Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Валадарскага, 2
У гэтай турме ў 1990-я — 2000-я гады ўтрымліваліся дзясяткі палітычных зьняволеных — актывістаў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
У гэтай турме ў 1990-я — 2000-я гады ўтрымліваліся дзясяткі палітычных зьняволеных — актывістаў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Такі мікраклімат вельмі цяжкі для непадрыхтаванай псыхікі — кажа палітвязень Севярынец. Але —
«Валадарка — гэта своеасаблівае гарніла, дастаткова сур’ёзнае месца, дзе беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух выпрабоўваўся. Шмат хто прайшоў праз гэтую турму — ад Якуба Коласа да Юр’я Хадыкі, Аляксея Шыдлоўскага, Андрэя Клімава. І я не сустракаў чалавека, для якога б Валадарка была прагулкай ці проста нейкім звычайным этапам жыцьця. Яна заўсёды была выпрабаваньнем на злом. І людзі яго вытрымлівалі. Калі толькі туды трапляеш, пачынаеш сумнявацца, ці выстаіш, ці вытрымаеш. Разам са шляхам Бог дае сілы. Гэта як з мэталам, які гартуюць спачатку ў полымі, потым у вадзе. Гэта таксама трэба прайсьці, каб пасьля цябе не палохалі пагрозы, допыты, калёніі. Гэта месца, дзе гартуюцца».
Збудаваны паводле праекту архітэктара Пішчалы ў 1825 годзе ў якасьці Менскай губэрнскай турмы, замак вельмі хутка здабыў славу палітычнага астрогу, дзе сядзелі ўдзельнікі паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў, пазьней — клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас.
І хоць у сучаснай «Валадарцы» ўтрымліваюць да сьледзтва перадусім меркаваных злачынцаў, яна і сёньня захоўвае славу палітычнай турмы. Празь яе прайшлі самыя небясьпечныя з гледзішча рэжыму яго апанэнты — прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і прафэсар Юры Хадыка, міністар Васіль Лявонаў і надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Міхаіл Марыніч, мастак Рыгор Кійко і бізнэсовец Андрэй Клімаў, марскі афіцэр Валеры Шчукін і студэнт Андрэй Кім, яшчэ дзясяткі актывістаў апазыцыі.
У цэнтры Менску свабоднай думцы і сумленьню заўсёды знаходзіцца месца за кратамі і калючым дротам.