"Ідзіць пішыць програм!"

Дарэмна, ой, дарэмна я пісаў пра той абед, якім мяне на дурніцу пачаставалі на апошнім зьезьдзе БНФ ! Язык мой - вораг мой. Лепей было жаваць і маўчаць. Пасьля таго артыкулу закулісна было вырашана: гэта не павінна паўтарыцца! Не, на поўным сур'ёзе, пераможцы таго зьезду так і напісалі былі: "Вы елі чужы абед, а падліковай камісіі не хапіла абедаў... Мы на памылках вучымся, наступным разам такога ня будзе". І сапраўды, на Эўрапейскім форуме застаўся без абеду. Што праўда, з-за сваёй бязуважнасьці.

Абед згодна з каляровай дыферэнцыяцыяй


На зьезьдзе кармілі паводле заявачнага прынцыпу: падыйшоў на раздачу, руку працягнуў, атрымаў харч. Любы галодны і сасьмяглы меў шанец падсілкавацца. Арганізатары эўрафоруму пакончылі з гэтай азіятчынай, дзеля чаго была ўведзеная карткавая сыстэма. Абеды толькі для абраных - шчасьлівых уладальнікаў адмысловых картак, дыфэрэнцыяваных паводле колеру. Мне трапілася сіняя. Але яна ляжала ў тэчцы сярод стосу рэклямных матэрыялаў, і я знайшоў яе толькі тады, калі прыйшоў дадому. Праз што адчуў на сваёй скуры тое, што адчувае нелегальны эмігрант.

Дарэчы, на эўрапейскі форум прыйшоў адзін такі сапраўдны "нелегал". Гэта быў бомж, які ціхмяна чакаў у кутку, што яму нешта перападзе з панскага стала. Здаецца, на зьезьдзе БНФ я яго таксама бачыў, задаволенага - з дармовым абедам у руках. Тут жа ён сядзеў, маркотна панурыўшы голаў. Бо карткі, канешне, ня меў. І сярод рэклямных брашураў "Эўропа для беларускіх прадпрымальнікаў", "Эўропа для беларускіх дзяржаўных службоўцаў", "Эўропа для беларускіх студэнтаў" не знайшлося месца для брашуры, прысьвечанай "спрацаваным і абцяжараным". Спрацаваныя і абцяжараныя, у якіх няма адмысловай карткі, ідуць лесам.

Аднымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі сыты ня будзеш. Таму давялося мне самому сабе даваць рады. Завітаў у кавярню "Sambuca", што месьціцца ў фае Палацу культуры Аўтазаводу. У кавярні гучаў народны хіт "Сегодня мы с тобой кайфуем", але гэтым яе дэмакратычнасьць і абмяжоўвалася. Пакайфуеш тут. Мэню разьлічанае дакладна не на культурны адпачынак пацаноў з Аўтазаводу. Відаць, гаспадары танчылі ад слова "палац". Фрыкасэ, фуа-гра, усё такое. Нават такі дэмакратычны прадукт як піца - і тая зь нейкімі выкрутасамі, коштам ад 11 тысячаў.

Тым, хто цьвёрда ведаў, дзе іхная картка, дык усё роўна, іх, шчасьлівых, чакаў наперадзе бясплатны абед. Таму яны бралі хто філіжанку кавы, хто куфаль піва, у залежнасьці ад схільнасьцяў характару. Такія сабе вытанчаныя эўрапейцы. Сярод іх я выглядаў ненажэрным барбарам. Вось што я сабе ўзяў зранку, каб ня слухаць цэлы дзень пра эўрапейскі выбар Беларусі на пусты страўнік:

- Булён з грэнкамі (2 150 руб.)
- Сьвініна з грыбамі (8 980 руб.)
- Салат "Самбука" (7 770 руб.)
- Кава амэрыкано (3 000 руб.)
Усяго: 21 900 рублёў

Такім чынам, сьняданак каштаваў мне 5 эўра. Тут, відавочна, эўрапейскі выбар ужо канчаткова зрабілі. Бо ў заходнеэўрапейскіх кавярнях сярэдняй рукі можна пасьнедаць за такія самыя грошы, а для Ўсходняй Эўропы гэта нават задорага.

