Беларуска-казахстанская кааліцыя: супраць каго сябруем?

Працягваецца афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. На перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам казахстанскі лідэр назваў свой прыезд знакавым, паабяцаўшы поўную падтрымку Беларусі на эўрапейскай арэне — Казахстан абраны ў якасьці старшыні АБСЭ і ад наступнага году распачынае выконваць гэтыя абавязкі.

Казахстан займае трэцяе месца ў аб’ёме зьнешняга гандлю Беларусі з постсавецкімі дзяржавамі пасьля Расеі і Ўкраіны. Праўда, у размове з казахстанскім калегам Аляксандар Лукашэнка назваў цяперашнія тэмпы супрацоўніцтва нездавальняючымі — за 9 месяцаў бакі не нагандлявалі і на 300 мільёнаў даляраў. Таму ўсе спадзяваньні на пэрспэктыву: акрэсьлены шэраг сумесных праектаў, агульны аб’ём якіх складзе 3 мільярды даляраў. Анансаваны Нурсултанам Назарбаевым “прарыў” у міждзяржаўных стасунках камэнтуе палітоляг Віктар Чарноў:
роднаснасьць двух рэжымаў ужо адпачатку стварае вельмі спрыяльную глебу для шчыльных кантактаў ...

“Гэта дастаткова блізкія, роднасныя адзін аднаму палітычныя рэжымы, і таму яны заўсёды могуць знайсьці паміж сабой узаемаразуменьне па многіх пытаньнях зьнешняй і асабліва ўнутранай палітыкі. Проста Назарбаеў сябе заўсёды паводзіць больш абачліва ў стасунках з Эўропай, з Амэрыкай і не даводзіў справу да такіх канфліктаў, як гэта рабіла наша кіраўніцтва. Нягледзячы на тое, што рэжым Назарбаева ніяк ня больш дэмакратычны, чым рэжым Лукашэнкі. Вось гэтая ў нейкай ступені роднаснасьць двух рэжымаў ужо адпачатку стварае вельмі спрыяльную глебу для шчыльных кантактаў — міжнародных, эканамічных, у культурнай галіне і г.д.”

Візыт Назарбаева папярэднічае заўтрашняму падпісаньню пагадненьня паміж кіраўнікамі Расеі, Беларусі і Казахстану аб стварэньні Мытнага саюзу трох дзяржаваў. Але многія аналітыкі схільныя лічыць: зьяўленьне казахстанскага лідэра ў Менску на два дні раней за прэзыдэнта Расеі — не выпадковае. І ў Беларусі, і ў Казахстане шмат незадаволеных мытнымі ўмовамі — відавочна выгаднымі Расеі, але спрэчнымі для астатніх удзельнікаў. Гаворыць казахстанскі палітоляг Дасым Сатпаеў:
Казахстан і Беларусь (натуральна, неафіцыйна) паспрабуюць узгадніць некаторыя сумесныя пазыцыі ў дачыненьні да Расеі....

“Незадоўга да гэтага Лукашэнка выступіў з крытычнымі заўвагамі адносна стварэньня Мытнага саюзу ў рэчышчы таго, што, магчыма, гэты саюз ня ўлічвае эканамічных інтарэсаў Беларусі. Паказальна, што ў самім Казахстане апошнім часам таксама ідзе вельмі жорсткая дыскусія. Шмат хто, у прыватнасьці прадпрымальнікі, лічыць: стварэньне Мытнага саюзу нанясе ўдар па казахстанскім бізнэсе, у цэлым па эканамічных інтарэсах краіны. Таму вельмі неадназначная пазыцыя што да гэтага альянсу. Я не выключаю, што Казахстан і Беларусь (натуральна, неафіцыйна) паспрабуюць узгадніць некаторыя сумесныя пазыцыі ў дачыненьні да Расеі. Таму што ўсё ж расейская эканоміка ў параўнаньні зь беларускай, казахстанскай — гэта, канечне, цяжкавагавік. І каб адчуваць сябе больш упэўнена, хутчэй за ўсё, нейкая кааліцыя будзе створаная. Канечне, яна ня будзе адкрытай, гаворка насамрэч ня йдзе пра выклік Расеі. Але ў цэлым і ў Казахстане, і ў Беларусі вельмі многія апасаюцца стварэньня Мытнага саюзу, у першую чаргу падазраючы, што гэта будзе больш выгадна Расеі”.

