Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Веры Харужай, 16. Бібліятэка імя Янкі Купалы
Тут у 1998 годзе пачынаў працу Беларускі калегіюм — незалежны інтэлектуальны цэнтар, дзе вучаць не прадметам, а свабодзе думкі і творчасьці.
Тут у 1998 годзе пачынаў працу Беларускі калегіюм — незалежны інтэлектуальны цэнтар, дзе вучаць не прадметам, а свабодзе думкі і творчасьці.
Беларускі Калегіюм — два прыгожыя і крыху загадкавыя словы, якія зьявіліся ў лістападзе 1997 году. З таго часу штогод некалькі дзясяткаў студэнтаў і нават людзей з унівэрсытэцкімі дыплёмамі прыходзяць сюды. І вось тут загадка — дзеля чаго? Быццам бы вучыцца — філязофіі, літаратуры, гісторыі, і журналістыцы. Але філёзаф Валянцін Акудовіч абвяргае гэта:
“Кожны раз, калі я на сваё аддзяленьне набіраю студэнтаў, я ім кажу, што Калегіюм нічому ня вучыць, акрамя як свабодна мысьліць. Наша галоўная задача — раскатурхаць, вызваліць. І найменей — палітычна. Для палітычнага вызваленьня ёсьць вуліца, газэты. Мы ж імкнёмся вызваліць інтэлектуальна, творча. І таму прафэсуру выбіраем абсалютна адменную. Наша прафэсура, акрамя таго, што гэта прафэсіяналы, яшчэ і людзі, якія сваім жыцьцём, сваёй творчасьцю, сваім чынным удзелам у падзеях, як палітычных, так і творчых, давялі, што яны сябруюць са свабодай. Толькі асабістым прыкладам свабодзе можна навучыць, а не расказваць, якой яна можа быць”.
Гэтаму ў калегіюме вучаць інтэлектуальныя зоркі незалежнай Беларусі — Захар Шыбека і Ўладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч і Алесь Анціпенка, Уладзімер Мацкевіч і Андрэй Хадановіч, і шмат хто яшчэ.
Мала які ўнівэрсытэт можа пахваліцца такой колькасьцю публікацыяў сваіх навучэнцаў, як Беларускі калегіюм. Толькі на аддзяленьні філязофіі і літаратуры штогод іх бывае больш за сотню. Таксама Калегіюм выдае свае часопісы — прыкладам, “Паміж”, “Праўнік”. Унікальным для Беларусі стаў часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСьвет”.
Выпускнікі калегіюму, а гэта не адна сотня чалавек, сёньня працуюць у рэдакцыях амаль усіх незалежных мэдыяў, у недзяржаўных унівэрсытэтах.
Паэтка Аксана Спрынчан называе калегіюм асяродкам свабоды:
“Што ж называць асяродкам свабоды, калі не Беларускі калегіюм? Свабода — гэта творчасьць. Калегіюм — гэта месца, дзе няма адзнак, дзе няма розьніцы ўзростаў, дзе нават твой выпускны твор — эсэ — таксама вельмі свабодны жанр”.