Алесь Пушкін – мастак. Выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. 25 сакавіка 1989 году зладзіў першы беларускі пэрформанс, прысьвечаны Дню волі. Займаўся росьпісамі храмаў. У 1993 годзе адчыніў у Віцебску першую ў краіне прыватную мастацкую галерэю “Ў Пушкіна”, дзе праходзілі значныя культурна-грамадзкія акцыі. Уваходзіў у БНФ. Жыве ў вёсцы Бобр на Крупшчыне.
Што для вас свабода?
Свабода для мяне – гэта калі мае жаданьні і мары зрабіць жыцьцё прыгажэйшым, цікавейшым і культурным для маіх блізкіх, для маёй краіны, для майго роднага мястэчка Бобр ці Віцебска ніхто ня будзе абмяжоўваць: зачыняць маю галерэю, выставы, здымаць подла, спадцішка карціны, скручваць мне рукі кайданкамі... Яшчэ – калі я свабодна і чэсна падпісваю дамову аб працы маю ўзамен за яе павагу і давер, плюс дастойную аплату, якая падкрэсьлівае маю свабоду... Калі магу ехаць, куды паклічуць, дзе мне будзе цікава. І – і ніхто не абмяжуе маё жаданьне зрабіць гэта...
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Таталітарная дзяржава і беднасьць.
Што для вас шчасьце?
Мае блізкія – Яна, Міколка, Марылька, яшчэ адзіная пазасталая сястра Сьветка. Каб яны былі са мной, каб былі здаровымі... Каб не пакідала натхненьне і шалёна сяды-тады грукала сэрца!
Чаго вы найбольш баіцеся?
Страціць зрок – а гэта кара Божая... І калі – перастане стаяць…
Які талент вы хацелі б мець?
Граць на гітары, сьпяваць і зачароўваць дзяўчат!
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Міхаілам Андрэевічам Савіцкім – за тое, што Бог надзяліў яго вельмі багатым, пакручастым лёсам, жыцьцём – неверагодна парадаксальным, супярэчлівым. І цяпер ён такой вольнасьці дасягнуў, што нават антысэмітызм ягоны, як і яго карціны, сталі люстэркам нашай складанай, жорсткай Эпохі. На жаль...
Што вы найбольш любіце рабіць?
Маляваць, глядзець на прыгожых дзяўчат і на вогнішча…
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога, акрамя таго, што ў дзяцінстве больш аберагаў бы свой зрок.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Тата казаў: "Жыцьцё навучыць!"
Які ваш улюбёны дэвіз?
Contra spem spero!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У канстытуцыйнай манархіі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У нашу.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Магутным танкавым манэўрам пры суправаджэньні і падтрымцы (на ўсялякі выпадак) стратэгічнай авіяцыяй і касьмічных сілаў захапіў бы Вільню, потым – Смаленск, потым – Беласток. Такім чынам кансалідаваў бы нацыю і адабраў бы славу ва Ўсяслава Чарадзея і першага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Дабрасуседзкія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Дабрасуседзкія.
Некаторыя думаюць так: "Хай дыктатура, абы свая". А Вы?
Не, дрэнна гэта.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Спадзяюся, што ў 2011 годзе, не раней...
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Даволі хутка. Як толькі да ўлады прыйдзе новае кіраўніцтва ў 2011годзе.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Загавораць. Я ў гэтым ўпэўнены, усё ж Беларусь мае 1000 гадоў летапіснай гісторыі...