Беларускіх журналістаў вязуць у Барвіху

Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў сёньня а 17 гадзіне па маскоўскім часе мае сустрэцца зь беларускімі журналістамі.
З цэнтра Масквы журналістаў, якія прыехалі з Менску, на двух мікрааўтобусах адміністрацыі прэзыдэнта Расеі вязуць у загарадную рэзыдэнцыю Мядзьведзева Барвіха.

Як паведаміў “Свабодзе” адзін з запрошаных рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль, разам зь ім у Барвіху едуць рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, журналісты газэты “Наша ніва” і “Товарищ” Андрэй Скурко і Анатоль Гуляеў.

Запрошаныя таксама прадстаўнікі газэт “Белорусы и рынок”, “Комсомольская правда в Белоруссии”, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, інтэрнэт-партал TUT.by.

Апрача іх запрашэньне атрымалі ўласныя карэспандэнты Першага нацыянальнага тэлеканалу, АНТ і “Советской Белоруссии”, якія стала працуюць у Маскве, а таксама журналісты газэт “Звязда” і “Рэспубліка”.

Крамлёўская прэсавая служба пакуль не ўдакладняе праграмы сустрэчы Мядзьведзева зь беларускімі журналістамі, невядома нават колькі яна будзе доўжыцца. Пачатак сустрэчы папярэдне прызначаны на 17 гадзін маскоўскага часу.