Што да кавы - гэтай асновы эўрапейскай гарадзкой культуры, яна, нягледзячы на свой эўрапейскі кошт, аказалася вельмі няякаснай. Днямі ў суполцы minsk_by пісалі аб тым, што цяпер у Менску за гэтыя грошы нідзе нармалёвай кавы не знайсьці. Высоўвалася цікавая вэрсія, у чым тут справа:

"На тэрыторыі Чэхіі быў склад трафейнaга зерня ўраджаю 1939 году, якое павінна было ўздымаць баявы дух нямецкай арміі, але ён быў кінуты пры адступленьні і неўзабаве забыты. Бульдозэры натрапілі на гэтае зерне, якое моцна адвільжэла, але формай нагдвала кававае. Украінская мафія зацікавілася гэтым зернем і вырашыла пусьціць на справу. Хуценька сварганіўшы ў друкарні ўпакоўку, яны запакавалі папярэдне падсмажанае да вугольля зерне ў бліскучую абгортку. Засталася рэалізацыя.

Для рэалізацыі яны знайшлі італьянскага бамжа, набылі яму доўгае чорнае паліто, ноўтбук і гальштук ад Гуччы. У такім выглядзе яго прывезьлі ў Менск заключаць дамову з Беларусьупраўсправаміскладаміігандлёвымікропкамі пры прэзыдэнце. Бомж павінен быў усьміхацца і з разумным выглядам раскладаць пасьянс на ноўтбуку. Перакладчык з украінскім акцэнтам угаворвае цётачак-таваразнаўцаў набыць эшалён кавы, абяцаючы ў якасьці падзякі паездку ў Італію: камандзіроўку для цётачак, ол-інклюзіў семь дзён, для іх дзяцей тое самае, але безь сьняданку, для іх зяцёў і шваграў - з пражываньнем у тры-плюс. Пасьля чаго даюць пакаштаваць напой. Кава як кава - робяць выснову цётачкі-таваразнаўцы. Горкая і чорная. Што яшчэ трэба?"

Дапіўшы гэтае горкае і чорнае, са зьмяшанымі пачуцьцямі я пашыбаваў на форум.

ЭЎРАПЕЙСКІ ПАРАДЫЗ


Калі я ўжо пачаў параўноваць эўрафорум і апошні зьезд БНФ, працягну параўнаньне і далей. У мяне была хатняя нарыхтоўка адмыслова для гэтага тэксту. Я зьбіраўся прыгадаць героя фільму Джыма Джармуша "Мярцьвяк" - індзейца Ніхто. У дзяцінстве ён быў спайманы белымі і правезены ў клетцы праз усю Амэрыку. Індзеец зьдзіўлена распавядаў: "Кожны раз, калі я прыязджаў у наступны горад, белыя людзі нейкім чынам прывозілі туды ўсіх сваіх людзей раней за мяне. У кожным новым горазде былі тыя самыя белыя людзі, што і ў папярэднім. І я ніяк ня мог уцяміць, якім чынам цэлы горад людзей можна перамясьціць нагэтулькі хутка..."

Па шчырасьці, я меркаваў, што ўбачу на эўрафоруме тых самых людзей, якія былі і на зьезьдзе БНФ. Калі не па пашпарце, дык па свайму тыпу тых самых. Ці ведаеце, такіх ня вельмі прыгожа і ахайна апранутых, бо ім няма калі думаць пра гэткія дробязі, усе думкі адно пра гаротны лёс Бацькаўшчыны. Праз гэтыя ж думкі пра гаротны лёс - з насупленымі, засяроджанымі тварамі. Нэрвовых, жоўчных і стомленых, бо гады марнага змаганьня з "крывавым рэжымам" высмакталі зь іх усю душу. Фатальна сур'ёзных, пазбаўленых пачуцьця гумару, бо тут не да жартаў. У асноўным сталага веку. І да таго падобных адзін на аднаго, што ўзьнікае ўражаньне, быццам ты патрапіў у нейкую таталітарную сэкту, дзе ўсіх падганяюць пад адзін капыл.

