Маці асуджанага на сьмерць зьвярнулася зь лістом да Лукашэнкі

Сьвятлана Жук

У праваабарончым цэнтры “Вясна” маці асуджанага на сьмерць Андрэя Жука зачытала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам памілаваць яе сына.
Сьвятлана Жук, маці асуджанага Андрэя Жука, зьвярнулася ад імя ўсіх сваякоў з адкрытым лістом да кіраўніка Беларусі.

“Вы любячы бацька трох сыноў, у нас іх пакуль два. І спадзяемся, столькі ж і застанецца… Канечне, Андрэй ня меў права ні пры якіх абставінах пазбаўляць жыцьця ні ў чым не вінаватых людзей. І ён, і мы цяпер да канца сваіх дзён будзем вымольваць прабачэньне за гэты цяжкі грэх у сем’яў загінулых, а найперш у асірацелых дзяцей і ў Бога”.

Your browser doesn’t support HTML5

Маці просіць не расстрэльваць сына-забойцу



Жанчына просіць Лукашэнку даць шанец яе сыну на тое, каб “працай загладзіць сваю віну і заслужыць прабачэньне сем’яў пацярпелых”.

У ліпені Андрэй Жук быў асуджаны на сьмерць за забойства двух супрацоўнікаў сельгаспрадпрыемства “Бальшавік Агра”.

25-гадовы Жук арганізаваў напад на аўтамабіль, у якім везьлі заробак супрацоўнікам прадпрыемства і асабіста застрэліў 39-гадовую Сьвятлану Лапцуеву і 38-гадовага кіроўцу Генадзя Зубца.

У кастрычніку Вярхоўны суд сьмяротны прысуд пацьвердзіў і цяпер толькі памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам можа ўратаваць жыцьцё злачынцу.

Паводле сваякоў асуджанага Андрэя Жука, яго трымаюць цяпер у менскім сьледчым ізалятары. Яго не абмяжоўваюць у ліставаньні, раз на месяц дазваляюць спатканьне са сваякамі.

Трымаюць Андрэя Жука ў адной камэры з Васілём Юзэпчуком, якога таксама асудзілі на сьмерць раней, у пачатку кастрычніка.

Прадстаўніца «Міжнароднай амністыі» Хэза МакГіл(зьлева) і Сьвятлана Жук

Паводле незалежных крыніцаў, з 1997 году ў Беларусі было пакарана сьмерцю болей за 160 чалавек. Дакладна вядома толькі пра адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць. Эўразьвяз заклікае Беларусь увесьці мараторый, а пасьля і зусім адмовіцца ад гэтага віду пакараньня, якое ў Эўропе лічыцца негуманным і неэфэктыўным.

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадаў: паводле экспэртаў, сьмяротнае пакараньне не вядзе да зьмяншэньня цяжкай злачыннасьці, але толькі падвышае градус агрэсіі і варожасьці ў грамадзтве. Аднак на шляху адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі стаяць грамадзкая думка і пазыцыя ўладаў, якія апэлююць да рэфэрэндуму 1996 году.

Прадстаўніца арганізацыі “Міжнародная амністыя” Хэза Макгіл сярод тых, хто заклікае беларускія ўлады адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Хэза МакГіл
Спадарыня Макгіл прыехала на прэсавую канфэрэнцыю ў цэнтар “Вясна” з круглага стала, які праводзіўся ў офісе АБСЭ якраз па гэтай праблеме. Экспэрт па Беларусі выклала свае ўражаньні ад кантактаў з беларускімі чыноўнікамі:

“Адметна, што прадстаўнікі беларускага парлямэнту, міністэрстваў і Вярхоўнага суду былі гатовыя разам з намі абмяркоўваць гэтае пытаньне — гэта ўжо ёсьць важны крок наперад. Канечне, мы лічым, што гэтага недастаткова. Мы хочам бачыць пэўныя захады, што абвешчаны мараторый. Але ўсё ж такі ёсьць надзея”.