Андыжан: памяць пра трагедыю
Спэцыяльныя сілы патрулююць вуліцы Андыжану пасьля здушэньня хваляваньняў - У ноч на 13 траўня 2005 году ўзброеныя людзі захапілі будынак гарадзкой адміністрацыі узбэцкага гораду Андыжан, напалі на вайсковы гарнізон і турму, захапілі зброі і вызвалілі зьняволеных. На другі дзень на цэнтральнай плошчы гораду сабралася вялікая дэманстрацыя. Узбэцкі ўрад у адказ даслаў вайсковыя сілы.
Спаленыя аўтамабілі пасьля сутыкненьняў - Падчас дэманстрацыі 13 траўня ўрадавыя войскі без папярэджаньня адкрылі агонь па ўдзельніках пратэсту, загінулі сотні людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Бальшыня дэманстрантаў сабралася не для падтрымкі захопу турмы, а з крытыкай ўраду і патрабаваньнямі паляпшэньня ўмоваў жыцьця.
Жыхары Андыжану нясуць цела ахвяры сутычак - Паводле пазьнейшых ацэнак праваабаронцаў, у андыжанскіх падзеях загінула ня менш за 1000 чалавек, бальшыня зь ліку цывільнага насельніцтва. Узбэцкія ўлады ацэньваюць колькасьць ахвяраў на 200 чалавек і цьвердзяць, што ахвяры – гэта пераважна замежныя экстрэмісты-наёмнікі і ўрадавыя вайскоўцы.
Людзі моляцца каля целаў ахвяраў - Некаторыя андыжанцы цьвердзілі, што ўлады выносілі целы забітых зь месца падзеяў, каб схаваць колькасьць ахвяраў. На працягу месяцаў пасьля сутыкненьняў шматлікія сем'і ня ведалі, ці іх родныя загінулі, уцяклі з краіны або былі зьняволеныя за ўдзел у дэманстрацыях.
Узбэцкі ўцякач у лягеры каля кіргіскай памежнай вёскі Бараш - Сотні ўзбэкаў пасьля трагічных падзеяў уцяклі з Андыжану ў суседні Кіргізстан. Кіргізстан спачатку закрыў свае межы, каб не дапусьціць наплыў уцекачоў, якія маглі б стаць крыніцай новых пратэстаў і неспакою. Найвышэйшы камісар ААН у справах уцекачоў з часам дамогся наданьня ўзбэкам статусу уцекачоў і дапамог ім перабрацца ў іншыя краіны.
Узбэцкая жанчына з Андыжану ў лягеры для ўцекачоў у Чэхіі - Некаторыя ўцекачы з Андыжану аселі ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. Шмат хто зь іх пасьля вярнуўся ў Узбэкістан, але многія застаюцца на чужыне, баючыся рэпрэсіяў за ўдзел у дэманстрацыях або за тое, што былі сьведкамі іх здушэньня.
Пятнаццаць удзельнікаў працэсу ў верасьні 2005 году ў Найвышэйшым судзе Ўзбэкістану, абвінавачаных ў тэрарызме - Дзясяткі ўзбэкаў пасьля андыжанскіх падзеяў паўсталі перад судом, 15 абвінавачаных былі асуджаныя за забойствы і тэрарыстычную дзейнасьць у сувязі з захопам турмы. Асуджаныя былі і тыя, хто ня ўдзельнічаў у самых падзеях, у тым ліку шэраг журналістаў і праваабаронцаў, якія расьсьледавалі або асьвятлялі крывавыя падзеі ў Андыжане.
Прэзыдэнт Карымаў усьміхаецца зь білборда на андыжанскай вуліцы - Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў сьцьвярджаў, што хваляваньні ў Андыжане былі арганізаваныя міжнароднай экстрэмісцкай групоўкай з падтрымкай замежных ісламістаў. Ён адмовіўся выканаць патрабаваньні правесьці незалежнае расьсьледаваньне падзеяў. Ніводзін зь дзяржаўных службоўцаў ня быў пакараны за неапраўданае ўжыцьцё сілы.
Дэманстрацыя пратэсту супраць прэзыдэнта Карымава перад амбасадай Узбэкістану ў Брусэлі на першую гадавіну трагедыі - Эўразьвяз наклаў на Ўзбэкістан санкцыі ў сувязі з падзеямі ў Андыжане і парушэньнямі правоў чалавека, аднак прыпыніў іх дзеяньне, калі Ташкент вызваліў шэраг палітзьняволеных. Узбэцкія і замежныя праваабаронцы працягваюць ціск на лідэраў найбуйнейшых краінаў сьвету з патрабаваньнем заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да ўраду Карымава.