Але ж не. У Палацы культуры Аўтазаводу сабралася больш стракатая кампанія. Сярэдні ўзрост прысутных быў адчувальна меньшы. Шмат модна і крэтыўна апранутых, рухомых, разьняволеных, вясёлых. Дэфіляваў ружавашчокі Андрэй Хадановіч, Алесь Пушкін прыехаў у вышыванцы з васількамі, хадзілі хлопцы ў растаманскіх дрэдах, шаліках, арафатках, з завушніцамі і пірсынгам. Увогуле, атмасфэра на форуме нагадвала хутчэй якую-небудзь сьвяточную імпрэзу або вольную тусоўку. Чаму спрыяла і само памяшканьне. У адрозьненьне ад Палацу культуры МТЗ, дзе праходзіў зьезд БНФ, змрочнага і прытхлага, тут было чыста, сьветла і прасторна.

Усім прысутным, па модзе амэрыканскіх палітычных мерапрыестваў, раздалі сьцяжкі, з аднаго боку бел-чырвона-белыя, з другога - сіне-зорныя. Дарэчы, тут нідзе не вісела дзяржаўных сьцягоў і гербаў, якія былі ў Палацы культуры МТЗ. Кожны атрымаў прыгожую тэчку з дыскам, нататнікам, каляндарыкамі і ўжо згадванымі рэклямнымі брашуркамі. Якія мусяць пераканаць беларускіх прадпрымальнікаў, дзяржслужбоўцаў, студэнтаў і выкладчыкаў у перавагах эўраінтэграцыі. (Незразумела, чаму забыліся на рабочых і сялянаў, якія складаюць большасьць беларусаў. Ці то іх палічылі непісьменнымі, ці то яны насамрэч не атрымаюць ніякіх выгодаў ад эўраінтэграцыі.) Паліграфія пераканаўчая - высокаякасная, прыемная на дотык, лашчыць вока. На ілюстрацыях - беларусы, якімі яны, мусібыць, павінны стаць у будучыні. Да беларусаў зусім не падобныя, нейкія гламурыфікаваныя "сярэднеэўрапейцы". Усе шчасьліва пасьміхаюцца, паказваючы выбеленыя да бляску, роўныя зубы. Жанчыны ў пінжаках і кашулях з расшпіленым каўнерам - вы такіх шмат бачылі вакол? Усе зграбныя, падцягнутыя, бадзёрыя. І вочы, такія, ведаеце, ашалелыя ад дабрабыту і застыглыя ў гэтай эмоцыі, нібыта эмаляваныя. Карацей, не жывыя людзі, а ідэальна-прывідныя. Насельнікі ўяўнага эўрапейскага парадызу.

Занадта грубая, лабавая рэкляма. Якая мала чым адрозьніваецца, па сутнасьці, ад рэклямы "За (сякую і такую) Беларусь!" Адно што апошняя прапагандуе не пост-індустрыяльны парадыз, а пастаральна-фальклёрны рай.

ПАНАЕХАЛА ГАСЬЦЁЎ


Адна з галоўных "фішак" форуму - вялікая прыстунасьць замежных гасьцёў. Нябачна прысутнічаў цягам некалькіх гадзінаў амэрыканскі амбасадар. Не была заяўленая ў праграме, але прыйшла амбасадарка Францыі спадарыня Мірэй Мюсо. Якая, дарэчы, анічым не нагадвала тых прывідаў з рэклямных брашурак. Мажная, узлахмачаная, без пінжака і кашулі, у нейкай цёмна-зялёнай накідцы і мехаватых штанцах нявызначанага колеру. Жывы, то бок, чалавек. І вельмі эмацыйны. Бачылі б вы, як горача і ўсхвалявана яна запярэчыла Яцэку Пратасевічу, кіраўніку дэлегацыі Эўрапарламенту па сувязях зь Беларусьсю, які сказаў быў пра ангельскую мову, што яна "галоўная" ў Эўразьвязе. Прысутныя да таго моманту і ня ведалі, што спадарыня Мюссо прысутнічае ў залі. Усхапілася і крычыць: не вярзіце лухты, Яцэк! Ну, не зусім так, усё ж яна дыплямат, але эмацыйны зарад быў менавіта такі. Амбасадарка запэўніла залю, што шматмоўе - падставовы прынцып Эўразьвязу, тут ня можа быць ніякая "галоўнай" мовы, яны ўсе роўныя. І беларуская, дадала Мірэй, аднойчы абавязкова на роўных загучыць сярод іх. Натуральна, сарвала апладысмэнты.

