Шыльда Свабоды
Віцебск, вуліца Шубіна, 2. Сьвята-Пакроўскі катэдральны сабор.
Гэта першы віцебскі будынак, які выратавалі ад зьнішчэньня сябры клюбу аматараў старажытнасьці “Ўзгор’е”. Яны склалі касьцяк ініцыятыўнай групы, якой у 1988 годзе ўдалося дамагчыся скасаваньня рашэньня аб будаўніцтве Віцебскай АЭС.
Гэта першы віцебскі будынак, які выратавалі ад зьнішчэньня сябры клюбу аматараў старажытнасьці “Ўзгор’е”. Яны склалі касьцяк ініцыятыўнай групы, якой у 1988 годзе ўдалося дамагчыся скасаваньня рашэньня аб будаўніцтве Віцебскай АЭС.
“Узгорцам” удалося ня толькі абараніць ад зьнішчэньня гістарычны цэнтар Віцебску, але і дамагчыся аднаўленьня ўжо зруйнаваных Усьпенскага сабору і Ўваскрасенскай царквы.
У 1988 годзе “Ўзгор’е” стала касьцяком ініцыятыўнай групы, якая змагалася супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС. Прыгадвае тагачасны карэспандэнт газэты “Віцебскі рабочы” Сяргей Навумчык:
“Рашэньне аб будаўніцтве АЭС прымалі ўпотайкі, і калі я даведаўся пра яго, за адну ноч напісаў артыкул. У нашай газэце мне адмовілі, але яго пусьцілі “самвыдатам”. На віцебскіх прадпрыемствах пачалі зьбіраць подпісы — сабралі некалькі дзясяткаў тысяч. Тады ж у Віцебску адбыліся першыя пікеты і затрыманьні. Першы сакратар абкаму КПБ Уладзімер Грыгор’еў вырашыў спаткацца з грамадзкасьцю і пад тэлекамэрамі паставіць “нефармалаў” на месца. Сход праводзілі ў актавай залі тэхналягічнага інстытуту. Нечакана аўдыторыя запатрабавала даць слова і праціўнікам АЭС. У мяне ўжо былі дакумэнты і вынікі экспэртызы, і ў нас атрымалася даволі эмацыйная дыскусія. Калі тэлевізійнай групе далі каманду згортваць апаратуру, я зразумеў, што мы выйгралі. Казалі, потым Грыгор’еў сам званіў у Маскву і прасіў скасаваць рашэньне аб будаўніцтве АЭС, паколькі сытуацыя ў горадзе выйшла з-пад кантролю”.
У канцы 1980-х у Беларусі шмат якія культурніцкія і экалягічныя ініцыятывы пераўтвараліся ў палітычныя. Ня быў выключэньнем і клюб “Узгор’е”: шмат хто зь яго ўдзельнікаў увайшоў у новаўтвораны БНФ, а некаторых абралі дэпутатамі саветаў розных узроўняў.