Аргкамітэт ў справе стварэньня руху “Разам” плянуе стварыць і прадпрымальніцкі блёк для ўдзелу ў мясцовых выбарах 2010 года.
Кіраўнік аргкамітэту руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык кажа, што блёк неабходны для таго, каб прадпрымальнікі змаглі адстойваць свае інтарэсы. Блёк будзе займацца падтрымкай малога і сярэдняга бізнэсу, папулярызацыяй ў прадпрымальніцкім асяродку праграмы Эўразьвязу “Усходняе партнэрства” і вяртаньня Беларусі ў Эўропу:
“Хачу нагадаць, што быў прадпрымальніцкі блёк ў 2008 годзе, дзе лідэрам быў Аляксандар Макаеў, дзе асноўнымі лёзунгамі было тры: свабоду індывідуальным прадпрымальнікам, свабода малому і сярэдняму бізнэсу, Беларусь – Эўропа. Так што, з аднаго боку, гэты прадпрымальніцкі блёк гэты – традыцыйны. З другога боку, сёньняшняя сытуацыя, якая склалася ў Беларусі з бізнэсам – яна катастрафічная”.
Удзельнікі будучага выбарчага блёку маюць намер патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і амністыі для прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні паводле палітычных і эканамічных матываў.
На думку Анатоля Шумчанкі, кіраўніка аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, гэта – не зусім тое, чым варта займацца прадпрымальнікам у сваёй штодзённай працы:
“Кесару – кесарава. Кожны мусіць займацца сваёй справай. Дзеля ўдзелу ў палітычнай барацьбе і палітычных варунках існуюць палітычныя структуры. Вынаходзіць ровар сёньня не варта. І не трэба. Гэта толькі дадасьць сумяціцу і раздрай у шэрагі апазыцыі. Чым меней блёкаў – тым болей плёну, мы б так сказалі. Таму мы – “за” аб’яднаную апазыцыю і прадстаўленьне нашых поглядаў”.
Віктар Гарбачоў, лідэр кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва", мяркуе, што кансалідацыя заўсёды станоўчая з’ява:
“Любая кансалідацыя, любое аб’яднаньне прадпрымальніцкіх структураў у вырашэньні агульных праблемаў дзеля дасягненьня ўласнай мэты заўсёды прыносілі станоўчы вынік. Паасобку хадзіць некуды – прынцыпова таксама можна, але плёну відавочна болей, калі высілкі сумесныя”.
На пасяджэньні, прысьвечаным стварэньню блёка, прадпрымальнікі чарговы раз запатрабавалі вызваленьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і таксама моладзевага актывіста Арцёма Дубскага.