І спадарыня Мюсо, і Жан-Дамінік Жуліяні, старшыня фонду імя Рабэра Шумана, абое размаўлялі на сваёй роднай - французскай мове. Прычым Жан-Дамінік пачаў свой выступ з дэманстратыўнага "BONJOUR!" (менавіта так - вялікімі літарамі). Бо да яго ўсе замежныя госьці выступалі або па-ангельску, або па-расейску. Апроч амбасадара Швэцыі, які нечакана зьвярнуўся да публікі на вельмі добрай беларускай мове. Немец Мануэль Зарацын, дэпутат Бундэстагу, выступіў на ангельскай мове. Няўжо не знайшлося перакладчыка зь нямецкай? Ці то арганізатары вырашылі, што нямецкая мова ўсё яшчэ вярэдзіць беларусам душу, нагадваючы пра "млека, курка, яйкі"? Зьбігнеў Рамашэўскі, віцэ-маршалак польскага сэнату, прамаўляў на чысьцюткай расейскай, голасам Аркадзія Арканава. Яцэк Пратасевіч - на ангельскай. Ну, тут можна з пэўнасьцю сказаць, што сьвядома было вырашана, каб польскай мовы не гучала. Самі ведаеце чаму. Аляксандр Мірскі, дэпутат Эўрапарламенту ад Латвіі, - выступаў на расейскай. Прадстаўнік пра-крамлёўскай расейскай партыі "Правое дело" ў горадзе Санкт-Пецярбургу паспрабаваў быў нешта сказаць па-беларуску, але прызнаўся, што "плоха валодае беларускім йезыком". Яму даравалі.

Сярод замежных гасьцёў двое, як высьветлілася, мелі беларускія карані. Гэта Яцэк Пратасевіч, чый бацька нарадзіўся недзе пад Баранавічамі, і Аляксандр Мірскі, у якога, паводле ўласных словаў, "невыпадкова такое прозьвішча", бо ягоныя продкі зь Міру.

МУР-МУР-МУР


Аб чым вялося, які мэсідж даслалі ўдзельнікам форуму замежныя госьці?

Уладзімер Мацкевіч у якасьці галоўнай высновы вылучыў тое, што "Беларусь патрэбная Эўразьвязу". І цяпер трэба распавесьці аб гэтым усяму беларускаму грамадзтву, якое дзяржпрапаганда запэўнівае ў тым, што "ніхто нас у гэтай Эўропе не чакае". Дазволю сабе не пагадзіцца з спадаром Мацкевічам. Здаецца, адно Яцэк Пратасевіч актыўна заклікаў Беларусь у Эўропу. Не, штосьці такое казалі амаль усе, але з шматлікімі агаворкамі. Абавязкова падкрэсьліваючы, што наперадзе - вельмі доўгі, цярністы шлях. Цяжка сказаць, чаго ў гэтых выступах было болей, заахвочваньня або спробы астудзіць залішні энтузіязм прысутных. Фармулёўкія надта ўжо абцякальныя. Нагадвала вядомы танец - "крок наперад, два назад". Можа і патрэбныя, але ня зараз. Мур-мур-мур, казалі. У сэнсе, часта згадвалі Бэрлінскі мур. Вось, калісьці ніхто ня верыў, што ён упадзе, а ён упаў. Гэтак жа аднойчы і для Беларусі ўсё можа зьмяніцца пасьля дожджыку ў чацьвер.

