Міжполавыя стасункі па-беларуску

fat1901

Думаю, ніхто не заспрачаецца, што колькасьць грамадзянаў, якія абралі на мінулым перапісе роднай мовай беларускую, будзе крыху адрозьнівацца ад рэальных лічбаў. Магчыма, нехта пазначыў такі варыянт адказу з уласных патрыятычных настрояў, нехта паддаўся агітацыі нацыянальна арыентаваных плыняў, а некаторыя сапраўды часам карыстаюцца (ці хацелі б карыстацца) мовай, але з розных прычынаў беларуская не зьяўляецца дамінуючай у іхным асяродку. Моўнае пытаньне было і застаецца надзённым, але ж факт застаецца фактам — існуюць беларусы, якія стала карыстаюцца белмовай у рэальным і віртуальным жыцьці. Насамрэч, я ня ставіў задачай падлічыць усіх беларускамоўных удаваў у папугаях, а хацеў паразважаць пра белмову як сродак міжполавых стасункаў.
потым не ўзьнікае пытаньняў, як назваць дзетак (“Усё ж такі Дамінік ці Леапольдушка?” ...

Чытаючы блогі і часам кантактуючы зь дзеўкамі і хлопцамі з рэальнай прасторы, я прыйшоў да высновы, што праблема пошуку сваёй паловы паўстае для беларускамоўнай тусоўкі асабліва востра. Большая частка зь іх катэгарычная ў моўным пытаньні — хочацца, каб муж (жонка/каханак/блізкі сябар) таксама размаўляў па-беларуску. Маўляў, так зручней і прыемней. Дый потым не ўзьнікае пытаньняў, як назваць дзетак (“Усё ж такі Дамінік ці Леапольдушка?”). Іншыя менш патрабавальныя: галоўнае, каб “чалавек быў харошы”, а мужа ці жонку, сьцьвярджаюць яны, можна і ў сям'і “абеларусіць”. Як бы там ні было, а мова ўсё адно зьяўляецца адным з важных прыярытэтаў пры стварэньні сям'і.

Дзе ж адшукваюць белмоўных мачо шматлікія выпускніцы філфакаў? Дзе заўгодна, але не на ўласным факультэце :) Магчыма, некаторыя сапраўды адчайваюцца і выбіраюць “сініцу ў руках” з наяўных пад бокам кавалераў. Як там казаў Лявон Вольскі: “П'яны-п'яны, а нармальны!” :) А іншыя чакаюць свой пунсовы ветразь у выглядзе хай сабе лысенькага і невысокага, але ж такога жаданага Чалавека з акадэмічнымі ведамі беларускай мовы.

Неадназначнасьць адказу на пытаньне, дзе шукаць сваю беларускую палову, спарадзіла некалькі сайтаў знаёмстваў, арыентаваных, у першую чаргу, на беларускамоўных наведвальнікаў. Сярод вядомых мне адрасоў — Mara.by і Spatkanne.by-eu.com (апошні — адносна сьвежы і, на маю думку, пэрспэктыўны праект). Калыскай беларускамоўных чатэраў з упэўненасьцю можна лічыць Хатку, якая добры дзесятак год была пляцоўкай усталяваньня кантактаў моладзі.

У жыцьці, як вядома, усё вырашае выпадак. Часам дастаткова аднаго-двух словаў ці кінутага позірку, каб усё перавярнулася з ног на галаву. Аднак харошы плян таварыша Жукава і парада сяброў ня будуць лішнімі і ў пытаньнях сям'і і сэксу. Так, у беларускім сэгмэнце ЖЖ з посьпехам праходзяць абмеркаваньні пытаньняў, на якой мове пары размаўляюць у ложку, дзе і пры якіх абставінах людзі пачынаюць кантактаваць, “хлопец ці мова?” і іншыя. Значыць, жыве наша справа. Значыць, будзем жыць і мы :) Міру вам і каханьня… з нацыянальным калярытам!

РЫГОР БАРАДУЛІН. ЯК БЕЛАРУСЫ СЭКСАМ ЗАЙМАЮЦЦА

Павел Лансэлот-Валатоўскі


Павел Лансэлот-Валатоўскі


Нарадзіўся ў 1981 у радзільні. Займаюся кампутарнымі і калякампутарнымі справамі ў Мінску. Часам папісваю ў інтэрнэт, часам нешта пачытваю. Прапагандую здаровы лад жыцьця. Ганаровы чалец Беларускай Джэдайскай ложы.

Навошта я пішу блог?

Блог быў створаны для занатоўваньня каштоўных думак, народжаных маёй сьветлай галавой. Часам перачытваю тое, што пісалася, напрыклад, год-два таму, і ня веру, што гэта ўсё маё :) Столькі новага! Таму і іншым раю: занатоўвайце, занатоўвайце! Дзеці вам скажуць “Дзякуй”.

Што больш за ўсё я люблю ў блогах?

Люблю блогі за зручнасьць камунікаваньня.

Што больш за ўсё я не люблю ў блогах?

Хамства і глупства. А яшчэ не люблю, калі не разумеюць гумару. Хаця гэта і ёсьць глупства.

Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

http://euga.livejournal.com — камсамолка, спартсмэнка і літаратарка Аксана Пятроўна Бязьлепкіна. Чалавек, які любіць жыць і сьмяяцца зь нягодаў. Аксана Пятроўна ведае кітайскую і не саромеецца размаўляць пра стасункі і сэкс. Шчыра раю наведаць ейны блог.

http://balachon.livejournal.com — аб'ект мрояў беларускамоўных нежанатых паненак Сяргей Балахонаў. Літаратар, аніматар, саліст, рамантык і выкладчык гісторыі з Гомелю. З імпэтам Дон-Кіхота змагаецца зь няшчырасьцю, аголенасьцю і бяззубасьцю беларускай літаратуры. Дарэчы, пасьпяхова.

http://volat.livejournal.com — дыямэнт айчыннага блогінгу, хросны бацька цынізму і праўдзівасьці белЖЖ. Больш нічым ня вылучыўся, аднак нават за гэта варты ўвагі.

http://lionellia.livejournal.com — зорка нябачнага фронту ЖЖ, аматарка аўтамабіляў зь вялікімі рухавікамі Тацьцяна Сяргееўна. Ведае ўсе тонкасьці стылістыкі белмовы і стасункаў з мужчынамі. Жорстка “пракідвае” пікапэраў і лузэраў, займаецца ўсходнімі танцамі і піша пра глыбінныя сакрэты дамскага сэрца.

http://andorac.livejournal.com — журналіст газэты “Наша Ніва” Зьміцер Панкавец. Аматар футболу і жорсткіх формаў этыкету, сэрцаед і вандроўнік, цікавы суразмоўца. Ня паліць, не жанаты.