Хто тут пасьля гэтага правінцыйны?

Будзімір

Па завядзёнцы пачну з актуальнай тэмы, якая амаль не абмяркоўвалася ў беларускай блогасфэры, нягледзячы на сваю актуальнасьць. Гэтым разам такой тэмай сталася 20-годзьдзе падзеньня Бэрлінскага муру.


Здавалася б, якая зручная нагода, каб нешта напісаць. Зазірнуў у стужку навінаў, каляндар памятных датаў, пачухаў патыліцу, і разважай. Пра што разважаць? Ну, прыкладам, пра ролю і месца СССР у гісторыі — сусьветнай і нацыянальнай. Бо разбурэньне Бэрлінскага муру было пачаткам канца савецкай цывілізацыі. Пра спраўджаныя ці няспраўджаныя надзеі, якія ўскладаліся на скон “імпэрыі зла”.


Ці насамрэч адбыўся “канец гісторыі”, абвешчаны Фрэнсысам Фукуямам? Халодная вайна скончаная, разьвязаныя ўсе супярэчнасьці і запатоленыя ўсе асноўныя патрэбы, няма болей падставаў для канфліктаў? І ўсё, што нам цяпер засталося, пасьля поўнага і канчатковага трыюмфу Захаду, гэта “эканамічны разьлік і задавальненьне вытанчаных запатрабаваньняў спажыўца”? А мары пра штосьці большае павінны адысьці ў нябыт, таму што чалавеку няма куды болей эвалюцыянаваць — прыехалі? Ці быў Бэрлінскі мур (шырэй — “жалезная заслона”) апошняй перашкодай на шляху глябальнага аб’яднаньня сьвету?


Мур можна таксама зразумець як мэтафару ўмоўных сацыяльных, міжнацыянальных і культурных перагародак. Нарэшце, перагародак міжчалавечых, якія замінаюць разуменьню, эмпатыі і да т.п. На жаль, падзеньне гэтых перагародак — наўрад ці справа бліжэйшай будучыні.


Не, ня стаў чухаць патыліцу беларускі блогер. А можа, і ў каляндар памятных датаў не зазіраў. Ён жыве па нейкім сваім уласным гадзіньніку. Турботы сьвету — не ягоныя турботы. Што цікава, пры гэтым ён любіць кпіць з правінцыйнасьці афіцыйных СМІ. Якая найбольш яскрава была праявілася падчас тэрарыстычных нападаў на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку. Беларускае тэлебачаньне тады падало гэтую навіну як другарадную пасярод вестак з палёў, агародаў і прысядзібных участкаў.


Канешне, падзеньне нейкага там муру 20 гадоў таму, на першы погляд, не ідзе ні ў якае параўнаньне з тэрарыстычным нападам на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар, надзіва візуальна падобным да галівудзкіх апакаліпсісаў. Але з гістарычнага пункту гледжаньня яно мела прынамсі ня меншую значнасьць. І дасюль застаецца нагодай для сур’ёзных развагаў. Толькі не для беларускага блогера. І хто тут пасьля гэтага правінцыйны?


Дзеля справядлівасьці варта згадаць тых, хто ўсё-ткі выказаўся па тэме.


Вольга Абрамава згадала выпадак з уласнага жыцьця, ускосна зьвязаны з Бэрлінскім мурам. Як ва ўзросьце 20 гадоў яна гасьцявала зь сястрой у ГДР, нічога ня ведала пра той мур, была палітычна непадкаваная (куды толькі глядзелі адмысловыя таварышы, чаму не падкавалі?!), і заманулася ёй бліжэй паглядзець на коней з Брандэнбурскай брамы. Ужо пераступіла праз ланцуг, а сястра сьмяецца: “Ну, схадзі, схадзі!” Яна, падобна, ведала, чым усё можа скончыцца. Сястру ж не папярэдзіла, весялушка такая, каб той сюрпрыз быў. Толькі ў апошні момант перадумала, спыніла і ўсё патлумачыла. Цяпер Вольга Абрамава гадае, ці не застрэлілі б яе ўрэшце, ня будзь побач сястры. Па-мойму, дык прысутнасьць такой сястры (чаго вартае яе гульлівае “ну, схадзі”!) адно павялічвала верагоднасьць нешчасьлівага здарэньня.