НА РОСТАНЯХ. ЧАЛАВЕК ПАМІЖ ВЯЛІКАЙ МАЛДОВАЙ І ВЯЛІКАЙ ЛАТВІЯЙ


Што да цярністасьці, меліся на ўвазе ня толькі палітычныя цяжкасьці. Таксама і эканамічныя, якія чакаюць Беларусь у выніку рынкавых рэформаў, неабходных для далучэньня да ЭЗ. Вядома, урэшце будзе добра, але не адразу і ня ўсім, частка грамадзтва, наадварот, пацерпіць ад іх. Магчыма, значная частка. (У рэклямных брашурках аб гэтым ані слоўца не было!) У сувязі з чым згадвалі Польшчу, зь яе вялікім беспрацоўем і "выспамі беднасьці". Вельмі наіўна, нібыта ў разьліку на малых дзяцей, тлумачылі прысутныя палякі-бюракраты прычыны сваіх праблемаў: маўляў, мы гэтак хутка рухаліся ў рынак, што некаторыя за намі не пасьпявалі. Вось, прыкладам, шахтары-вугальшчыкі (чые шахты давялося зачыніць на патрабаваньне Эўразьвязу) прасядзелі па 25 гадоў пад зямлёй, дык ня хочуць на паверхню вылазіць. Ну што ты зь імі паробіш. Карацей, самі вінаватыя.

Я ледзь стрымаўся, каб не засьвісьцець у гэтым месцы, далібог. Таму што бачыў у Маскве кранальны польскі спэктакль "Kopalnia", прысьвечаны лёсу гібеючага шахтарскага гораду Вальбжых і ягоных жыхароў. Якія ня могуць знайсьці сябе ў дзіўным новым сьвеце. Мажліва, толькі так - праз мастацтва можна адчуць пакуты людзей?

Шаноўнае спадарства, гэта ж людзі, а ня робаты-трансфарматары - раз-раз і перабудаваліся! Да таго ж, няздольнасьць прыстасавацца да рынку ня ёсьць заганай. Гэтак сама як адаптыўнасьць ня ёсьць цнотай. Рынак там, ці ня рынак - усё гэта не чалавечае вымярэньне. Чалавек - перадусім, ён ня можа служыць адно пешкай у эканамічнай гульні.

Цалкам ухвальны заклік незалежнага эканаміста Сяргея Чалага, які выступаў на зьезьдзе ў рамках эканамічнай сэкцыі, "казаць людзям праўду". А не пісаць глупстваў, кшталту таго, што "мы скасуем пададткі, падвысім заробкі і пэнсіі, зьменшым кошты", і усё будзе добра, і ўсе будуць добрыя, і нічога, апроч дабра, ня будзе. Калі да яго прыслухаюцца - ужо хоць штосьці, нейкі зрух. Кажыце людзям усю праўду, няхай яны дакладна ведаюць, што ім прапануюць выбраць.

Сам спадар Чалы кажа пра два патэнцыйныя сцэнары будучага Беларусі: "Вялікая Малдова" або "Вялікая Латвія". Што да першага сцэнару, гэта - капец усяму, які абавязкова прыйдзе, калі ўсё пусьціць на самацёк. Ведаем, "Вялікай Малдовай" нас ужо шмат гадоў пужаюць. А вось на Латвію незалежны эканаміст прапануе раўнацца. Няхай сельская гаспадарка і прамысловасьць кацяцца ў бездань - гэта ўсё ўчорашні дзень. Трэба ж актыўна разьвіваць банкаўскаю сфэру, як гэта зрабілі ў Латвіі.

