Аўтадылеры “здаюць” Маскве прыватных перагоншчыкаў

Belarus -- A line of cars in the morning traffic jam in Minsk, April 2000

На ўзроўні экспэртаў працягваецца абмеркаваньне мыта на аўтамабілі ў рамках Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Беларусь настойвае, каб мыта на ўвоз патрыманых машын прыватнымі асобамі заставалася ранейшым, а для аптовых гандляроў – было падвышана да ўзроўню расейскіх. Такая сытуацыя не задавальняе аптавікоў-аўтадылераў, як у Беларусі, так і ў Расеі. На паседжаньні ў Маскве экспэртнай рады беларускія дылеры заявілі, што прыватныя гандляры патрыманымі машынамі могуць абваліць аўтарынак абедзьвюх краін.
Прычынай — прывілеяванае становішча беларускіх перагоншчыкаў, чыю дзейнасьць афіцыйны Менск хоча пакінуць бязь зьменаў.

У адпаведнасьці зь міжурадавымі дамоўленасьцямі пра стварэньне адзінага Мытнага саюзу, ад 1 студзеня 2010 году мыта на ўвоз аўтамабіляў для юрыдычных асобаў павінна быць уніфікаванае. Прычым зроблена гэта будзе на расейскі ўзор, нашмат вышэйшы за беларускія і казахстанскія аналягі. Аднак пошліны для фізычных асобаў Беларусь выраўноўваць ня хоча, бо, паводле заканадаўства, увоз імі тавараў не разглядаецца як ажыцьцяўленьне зьнешняга гандлю.
“Растаможка” пазадарожніка “Toyota Land Cruiser” 2007 году з рухавіком 4,7 літра ў Беларусі складзе 2,8 тысячы эўра, у Расеі — 13 тысяч эўра ...

Беларускі ўдзельнік нарады, аналітык холдынгу “Атлант-М” Аляксей Цярэшчанка наўпрост папярэдзіў пра вялізныя страты перадусім для расейскага аўтапраму. Паводле разьлікаў Цярэшчанкі, пры ўвозе мадэлі “Mazda-3” 2008 году выпуску з аб’ёмам рухавіка 1,6 літра мыта для фізычных асобаў у Беларусі складае 1 тысячу эўра, у Расеі — 3,6 тысячы. “Растаможка” пазадарожніка “Toyota Land Cruiser” 2007 году з рухавіком 4,7 літра ў Беларусі складзе 2,8 тысячы эўра, у Расеі — 13 тысяч эўра. У тым, што пры такім раскладзе “неўніфікаваныя” беларускія перагоншчыкі заваляць Расею больш таннымі аўто, спадар Цярэшчанка не сумняецца.

Іншы прадстаўнік холдынгу Ільля Прохараў канстатуе: прывілеяванасьць прыватнікаў нэгатыўна адаб’ецца і на беларускім аўтарынку. Кошт “растаможкі” новых машынаў у аўтацэнтрах, паводле розных падлікаў, падскочыць на 50—60%. Тым часам як перагоншчыкі будуць увозіць карыстаныя аўто паводле ранейшай схемы. У такой сытуацыі дэкляраваная лінія на тое, каб паступова перасадзіць беларусаў на новыя аўто, робіцца невыканальнай:
мы адкоцімся на ўзровень 2004 году, калі ў 10 разоў меншымі былі аб’ёмы продажу новых аўтамабіляў ...

“Наш аналітык гаварыў у Маскве з пазыцыі кампаніі і на падставе дадзеных, апрацоўкі інфармацыі. Нам увогуле складана пракамэнтаваць, чаму гэта стала для нейкай расейскай дзяржаўнай службы адкрыцьцём. Відавочна, што яны не пралічвалі гэтага, ня ўлічвалі неяк наступствы. Але гэта страты ня толькі для Расеі, але і для Беларусі таксама. Калі будзе адрозьнівацца мыта для юрыдычных і фізычных асобаў і нічога зь цягам часу не адбудзецца дзеля таго, каб не было гэтых адрозьненьняў, то мы адкоцімся на ўзровень 2004 году, калі ў 10 разоў меншымі былі аб’ёмы продажу новых аўтамабіляў. Ну, і адпаведна — шэрыя напаўкрымінальныя схемы паставак”.