Барыс Ляпешка ня верыць у тое, быццам падзеньне Бэрлінскага муру было агульначалавечай перамогай. На чыёй вуліцы сьвята? — пытаецца. І сам адказвае: не на нашай. Бо постсавецкія краіны не атрымалі ад таго ані палітычных, ані эканамічных дывідэндаў, адны страты. Хаця, на ягоны погляд, павінны былі атрымаць. У якасьці падзякі за “мяккую і падатлівую” пазыцыю былога савецкага кіраўніцтва ў пытаньні ўзьяднаньня Нямеччыны. Маглі ж і не дазволіць! Таксама Барысу Ляпешку недаспадобы, што немцы сьвяткуюць узьяднаньне сваёй нацыі “гучна і трыюмфальна”, а беларусы — “ціха і незаўважна”, нібыта баючыся каго-небудзь пакрыўдзіць. А вось немцы не баяцца нікога пакрыўдзіць, і нам ня трэба! Нацыянальныя інтарэсы — перадусім! — заключае ён.


Канешне, спадару Ляпешку добра вядома, у чым палягаюць г. зв. “нацыяльныя інтарэсы”.


Блогер kennymertv задаецца ўжо не эгаістычным пытаньнем, а цікавіцца тым, што адчуваў усходні немец у гэты дзень, дваццаць гадоў таму. Ахвотнікаў паразважаць знайшлося ня шмат. Слушны камэнтар пакінуў alnikol : “Напэўна былі і тыя, хто адчуваў — абрынуўся той мур акурат на іх...”


Напэўна ж былі.


Кастусь Чарнец цытуе артыкул свайго таварыша: “Крывадушнасьць, зь якой кіраўнікі дзяржаваў віталі падзеньне муру, цяжка не заўважыць... Бэрлінскі мур упаў, але для мільёнаў мігрантаў, якія намагаюцца знайсьці працу і пракармленьне ў краінах Эўропы, вырас значна вышэйшы мур. Паводле некаторых зьвестак, пры спробе патрапіць у Эўропу загінулі тысячы мігрантаў і тысячы апынуліся за кратамі — за тое, што наважыліся застацца тут на “нелегальным” становішчы...”


Сапраўды, мо хто патлумачыць, чаму тыя, хто загінуў пры спробе патрапіць з ГДР у ФРГ, далучаныя да ліку пакутнікаў (за ідэалы дэмакратыі і волю да свабоды), а сёньняшнія мігранты з краінаў трэцяга сьвету — “самі вінаватыя”?


Андрэй Манчук напісаў пра канцэрт у Бэрліне гурту U2 у гонар юбілею. На канцэрце “арганізатары паставілі побач з Брандэнбургскай брамай загароду, якая не дазваляла ўбачыць шоў тым, хто прыйшоў без квітка”.


Ці не гіронія лёсу?


ДРЭС-КОД “НАШЫХ” І “НЯНАШЫХ”


Днямі ў Нямеччыне атрымаў 15 гадоў зьняволеньня — максымальны тэрмін — Алекс Вінс (Незьлін) за забойства Марвы аш-Шарбіні, якая мела нахабства гуляць па Дрэздэну ў хіджабе. І адно з тае прычыны, на думку Алекса Вінса, ня мела права жыць. Марва была на трэцім месяцы цяжарнасьці. Канфлікт усчаўся пасьля таго, як жанчына папрасіла Алекса вызваліць арэлі, каб ейны маленькі сын мог пагушкацца. Той у адказ абазваў яе «тэрарысткай». Натуральна, калі ў хіджабе — хто ж яна яшчэ? Марва падала на яго ў суд, і суд спагнаў з Алекса вялікі штраф. Менавіта ў тым судзе ён і забіў яе нажом...


Гэты выпадак абмяркоўваўся ў журнале Шупы і выклікаў міні-“вайну цывілізацыяў”. На шчасьце, толькі слоўную. Але ж мы ведаем, што слова было на пачатку ўсяго астатняга.


