Сярод пацярпелых у “Неўскім экспрэсе” ёсьць і грамадзянін Беларусі

  • БелаПАН
Пра гэта паведаміла журналістам міністар аховы здароўя Расеі Тацяна Голікава. Паводле папярэдніх зьвестак, у катастрофе пацярпелі шэсьць замежных грамадзянаў, у тым ліку адзін італьянец, адзін бэльгіец, адзін азэрбайджанец і два ўкраінцы.

У амбасадзе Беларусі Расеі пакуль няма інфармацыі аб пацярпелым суачыньніку.

Т.Голікава таксама паведаміла, што ўсе пацярпелыя замежнікі знаходзяцца ў шпіталях Санкт-Пецярбургу і Масквы. Нацыянальная прыналежнасьць некалькіх пацярпелых, якія застаюцца ў цяжкім стане, яшчэ высьвятляецца.

Паводле апошніх зьвестак МНС Расеі, у катастрофе “Неўскага экспрэсу” загінула 25 чалавек, зь іх апазнаныя 19, месца знаходжаньня 26 пасажыраў не вядомае. У шпіталях знаходзіцца 92 пацярпелыя.

Цягнік “Неўскі экспрэс”, які йшоў з Масквы ў Санкт-Пецярбург, быў падарваны позна ўвечары 27 лістапада на мяжы Цьвярской і Наўгародзкай абласьцей.