Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі прыняў рашэньне ўзнагародзіць беларускага апазыцыйнага палітыка Валерыя Буйвала Ордэнам Заслугі Рэчы Паспалітай. Разам зь ім у сьпісе на ўзнагароду — расейскія дысыдэнты Букоўскі і Падрабінек. Аднак для таго, каб яны атрымалі ўзнагароду, патрэбная згода ўладаў іх краін. Падрабінек з гэтай нагоды пратэстуе, Буйвал — не.
Рашэньне аб уганараваньні Валерыя Буйвала “за выбітныя заслугі ў дзейнасьці на карысьць дэмакратычных перамен, за падтрымку імкненьня да незалежнасьці ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе” было абвешчана на мінулым тыдні ў Варшаве. Тады ж на адмысловай цырымоніі кіраўнік прэзыдэнцкай канцылярыі Ўладзіслаў Стасяк уручыў крыжы камандора, афіцэраў і кавалераў Ордэну Заслугі 14 грамадзянам Украіны, Літвы, Грузіі, Эстоніі. Усе гэтыя ляўрэаты — былыя дысыдэнты, якія ў камуністычны час актыўна супрацоўнічалі з польскай апазыцыяй.
Расейcкі апазыцыйны журналіст Аляксандар Падрабінек публічна адмовіўся ад ордэну ў сувязі з тым, што прэзыдэнт Польшчы зьбіраецца прасіць у Крамля дазволу на ягонае ўзнагароджаньне. Ён ня згодны з тым, што “ўручэньне польскіх дзяржаўных узнагарод замежным грамадзянам патрабуе згоды дыктатараў і прэзыдэнтаў, якія ў сваіх краінах ня маюць грамадзкай падтрымкі”, — напісаў Аляксандар Падрабінек у адкрытым лісьце да прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага.
Валеры Буйвал ад узнагароды не адмаўляецца. Рэакцыю Падрабінека ён назваў “сьмешнай”.
“Я ўдзячны польскаму грамадзтву і прэзыдэнту Польшчы. Для мяне гэта вялікі гонар. І ўспрымаю гэтае прадстаўленьне да польскай узнагароды як прызнаньне барацьбы нашых беларускіх патрыётаў за нашу і вашу свабоду”.
Аднак спадар Буйвал ня ўпэўнены, што зможа неўзабаве ўзяць польскі ордэн у свае рукі, бо паводле польскага закону для ўзнагароджваньня дзяржаўнымі ордэнамі замежных грамадзян патрэбная згода ўрадаў іх краін.
Гэта пацьвердзіў “Свабодзе” супрацоўнік польскай амбасады ў Менску Павал Марчук:
“Сапраўды, гэта так, у Польшчы дзейнічае закон “Аб узнагароджаньнях”. Ня ведаю, чаму так сталася, пра гэта трэба было б запытаць заканадаўцаў. Аднак закон у нас такі”.
Верагоднасьць таго, што беларускі ўрад ня дасьць згоды на ўзнагароджваньне апазыцыянэра польскім ордэнам, вялікая. З такой сама прычыны ў верасьні гэтага году не атрымалі польскіх узнагародаў 10 вэтэранаў Арміі Краёвай зь Беларусі. У вайну яны змагаліся з нацыстамі і камуністамі, па вайне атрымалі да 25 гадоў лягераў, усё жыцьцё былі ў няласцы ў савецкіх уладаў. Такую ж пазыцыю перанялі сучасныя беларускія ўлады. Гаворыць адна з вэтэранак АК, якая 17 верасьня пабывала на ўрачыстасьці ў Варшаве, але так і не атрымала польскага крыжа “За заслугі”, да якога была прадстаўленая, Вэраніка Сэбасьцьяновіч:
“Я дакладна ведаю, што мы ня першыя такія. Некалькі разоў ужо пісала польская амбасада ды іншыя прэзыдэнту Беларусі, але няма ніякага адказу”.
Паводле спадарыні Сэбасьцьяновіч, беларускія ўлады выхаваныя ў камуністычным духу і ня могуць пагадзіцца на ўшанаваньне вэтэранаў антысавецкай партызанкі:
“Цяпер гэта нібыта не датычыць Беларусі, якая зьяўляецца вольнай і незалежнай. Таму я ня ведаю, чаму ўлады так дзейнічаюць, можа, ня хочуць абразіць Расею, можа, што іншае, ня ведаю...”
Тым часам Валеры Буйвал упэўнены, што і ён, і беларускія вэтэраны Арміі Краёвай праз пэўны час атрымаюць польскія ўзнагароды, бо цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, на ягоную думку, ня вечная.
У МЗС Беларусі не змаглі пацьвердзіць факт атрыманьня запыту з Польшчы наконт узнагароджваньня Валерыя Буйвала.
Сытуацыю вакол польскага ордэну для грамадзяніна Беларусі Валерыя Буйвала для Радыё Свабода камэнтуе шматгадовы дэпутат Сэйму Тадэвуш Івіньскі:
“Гэта даволі далікатная справа, бо з аднаго боку прынятыя пэўныя дыпляматычныя правілы, што добра было б, калі б такія рэчы адбываліся ня тое што са згоды, але з інфармаваньнем іншага боку, іншай дзяржавы, хаця гэта, натуральна, не абавязковая ўмова, каб узнагародзіць яе грамадзяніна. А калі рэч ідзе пра апазыцыянэраў, дык гэта далікатная рэч. Я б не хацеў крытыкаваць тут свайго прэзыдэнта, асабліва для замежнага СМІ, але гэта няёмкая сытуацыя, так бы я сказаў...”