Андранік Антанян antanian неабачліва кінуў рэпліку, што няблага было б зьнесьці самалётам камень Каабы — мусульманскую сьвятыню. Усё роўна, маўляў, мірнае суіснаваньне з ісламам немагчымае. За што Рашэд Чоўдхуры назваў яго “фашыстам”. Абодва людзі выхаваныя, абодвух аб’ядноўвае прыхільнасьць да беларушчыны, таму ўзялі сябе ў рукі і сяк-так паразумеліся.


Зрэшты, болей за іхную сутычку мяне зьбянтэжыў камэнтар блогеркі amberss, будзённы і безэмацыйны: “Апранаючы хіджаб у Дрэздэне, трэба быць гатовым да такіх інцыдэнтаў. Гэта пытаньне аб уменьні дапасоўвацца да заходняга грамадзтва”.


Вось так усё проста. Вартасьці заходняй цывілізацыі аказаліся зьведзеныя да дрэс-коду, паводле якога вызначаюцца “нашыя” і “нянашыя”. Прычым фізычнае вынішчэньне апошніх — цалкам заканамерная зьява. Што значыць чаму? Таму што яны нянашыя і трымаюцца іншага дрэс-коду, вядома!


Як заўважыў shupa, сьмерць Марвы аш-Шарбіні ня надта займала заходнія СМІ. Бо яе забілі за “нехарошае”. Хаця насамрэч, піша блогер, “Марва загінула за тое, што яна іншая, што яна жанчына, што яна ўстала на абарону сваіх правоў”. Мультыкультуралізм мультыкультуралізмам, але хіджаб — гэта не прагрэсіўна. Прынамсі, ён дакладна ня мае дачыненьня да “ідэалаў дэмакратыі”. За якія загінула іншая мусульманка — Нэда Салтані — пакутніца іранскага паўстаньня. Чыёй сьмерці якраз было прысьвечана вельмі шмат увагі ў тых самых СМІ. Пачэсна загінуць, атрымаць пропуск на гэты бок сьцяны, можна адно за права не насіць хіджаб.


ПА РОЗНЫЯ БАКІ МУРУ


“Іншыя — гэта заўжды іншыя, пакуль некаторыя зь іх воляй лёсу ня стануць тваімі блізкімі. Іншыя — гэта чужыя, іх не зразумець і не прыняць, яны адпачатку запячатаныя для нас, зашыфраваныя...” — піша dobroelekarstvo.


Але яму падаецца, што ён разумее, дакладней — не разумее, і не разумее цалкам слушна, інвалідаў, якія нараджаюць дзяцей. Перадаючы ім у спадчыну сваю інваліднасьць. Напісаць аб гэтым яго падштурхнула гісторыя самай маленькай у сьвеце мамы, амэрыканкі Стэйсі Гэральд, чый рост усяго 70 сантымэтраў. У яе рэдкае і вельмі цяжкое захворваньне — “недасканалы остэагенэз” (Osteogenesis imperfecta). Тым ня менш Стэйсі рыхтуецца нарадзіць ужо трэцяе дзіця. Першая ейная дачка нарадзілася з тым самым дыягназам, што і ў маці.


Блогер лічыць жаданьне Стэйсі пладзіцца і множыцца эгаістычным і безадказным. Бо жанчына, на яго погляд, сьвядома асуджвае нявіннае дзіця на непаўнавартаснае існаваньне.


Гэтае меркаваньне — не выключэньне, менавіта такой была рэакцыя бальшыні чытачоў расейскай журналісткі Радулавай, якая распавяла гісторыю самай маленькай у сьвеце мамы ва ўласным блогу. Расея, відавочна, не гатовая да прыняцьця гуманізму амэрыканскага ўзору. Тлумачыцца гэта, вядома, ня толькі чэрствасьцю і цынізмам расейскага людзтва. Быцьцё вызначае сьвядомасьць, нічога не паробіш. Сацыяльныя ўмовы ў Расейскай Фэдэрацыі, дый па ўсёй постсавецкай прасторы, вельмі далёкія ад таго, каб быць спрыяльнымі для інвалідаў. Тут нават жыцьцё здаровага чалавека — досыць экстрэмальнае мерапрыемства. Мы жывем па розныя бакі “Бэрлінскага муру”.