Беларускія аўтадылеры настойваюць, каб Масква, ратыфікуючы дакумэнты аб Мытным саюзе, запатрабавала ад Менску вырашыць пытаньне ўніфікацыі мыта на ўвоз аўтамабіляў для фізычных асобаў без увядзеньня якога-колечы “адаптацыйнага пэрыяду”.

Генэральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава гэтаксама схільная лічыць, што нельга пасьля кароткай адлігі зноў заганяць афіцыйных дылераў у падпольле. І калі пагаджацца на адзіную мытную прастору, то без падзелу на фізычных асобаў, якія будуць мець палёгкі, і юрыдычных, зь якіх будуць патрабаваць на ўсю поўніцу:
Перагоншчыкі нічога ж не ўкладаюць у эканоміку ...

“Усялякія зьмены, якія нейкім чынам уплываюць на афіцыйны аўтамабільны бізнэс ня зь лепшага боку, нэгатыўна ўплываюць на тое, каб мы ўсё бліжэй набліжаліся да цывілізаванага рынку і адыходзілі ад “шэрых” схемаў. Сэрвіс, які зараз ствараюць аўтадылеры, — гэта, па сутнасьці, чыстая вытворчасьць. Гэта ня проста ўзяў, завёз, прадаў і забыўся, а астатні галаўны боль няхай будзе дылерам. Прывёз з Амэрыкі ці Эміратаў, знайшоў сабе таньнейшую машыну, паклаў прыбытак у кішэню, і — і ўсё. Перагоншчыкі нічога ж не ўкладаюць у эканоміку. Таму тых, хто ўкладае грошы, унутраных інвэстараў трэба падтрымліваць. І калі зьяўляюцца навацыі ў заканадаўстве, то трэба абавязкова думаць і пра ўнутраных інвэстараў. Калі мы іх будзем падтрымліваць, то тады і зьнешнія прыйдуць. Няўжо гэта так незразумела?”

А вось кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч стаіць на варце інтарэсаў прыватных гандляроў аўтамабілямі. На яго думку, само па сабе рашэньне беларускіх уладаў увайсьці ў адзіную мытную прастору — небясспрэчнае. Дый пазбаўляць беларусаў магчымасьці набываць якасныя эўрапейскія ці японскія аўтамабілі, а не сумнеўнай якасьці расейскія “Жыгулі”, лічыць жэстам зусім не гуманным:
хутка апрычнікі ад улады пагрукаюць і да вас у дзьверы. ...

“Нядаўна агучаная магчымасьць падвышэньня “растаможкі” на аўтамабілі, увезеныя ў Беларусь. Чаго гэта раптам? А справа ў тым, што пад ціскам Масквы зьбіраюцца кінуць на алтар эканамічнага цуду РБ аўтапасярэднікаў, аўтаперагоншчыкаў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму чакайце, што хутка апрычнікі ад улады пагрукаюць і да вас у дзьверы. І ўжо будзьце спакойныя — выметуць з вашага дому ўсё, як гэта рабілі камісары харчовых атрадаў ці энкавэдэшнікі, закінутыя на парашутах у беларускія лясы”.



Паводле разьлікаў расейскіх экспэртаў, становішча ў аўтапраме Расеі блізкае да катастрафічнага. У 2009 годзе аб’ём продажу іншамарак — як уласнай вытворчасьці, так і завезеных з-за мяжы — зьнізіўся мінімум удвая: з больш як 2 мільёнаў да 1 мільёна адзінак тэхнікі. Па выключна расейскіх аўтамабілях падзеньне яшчэ больш адчувальнае — ад 700 тысяч да 480 тысяч адзінак. А вось на Беларусі крызіс істотна не адбіўся: штогод у краіну фізычныя і юрыдычныя асобы ўвозяць блізу 200 тысяч машынаў, і сёлета гэтая лічба, мяркуючы па ўсім, істотна ня зьменіцца. А вось ва ўмовах Мытнага саюзу зь ягонымі ўніфікаванымі ў бок падвышэньня тарыфамі пазьбегнуць зьніжэньня пакупніцкай актыўнасьці будзе цяжка.