Яркія ідэі для шэрых дзён


Недахоп сьвятла, кароткі дзень, слота... Заходнія мэдыі пачынаюць пісаць пра тое, як змагацца з так званым сэзонна залежным разладжаньнем арганізму. Некалькі варыянтаў змаганьня зь зімовай дэпрэсіяй называе сёньня “The Wall Street Journal”.

Час, калі неўзабаве пасьля абеду цёмная коўдра ахутвае ўсю тваю краіну, у многіх людзей выклікае жаданьне застацца ў ложку і дачакацца вясны. Гэтае жаданьне тым больш адчувальнае, чым далей чалавек жыве ад экватара. Падлічана, што 20 працэнтаў – а гэта кожны пяты з жыхароў скандынаўскіх краінаў – пакутуе на зімовую дэпрэсію. Відаць, недалёкія ад іх і беларусы.

Для дэпрэсіі характэрныя агульная млявасьць, санлівасьць, раздражняльнасьць, жаданьне пазьбегчы сацыяльных кантактаў, а таксама пераяданьне, асабліва вугляводнай ежы. Пік зімовай дэпрэсіі прыпадае на студзень і люты, асабліва адчувальныя да яе ўплыву жанчыны і людзі ў веку ад 18 да 30 гадоў.

Некаторыя людзі, між тым, не разглядаюць зімовую дэпрэсію як хваробу. У разладзе арганізму яны абвінавачваюць самі сябе або стрэс на працы ці на вучобе.

На тых, хто сам будуе ўласнае шчасьце, разьлічаная, напрыклад, тэрапэўтычная праграма, якую распрацавалі псыхолягі з унівэрсытэту Вэрмонт у ЗША. Прафэсарка Келі Роган і яе калегі вучаць людзей вызначыць, а потым зьмяніць нэгатыўнае ў сваіх думках і паводзінах на станоўчае.

Далей варта згадаць некалькі іншых сродкаў.

Вітамін D. Натуральным шляхам ён утвараецца ў арганізьме, калі сонечныя промні ўзьдзейнічаюць на скуру. Дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да шэрагу хваробаў, у тым ліку дэпрэсіі. Акрамя магчымасьці купіць вітамін D у аптэцы, ёсьць яшчэ магчымасьць спажываць больш рыбы, яек, малака. Успомнім і той славуты рыбін тлушч, які калісьці дзецям хоцькі-няхоцькі абавязкова давалі ў дзіцячых садках.

Сьвятлотэрапія. Найбольш досьледных пацьверджаньняў маюць рэкамэндацыі штодня сядзець 15-20 мінут перад інтэнсіўным сьвятлом. Сучасныя сьветлавыя апараты (light box) маюць ілюмінацыю 10 000 люксаў – гэта ў шмат разоў больш, чым прыроднае сьвятло. Важна, каб у часе такой сьветлавой ванны былі абароненыя вочы. Так званы light box ня трэба блытаць з салярыем, дзе, як і ў часе загару пад сонцам, арганізм не абаронены ад ультрафіялетавых промняў.

Практыкаваньні вонках. Нават калі зімовае сьвятло скупое, экспэрты раяць не адкідаць любой магчымасьці пабыць на дварэ. Калі гэта магчыма, кожную кароткую паездку на машыне замяніце праходкай.

Дыета. Лёгкая, пераважна гароднінная страва можа дапамагчы рэгуляваць інсулін, а такім чынам і настрой. Традыцыйна дыеты раяць пазьбягаць вугляводаў, хаця ёсьць і нямала аргумэнтаў пачуцьцёвай карысьці шакаляду – ён павышае ўзровень сэратаніну, які называюць сакрэтным гармонам шчасьця.

І, урэшце, навінка для аматараў тэхнічных вынаходзтваў.

Імітацыя сьвітаньня. Гэта штучнае падаўжэньне сьветлавога дня, якое раяць пачынаць са спальні. Некаторыя дактары лічаць, што больш паступовы пераход ад цемры да дзённага сьвятла дадае чалавеку, што прачынаецца, больш энэргіі. Вытворцы прапануюць ужо некалькі мадэляў “сьветлавых будзільнікаў”, якія разбудзяць вас прыемным сьвятлом.