Шыльда Свабоды
Менск, 1-ы завулак Акрэсьціна, дом 36
Прыёмнік-разьмеркавальнік. Тут у пару прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі знаходзіліся ў зьняволеньні тысячы ўдзельнікаў апазыцыйнага дэмакратычнага руху.
Прыёмнік-разьмеркавальнік. Тут у пару прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі знаходзіліся ў зьняволеньні тысячы ўдзельнікаў апазыцыйнага дэмакратычнага руху.
«Калі я ўпершыню трапіла на Акрэсьціна, то супрацоўнікі турмы з усьмешкай казалі: „Нарэшце і Палажанка, мы цябе чакалі“. Яшчэ калі я была непаўналетняй, мяне там ужо добра ведалі, бо я насіла перадачы нашым сябрам. Ахоўнікі ўсьміхаліся і казалі: „Што, Наста, насіла ты перадачы, цяпер табе панясуць“. І настолькі мы хацелі быць маральна побач з гэтымі людзьмі, якія былі ў зьняволеньні на Акрэсьціна, што калі адчыніліся дзьверы, у мяне было такое ўражаньне, што я гэта ўжо бачыла. Калі ты зазнаеш усё на ўласнай скуры, усё падаецца не такім страшным. На дзіва, стараесься падбадзёрыць тых людзей, якія на волі: не турбуйцеся, усё добра, змагайцеся, і праз ...наццаць сутак мы да вас далучымся».
У дні апазыцыйных акцыяў камэры запаўняліся так, што спалі па чарзе ці ўпрытык. Зьняволеныя пасьля Чарнобыльскага шляху 1996 году ўзгадваюць, што калі паварочваўся адзін, мусілі прачнуцца і павярнуцца ўсе. Бывалі дні, калі на Акрэсьціна адразу кідалі па тры і болей сотні «палітычных». У 2006 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў цягам аднаго тыдня прэвэнтыўна на Акрэсьціна кінулі каля 1760 чалавек. І калі празь некалькі дзён намётавы лягер пратэсту разагналі і аўтазакі з новай партыяй людзей накіраваліся да вязьніцы, там ужо не было месцаў. Тады дзяўчат адвезьлі ў турму на вуліцы Скарыны, а хлопцаў — ажно ў Жодзінскі ізалятар. А на Дзень Волі 25 сакавіка, калі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін павёў дэманстрацыю на Акрэсьціна падтрымаць вязьняў, там месцы ўжо былі. Іх дэманстранты і занялі, калі паход быў люта разагнаны войскамі.
Праз Акрэсьціна прайшлі і моладзь, і многія выбітныя людзі мастацтва, навукі, літаратуры. Як сказаў неяк журналістам адзін з ахоўнікаў турмы, ён пазнаёміўся там з тымі, пра каго чытаў у кнігах, газэтах, бачыў на тэлеэкране. Аднойчы разам з тэатральным рэжысэрам Валерам Мазынскім сядзелі ў адной камэры палітык Анатоль Лябедзька, журналіст Мікалай Тоўсьцік, маладафронтаўцы. Усяго 14 чалавек. Бавілі час рэпэтыцыямі сугучнай сучаснай Беларусі п’есы Горкага «На дне». Гаворыць Валер Мазынскі:
«Была раздрукаваная п’еса ў 16 экзэмплярах на кожную дзейную асобу. І была прынесеная туды і, на дзіва, прапушчаная. Толькі зьдзівіліся, чаму мне столькі паперы прынёс сын? Чыталася п’еса па ролях. Але, разумееце, на вуліцы п’еса „На дне“ цікавей разыгрывалася. Нашы рэпэтыцыі перапыняліся тым, што мы прыліпалі да вокнаў і крычалі „Жыве Беларусь!“, тым самым падтрымлівалі тых, хто быў на вуліцы, новых, якіх прывозілі. Сьпявалі песьні. Сытуацыя была блізкая да горкаўскай. Але пры ўсім тым больш радасная. Таму што ў Горкага не было ніякага прасьвету, а ў нас у той час былі вялікія надзеі».