У наступным годзе ўпершыню краіна СНД будзе старшыняваць у АБСЭ. Гэтая місія выпала менавіта Казахстану. Аляксандар Лукашэнка пасьпяшаўся сёньня запэўніць, што Беларусь мае падтрымаць усе ініцыятывы Астаны. Як лічаць экспэрты, такім чынам Лукашэнка хоча атрымаць яшчэ аднаго надзейнага лабіста беларускіх інтарэсаў у эўрапейскіх структурах. Увогуле, як кажа Віктар Чарноў, колісь цалкам залежныя ад Расеі краіны намагаюцца аслабіць кантроль Масквы, актыўна падтрымліваючы ў гэтым адна адну:

“Абедзьве дзяржавы, натуральна, павінны адстойваць свой сувэрэнітэт, сваю эканамічную незалежнасьць. У іх у гэтым зьвязку агульныя інтарэсы, бо перад імі маячыць у пэўным сэнсе агульны праціўнік — Расея. Зь якой, па вялікім рахунку, трэба весьці ўзгодненае супрацоўніцтва. Менавіта спробы ўзгадненьня палітыкі ў пытаньнях Мытнага саюзу і г.д. выпрацоўваюцца падчас падобнага кшталту сустрэч — як Украіна-Беларусь ці Беларусь-Казахстан. Лічу, што супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларусьсю — доўгатэрміновае стратэгічнае партнэрства, і адносіны тут больш прадказальныя, больш стабільныя, чым эканамічныя адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю. Тут грае меншую ролю суб’ектыўны фактар, які дамінуе ў стасунках паміж Лукашэнкам і Пуціным, Лукашэнкам і Мядзьведзевым”.

На думку аналітыкаў, бліжэйшыя палітыка-эканамічныя пэрспэктывы для пакуль яшчэ патэнцыйных сябраў Мытнага саюзу будуць фармавацца пад знакам вытаргоўваньня лепшых умоваў у рамках новастворанай арганізацыі. На думку эканамічнага экспэрта Валянціна Лопана, пры аб’ектыўных недапрацоўках пагадненьня, Беларусь у будучыні магла б атрымаць ад адзінай мытнай прасторы пэўныя дывідэнды. Аднак дзеля гэтага трэба ня столькі змагацца з Расеяй, колькі ўпарадкаваць сваё заканадаўства:

Валянцін Лопан
“Праблема нашага беларускага рынку ў тым, што ён маленькі. Але ён можа быць толькі пляцоўкай для расейскага рынку. І ў гэтым сэнсе Мытны саюз нам выгадны. Калі толькі гэта будзе рэальны саюз, і як наступны крок — рэальная агульная эканамічная прастора. Тады застанецца выраўняць умовы гаспадараньня з Расеяй і Казахстанам, каб кошты на сыравіну, на энэрганосьбіты былі такія ж, як у Расеі, інакш мы не канкурэнтныя. І плюс стварыць умовы інфраструктурныя — больш прывабныя, чым у Расеі (чым і займаецца ў сваім рэгіёне Казахстан). Прыкладам, мы бліжэй да Эўропы, чым Урал, да нас хутчэй з Захаду можна даехаць, даляцець самалётам. Падаткі зьменшыць, каб бізнэсу было тут камфортна сябе пачуваць. Тады пачнуць будаваць вытворчасьці, сэрвісныя, лягістычныя цэнтры. І ўжо адсюль можна будзе пастаўляць у Расею заходнія, эўрапейскія тавары беларускай прапіскі”.



Падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам Нурсултан Назарбаеў заявіў, што Казахстан гатовы экспартаваць у Беларусь самую разнастайную прадукцыю, у тым ліку энэргетычную сыравіну. Аналітыкі называюць гэта чарговай праявай намераў беларускага кіраўніцтва наколькі магчыма адмежавацца ад расейскай сыравіннай залежнасьці.