Таго, што Латвія найбольш церпіць ад сусьветнага крызісу і некаторыя міжнародныя экспэрты прадвяшчаюць ёй эканамічнае банкруцтва, спадар эканаміст прапануе не пужацца. Зь лёгкасьцю ён адмахваецца: не зважайце, гэта "хваробы росту". Як на мой погляд: мякка сьцеле, ды мулка спаць. Калі ацаніць пэрспэктыву па-просту, па-нашаму, па-сялянску, дык гэта нікуды не гадзіцца. А ну як ляснуцца тыя банкі? Вельмі ўжо ненадзейная рэч. Што мы тады есьці будзем, грошы, банкаўскія карткі?

Сьледам за Чалым выступіў іншы незалежны эканаміст - Міхал Залесскі. Вельмі дасьціпна выступіў. Ягоны выступ быў ня столькі аналітычны, колькі гумарыстычны. І сапраўды сьмешны. Але тое, што ён кпіў зь беларусаў, якія столькі і столькі адсоткаў нацыянальнай садавіны-гародніны вырасьцілі саматугам, забяспечылі сябе самастойна пэўным адсоткам яек, малака і мяса, нават усёй рэспубліканскай рыбы вылавілі ажно сем адсоткаў самі, мяне зьдзівіла. Што тут сьмешнага або страшнага? Лепей шыць красоўкі для транснацыянальных карпарацыяў або плястмасавыя цацкі зьбіраць?

Ня ўсё гэтак адназначна і з Балёнскай сыстэмай адукацыі, рэклямаванай на форуме. Як і ва ўсякай рэкляме, тут трэба зьвярнуць увагу на інфармацыю, набраную пэтытам. "Пэтытам" была агучаная інфармацыя, што 80% адсоткаў літоўскіх студэнтаў, якія працягваюць адукацыю за мяжой - а мажлівасьць працягваць адукацыю за мяжой падавалася ледзь не як галоўная перавага Балёнскай сыстэмы - не вяртаюцца дадому. Такім чынам яна выпампоўвае з пэрыфэрыі мазгі. А ў астатнім, прыўкрасная маркіза, усё добра...

З БАРАДОЙ АБО БЕЗ БАРАДЫ...


Адным словам, як казаў граф Прушынскі, прысутны на форуме: "Ідзіць пішыць програм!" Граф Прушынскі гэтак хваляваўся, што нават упаў на прыступках, сыходзячы са сцэны.

Тое, што ўжо напісана - гэта яшчэ не праграма, а сьпіс супярэчлівых, прыўкраснадушных лёзунгаў і дэклярацыяў. Пішучы ж тую праграму, не забудзьцеся на параду Сяргея Чалага - казаць праўду. Кажыце праўду, замест таго, каб маляваць летуценныя фантасмагорыі. Праўдзе, як на мой погляд, заўжды больш веры. А мы, беларускі народ, узважыўшы ўсе "за" і "супраць", зробім свой выбар.

Што да форуму, асабіста мне спадабалася. Утульная і нязмушаная атмасфэра - гэта само па сабе нямала. Сякі-такі непасрэдны дыялёг з прадстаўнікамі Эўразьвязу - яшчэ лепей. Але галоўнае, што нарэшце адбылася спроба інтэлектуальнай працы, асэнсаваньня таго, хто мы, за што мы і чаму менавіта за гэта, а можа трэба за іншае. Замест звыклых шаманскіх камланьняў-радзеньняў. Спадзяюся, што "працэс пайшоў" і на гэтым ня спыніцца.

Будзе вельмі прыкра, калі ўсё гэта абернецца такой самай ілюзіяй, як рэклямныя брашуркі.

І яшчэ хачу сказаць, што Юры Хадыка дарэмна пагаліўся. З барадой яму было лепей. Гэта ці не з нагоды паразы старой каманды ў БНФ? Але, з барадой ці без барады, добра, што ён таксама прыйшоў на форум. Бо Эўропа, як заўважыў на дэсэрт Віталь Сіліцкі, гэта, не ў апошнюю чаргу, культура камунікацыі і культура дыялёгу. То ж будзьма эўрапейцамі - размаўляйма! Ня толькі па-беларуску, але паміжсобку і з сваімі непрымірымымі апанэнтамі. Замест таго, каб практыкавацца ў тым, хто гусьцей плюне і мацней дзёўбне.