавека на працу.
Бабруйск не аднойчы ў найноўшай гісторыі ўзрушалі розныя палітычныя акцыі пратэсту. Але такога, што адбылося 31 жніўня 2006 году насупраць будынку гарадзкога Савету дэпутатаў, горад раней ня бачыў.

Сярод белага дня дэпутат гарадзкога Савету настаўнік Алесь Чыгір прыкуў сябе ланцугом да слупа. У руках у яго быў плякат з артыкулам Канстытуцыі, які гарантуе права на працу.

Настаўніка гісторыі Алеся Чыгіра ў Бабруйску ведалі ўжо добры дзясятак гадоў. Спачатку ён прапагандаваў беларускую гісторыю. Пазьней тлумачыў людзям паняцьці правоў чалавека, дэмакратыі, рынкавай эканомікі. Ладзіў сэмінары для моладзі, выдаваў бюлетэні, пашыраў дэмакратычны актыў у горадзе, арганізоўваў акцыі супраць падпісаньня розных пагадненьняў з Расеяй. Такая актыўная дзейнасьць дапамагла яму стаць дэпутатам гарадзкога савету. Было яму тады толькі 30 гадоў. Самы малады і адзіны дэмакратычны дэпутат разбурыў адзінагалосны спакой у гарсавеце.

У 2006 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах Чыгір ачоліў штаб Аляксандра Мілінкевіча ў Бабруйску. 20 сакавіка быў у Менску на Плошчы, затым зьехаў у Бабруйск на працу. А 25 сакавіка зноў паехаў на сьвяткаваньне Дня Волі ў Менск, насуперак усім намаганьням бабруйскіх уладаў ня выпусьціць яго туды. Спрабавалі забраць на вайсковыя зборы — не атрымалася: у Алеся трое дзяцей. Ля дома пільнавала машына — ён выбраўся з двара «таямнічымі сьцежкамі». А вось падпісаная ім папера пра тое, што субота 25 сакавіка ў школе мае быць працоўным днём, вырашыла ўсё. Адразу ня звольнілі за прагул — прафкам заступіўся, але пры канцы лета, калі скончыўся кантракт, настаўнік зрабіўся беспрацоўным.

Алесю Чыгіру прапаноўвалі пакаяцца. Але ён, які вучыў людзей стаяць да канца, ня мог пайсьці на кампраміс.

Акцыю ён рыхтаваў з кансультантам — студэнтам Кіеўскага інстытуту кінэматаграфіі Максімам Буйніцкім, раней выгнаным зь Беларускай акадэміі мастацтваў за тое, што прыкуў сябе да слупа на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў 2004 годзе. Успамінае Алесь Чыгір:

«Я набыў ланцуг, замкі, і мы трэніраваліся прыкоўвацца. Максім засякаў, колькі часу спатрэбіцца, каб зрабіць гэта хутка. Таксама ён схадзіў на плошчу, дакладна зьняў памеры гэтага слупа. Мы баяліся ўцечкі інфармацыі, каб міліцыя не прыехала туды раней за нас. Мы вырашылі, каб да рукі я прыкаваўся яшчэ дома, а на плошчы нам заставалася толькі замкнуць замок. Так і атрымалася. Супрацоўнікі спэцслужбаў зьявіліся толькі праз 15 хвілін. Магчыма, я і даўжэй прастаяў бы. Але тады горад рыхтаваўся да „Дажынак» і паўсюль вяліся працы. У працоўных была «баўгарка», і міліцыянты яе ў іх узялі. Але калі яны цягнулі гэтую «баўгарку“, Максім выцягнуў з разэткі шнур, і ім давялося вяртацца і ўстаўляць яго зноў».


Уся акцыя доўжылася 23 хвіліны, але, дзякуючы журналістам, атрымала вельмі вялікі розгалас. А праз два тыдні, калі абласны пракурор даў згоду на арышт дэпутата гарсавету, суд арыштаваў Алеся Чыгіра на 10 сутак за несанкцыянаваную акцыю і непадпарадкаваньне міліцыі.