Эўрарадыё: Хацелася б займаць моладзевую нішу

“Эўрарадыё для Беларусі” атрымала копію пастановы Савета Міністраў і пасьведчаньне аб адкрыцьці ў Беларусі карэспандэнцкага пункту. На сайце belradio.fm можна пабачыць сканаваную пастанову Савету Міністраў і пасьведчаньне аб адкрыцьці карэспандэнцкага пункту ў Беларусі. Госьць “Начной Свабоды” – прэзыдэнт праўленьня Эўрарадыё Дзьмітры Новікаў.
Соўсь: Колькі давялося чакаць дазволу на адкрыцьцё карэспандэнцкага пункту?

Новікаў: Апошнім разам 5 месяцаў. А перадапошнім – год і 5 месяцаў. Я думаю, што гэта зьвязана, вядома ж, з зацікаўленьнем у адносінах з ЭЗ.

Соўсь: Як хутка пачне працаваць карпункт ў Менску? У якім складзе? Што зьменіцца ў працы “Эўрарадыё для Беларусі” пасьля гэтага?

Новікаў: Што да колькасьць супрацоўнікаў – цяжка сказаць, бо мы дагэтуль ня ведаем, колькі нам дазволяць акрэдытаваць журналістаў, і гэта галоўнае пытаньне сёньня. Але для нас гэта ўсё роўна вельмі важны крок, бо мы зможам мець большы доступ да інфармацыі, і нашым журналістам будзе спакойней працаваць.

Соўсь: Вашы журналісты з прычыны адсутнасьці акрэдытацыі выступаюць пад псэўданімамі? Ці зьменіцца сытуацыя пасьля адкрыцьця карпункту?

Новікаў: Так, цяпер многія працуюць пад псэўданімамі, і тыя, хто будзе акрэдытаваны, я думаю, пачнуць працаваць пад сваімі імёнамі, хаця гэта, канешне, права кожнага чалавека – адкрыцца ці не.

Соўсь: Якія засьцярогі ў вас ёсьць – што да працы ў афіцыйным статусе ў карпункце?

Новікаў: Па-першае, я спадзяваўся, што акрэдытацыя будзе дадзеная ня толькі Эўрапейскаму радыё, але і іншым сродкам масавай інфармацыі – Белсату, радыё Рацыя, іншым. Пакуль, на жаль, такой інфармацыі няма, і гэта азначае, што гэта палавінчатыя крокі. А далей пабачым: бо шмат розных рычагоў: эканамічных, фінансавых, і зараз пабачым, наколькі нам дадуць магчымасьць працаваць, атрымаць памяшканьне, бо акрэдытацыя офісу – гэта ў першую чаргу шмат розных працэдураў, а заканадаўства вельмі супярэчлівае. З аднаго боку акрэдытоўваць трэба толькі той пэрсанал, які займаецца непасрэдна кантэнтам, журналісцкімі матэрыяламі, але, хутчэй за ўсё, ад нас будуць патрабаваць акрэдытаваць увесь пэрсанал, уключна з прыбіральшчыцай.

Соўсь:
Ваша старонка ў інтэрнэце belradio.fm – вельмі папулярная. Што на сёньняшні дзень для кіраўніцтва Эўрарадыё ёсьць большым прыярытэтам – радыёвяшчаньне ці інтэрнэт?

Новікаў: Мы ўсё ж радыё, і радыё для нас – галоўнае, але мы вельмі актыўна думаем пра тое, каб больш выкарыстоўваць мультымэдыйную плятформу, такую. як Інтэрнэт, каб выкарыстоўваць усе сучасныя магчымасьці, якія сёньня выкарыстоўваюцца ў Інтэрнэт-прасторы: гэта і падкасты, і відэа, і ўсе існуючыя магчымасьці.

Соўсь: Як бы вы акрэсьлілі вашу радыё і інтэрнэт аўдыторыю на сёньняшні момант?

Новікаў: У нас, на жаль, пакуль Інтэрнэт-аўдыторыя больш дарослая, а хацелася б займаць моладзевую нішу, хаця даволі шмат і моладзі прыходзіць на старонку. Але мультымэдыйныя зьмены, я думаю, прыцягнуць да нас яшчэ больш увагі моладзі. А так, калі мы праводзілі конкурсы, мы бачылі вельмі шмат цікаўных маладых твараў.


Эўрапейскае радыё для Беларусі – міжнародная радыёстанцыя зь сядзібай у Варшаве, якая прэзэнтуе незалежную інфармацыю, навіны й забаўляльныя перадачы зь лютага 2006 году. ЭРБ працуе на хвалях FM і нізкім FM, а таксама праз спадарожнік і Інтэрнэт. Праграмы рыхтуюцца камандай беларускіх журналістаў у Варшаве й Менску, а таксама сеткай рэпартэраў у абласьцёх Беларусі. ЭРБ – гэта забаўляльна-інфармацыйная радыёстанцыя. Ейнай мэтавай аўдыторыяй зьяўляецца перадусім моладзь ува ўзросце 18-35 гадоў. Радыё працуе 24 гадзіны на дзень.