Беларусь заняла апошняе, 183-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу паводле лёгкасьці аплаты падаткаў, падрыхтаваным Усясьветным банкам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і кансалтынгавай кампаніяй PricewaterhouseCoopers. Як да такой ацэнкі паставіліся ва ўрадзе і ў бізнэс-колах Беларусі.
ТАБЛІЦА
Краіна | Рэйтынг | Дадзеныя | |
Паводле лёгкасьці падаткавых сплатаў | Колькасьць падатковых плацяжоў на год | Час на падачу на год | |
Мальдывы | 1 | 1 | 0 |
Катар | 2 | 1 | 36 |
Ганконг | 3 | 4 | 80 |
ААЭ | 4 | 14 | 12 |
Сынгапур | 5 | 5 | 84 |
Латвія | 45 | 7 | 279 |
Літва | 51 | 12 | 166 |
Грузія | 64 | 18 | 387 |
Малдова | 101 | 48 | 228 |
Расея | 103 | 11 | 320 |
Польшча | 151 | 40 | 395 |
Конга | 180 | 61 | 606 |
Украіна | 181 | 147 | 736 |
Вэнэсуэла | 182 | 71 | 864 |
Беларусь | 183 | 107 | 900 |
Паводле штогадовага дасьледаваньня пад назвай “Выплата падаткаў 2010. Міжнародны агляд”, па колькасьці падатковых плацяжоў Беларусь займае 177-е месца, па колькасьці часу, які трэба патраціць на іх ажыцьцяўленьне, —181-е месца. У Беларусі бізнэс губляе на аплаце падаткаў 900 гадзін у год. Для параўнаньня, у Расеі на гэта патрэбна 320 гадзін, а ў Эстоніі — 81 гадзіну.
У агульным рэйтынгу падатковая сыстэма Беларусі займае сёмае месца ад канца — 177-е.
У Міністэрстве фінансаў Беларусі знаёмыя з гэтым дакумэнтам, часткова зь ім пагаджаюцца, часткова спрачаюцца, але ў цэлым абяцаюць далейшае ўпарадкаваньне падатковай сыстэмы краіны.
Супрацоўніца Міністэрства фінансаў Алена Сьліжэўская зазначыла “Свабодзе”, што ў аўтараў рэйтынгу свая мэтадалёгія, і беларускі ўрад мяркуе, што ня ўсё імі было ўлічана.
ў наступным годзе ў нас будуць тут нашмат лепшыя пазыцыі ...
“Гэты рэйтынг у загалоўку пазначае 2010 год. А па сутнасьці, ён увабраў у сябе тыя зьмены, якія былі ў 2008 годзе. Такім чынам, ён ідзе са спазьненьнем. Мы лічым, што ў наступным годзе ў нас будуць тут нашмат лепшыя пазыцыі”.
Паводле спадарыні Сьліжэўскай, урад мае пляны на працу дзеля ўдасканаленьня падатковай сыстэмы:
“Кожны год нешта мяняецца, паляпшаецца. Зараз скасоваўюцца абаротныя плацяжы, яшчэ адзін падатак адмяняецца. Скарачаецца пэрыядычнасьць падачы падатковых дэклярацыяў — раней некаторыя зь іх падавалі раз на месяц, а цяпер паквартальна… Таму на наступны год, мяркую, будуць зрухі”.
Вядомы беларускі бізнэсовец Васіль Шлындзікаў перакананы ў слушнасьці нізкага месца беларускай падатковай сыстэмы ў рэйтынгу:
“Тое, што яна зусім непрыдатная, — у гэтым мая думка адназначная. Гэтая сыстэма і стварае ў вялікай ступені ўсе праблемы, якія існуюць у нас у прамысловасьці”.
Разам з тым спадар Шлындзікаў зазначыў, што ў галіне падаткаабкладаньня малога бізнэсу, якім ён асабіста займаецца, цяпер зьявіліся пэўныя пазытыўныя зрухі.
“Так, нешта пачынаюць рабіць. Але ўсё робіцца без сыстэмы. Адчуваецца, што няма адзінага мозгу, які накіроўвае гэты працэс. А ёсьць лабіяваньне асобных структур, кожнай на свой бок. У выніку атрымліваецца абракадабра”.
Пра складанасьць беларускай падатковай сыстэмы шмат гавораць і замежныя інвэстары. Чжан Юалінь прадстаўляе ў Беларусі Кітайскую нацыянальную карпарацыю па замежным супрацоўніцтве, якая вядзе рэканструкцыю менскіх ТЭЦ-2 і ТЭЦ-5. Ён заклікае беларускія ўлады пераймаць эўрапейскія стандарты ў падатковай сыстэме:
“Я бачу, што падаткі тут рэгулююцца ў бок зьмяншэньня. Цяпер прымяняецца адзіны падатковы тарыф у адносінах да заробку. Раней трэба было шмат адлічэньняў рабіць, а цяпер адзін. Для нас гэта ўжо лягчэй”.
Урад Беларусі паставіў задачу бліжэйшым часам увайсьці ў лік 30 краін з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу. Але каб дасягнуць гэтай мэты, улады бяруцца найперш за тыя працэдуры, якія лягчэй паддаюцца рэфармаваньню — такія, як рэгістрацыя прадпрыемстваў, электронная падача дэклярацый і да т.п. Да падатковай сыстэмы падступіцца цяжэй,— лічыць эканаміст Сяргей Чалы.
“Тое, што нашая падатковая сыстэма заблытаная, — гэта праўда. Улады гэта ўсьведамляюць, але рух тут адбываецца вельмі цяжка. Сёлета, напрыклад, было рашэньне замяніць абаротныя падаткі большым ПДВ. Пра першую частку дамовіліся, а вось павысіць ПДВ да 12 працэнтаў нешта не атрымліваецца”.
У 2007 годзе дзьве незалежныя аналітычныя ўстановы — цэнтар Мізэса і цэнтар “Стратэгія” — падалі ва ўрад канкрэтныя прапановы наконт таго, як спрасьціць падатковую сыстэму так, каб бізнэс плаціў падаткі тры разы на год і каб было іх толькі тры. Як сьведчыць адзін з аўтараў праекту, Яраслаў Раманчук, ніякай рэакцыі з ураду дагэтуль няма.