Польскі мастак: ВКЛ - супольны набытак, які немагчыма падзяліць

Сёньня ў Купалаўскім тэатры адбылася прэзэнтацыя “Кнігі Вялікага Княства Літоўскага”. Ідэя стварэньня Вялікай Кнігі належыць тром вядомым літвінам: Томасу Вэнцлаву, Чэславу Мілашу і Анджэю Струмілу. Фаліянт выдадзены на чатырох мовах – ангельскай, беларускай, літоўскай, польскай, і складаецца з эсэ выбітных публіцыстаў, гісторыкаў і навукоўцаў, кожны зь якіх мае свой уласны погляд на гісторыю ВКЛ у кантэксьце сучаснасьці.
Укладальнікі кнігі
Кніга -- манумэнтальнае выданьне накладам у 1000 асобнікаў, якое не будзе свабодна прадавацца. Фаліянт на 552-х старонках будзе падарункам выдаўцоў культурніцкім установам краіны. У кнізе -- цудоўная графіка, багатыя ілюстрацыі, старадаўнія гравюры, мапы, абразы, жывапіс, унікальныя фотаздымкі. Канцэпцыя выданьня, прысьвечанага 1000-годзьдзю першай летапіснай узгадкі пра Літву, належыць славутаму польскаму мастаку Анджэю Струмілу, дзед якога родам зь Менску, бабка – зь Віцебску, сам ён нарадзіўся ў Вільні, жыве зараз у Польшчы:

“Выданьне кнігі – гэта акт эмацыйны, які меў на мэце прадставіць намаганьні інтэлектуалаў, навукоўцаў, гісторыкаў, што жывуць на абшарах Вялікага Княства. Гэта супольны набытак, які немагчыма падзяліць”.

Купалаўскі тэатар ня мог зьмясьціць усіх прыйшоўшых на прэзэнтацыю. У залі прысутнічалі амбасадары Літвы Эдмінас Багдонас, Швэцыі Стэфан Эрыксан, Украіны Ігар Ліхавы, беларуская інтэлігенцыя, грамадзкасьць, шмат моладзі. Прадстаўнікі трох краінаў – паляк Анджэй Струміла, літовец Эгідыюс Александравічус і беларус Сяргей Дубавец учынілі на тэатральнай сцэне жартоўную дыскусію.


Сяргей Дубавец кажа:

"Мне калега сказаў, што ён першы раз бачыць, што на прэзэнтацыю кнігі, ды яшчэ ў тэатар, прыходзіць поўная заля людзей, якія фізычна гэтую кнігу ніколі ня змогуць нават у руках патрымаць. Робіцца нейкая містыка. Можа, яна таму і робіцца ў тэатры, а не за круглым сталом гісторыкаў, навукоўцаў. Што я мог адказаць калегу? Я сказаў, што людзі прыйшлі на ідэю, таму што ідэя, якую нарадзіла гэтая кніга, і ідэя, якая прывяла ў тэатр столькі народу – яна, мабыць, жывая".

Беларус Сяргей Дубавец, які апошнія 20 гадоў жыве ў Літве, кажа, што беларусы зараз мараць пра Вялікае Княства Літоўскае, а вось літоўцы так настальгічна ня мрояць пра ВКЛ. І запытаўся ў свайго літоўскага калегі Эгідыюса Александравічуса, чаму. Той адказаў сур’ёзна:

“Калі сфармавалася нацыянальная самаідэнтыфікацыя, мінулае і гісторыя ўжо не зьяўляюцца такімі важнымі. І літоўцы успрымаюць ВКЛ зараз вельмі рамантычна, як разбураную вежу”.

Сярод беларускіх аўтараў кнігі – Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Алег Латышонак, Генадзь Сагановіч, Сакрат Яновіч і мастак Зьміцер Герасімовіч.

На сцэне адбылося сапраўднае відовішча: акторы Купалаўскага тэатру чыталі ўрыўкі з кнігі, выступалі музычныя гурты “Гуды”, “Стары Ольса”, ансамбаль сярэднявечнага танцу “Фламэя”.


Пастаноўшчык імпрэзы Мікалай Пінігін



Прадстаўнікам культурніцкіх і навуковых устаноў былі ўручаныя ўнікальныя выданьні “Кнігі Вялікага Княства Літоўскага”.

25 лістапада ў Літоўскай Амбасадзе адбудзецца навуковая канфэрэнцыя гісторыкаў трох краінаў.