Але ў гэтай “аб’ектыўнай” пазыцыі прыхавана прысутнічае ўстаноўка, што дзяржава — гэта ня мы самі, а цалкам незалежная ад нас рэчаіснасьць, у якой нічога немагчыма зьмяніць, дзе інваліды прырэчаныя адно марнець і гібець.


Калі б дзіцёнка-інваліда прынесьлі на парог да любога з тых, хто нэгатыўна выказаўся наконт права інвалідаў нараджаць дзяцей, я амаль пэўны, большасьць зь іх гэтага дзіцёнка прынялі б і сагрэлі. Прызнаўшы каштоўнасьць яго жыцьця. Дык што перашкаджае прызнаць яго цяпер? Разам з правам людзей нараджаць сабе падобных, што ёсьць неад’емнай і вельмі важнай часткай быцьця. Шчасьлівага быцьця.


На шчасьце, нават па наш бок сьцяны ёсьць тыя, хто прызнае гэтае права:


“Можа, пакінем вырашаць гэтае пытаньне тым, пра каго мы гаворым? Што нам, мужыкам, якія нічога не разумеюць у тэме мацярынства, разважаць пра тое, каму і навошта трэба нараджаць? “Няшчасьце” інваліда — рэч неадназначная. Ёсьць няшчасныя, а ёсьць тыя, каму фізычнае калецтва дапамагло знайсьці ўнутранае напаўненьне... Гэта МЫ, калі бачым чалавека, робім выснову, што ён можа быць няшчасным. Але галоўнае — ня нашыя высновы, а стан самога чалавека. Пра які можа судзіць толькі ён сам. Іначай усё гэта вельмі лёгка перацягнуць у плоскасьць “карысьць грамадзтву, роду” — а гэта ўжо фашызм. Каб не скаціцца ў фашызм — ніякіх ініцыятываў па ўзьнятым пытаньні не падтрымліваю. Гэта справа асобы”. (dreamkeeper_inn)


“Эгаізм — нараджаць чалавека ў таталітарнай дзяржаве, дзе ён будзе бяспраўны і няшчасны? Ці эгаізм нараджаць у сьвеце, дзе экалёгія псуецца, а мараль зьнікла? Ну ты цю”. (resurectionum)


“Кожны з нас нясе бездань няшчасьцяў для свайго будучага дзіцёнка, і гэта маральны выбар кожнага — працягваць гэтую пакуту (а гэта заўжды будзе пакута, нават калі чалавек не інвалід) або не працягваць, і, што больш важна — лічыць сябе годным таго, каб прадоўжыцца, або вырашыць, што ГЭТА ЎСЁ павінна на мне скончыцца. Твае развагі мне ў чымсьці блізкія, але я НІКОЛІ ня думаю іх пра іншых людзей — толькі пра сябе. У сэнсе: ці маю я права даваць жыцьцё тым, хто атрымае ад мяне тое, што я сама магу лічыць інваліднасьцю — гэта ж пытаньне ўласнага разуменьня ПАЎНАВАРТАСНАСЬЦІ, хіба не? Прыкладам, я зараз бачу ў сабе вялізную колькасьць псыхічных і псыхалягічных недарэчнасьцяў, якія перашкаджаюць мне жыць і, фактычна, робяць мяне няшчаснай — і я дакладна ведаю, што атрымала іх ад бацькоў, гэта генэтыка; і я цалкам сур’ёзна думаю — ці патрэбна гэта тым, хто можа аказацца маімі дзецьмі? Ці трэба мне гэта працягваць? Калі мне цяжка — настолькі ж цяжка будзе ім, можа, хай лепей іх зусім ня будзе?” (vinah)


Прызнаньне права — першая прабоіна ў глухім муры.


Празь яе можна будзе працягнуць руку дапамогі...