Антывірусныя прэпараты ёсьць. Але іх няма

У аптэкі Менску пачалі паступаць антывірусныя мэдычныя прэпараты, але іх колькасьці недастаткова, каб задаволіць попыт. Тым часам колькасьць выяўленых хворых на вірус грыпу A(H1N1) у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на сёньня складае 128 чалавек.
Вялікія чэргі ў менскіх аптэках зьмяніліся на меншую, але сталую колькасьць наведнікаў. Перадусім людзі цікавяцца лекамі супраць прастуды і грыпу, а таксама для прафіляктыкі гэтых захворваньняў. У аптэцы № 5 супрацьвірусныя прэпараты зьявіліся на некаторы час, і іх адразу ж раскупілі, паведаміла фармацэўт Кацярына Курдзюк:

“Учора ўвечары быў расейскі арбедол, але ўжо яго няма. Арбедол, арпетол, ангрымакс паступаў, рэмантадын — няма нічога. Адразу ўсё разьбіраюць. Замаўляем, але ж іх на заводах няма. Як завод зробіць, так нам і дадуць”.

Наведнікі аптэк таксама сьведчаць пра ранейшы недахоп лекаў:

Карэспандэнтка:”Ці набылі вы патрэбныя лекі?”

Спадарыня: “Мне патрэбны леватэраксін, і я яго не набыла. Пыталася ў аптэках і сёньня, і ўчора інтэрфэрон — таксама няма. Набыла арпетол расейскі ўчора і прымаю як прафіляктычны сродак”.

Спадарыня: “Я ўжо з пнэўманіяй. Лекаў няма тых, што выпісаў мне лекар. Тэлефанавала на “гарачую лінію” Міністэрства аховы здароўя. А мне мужчына на гэтай гарачай лініі міністэрства сказаў: а пры чым тут я? Што, я вам буду лекі шукаць? Я хацела нават самому міністру патэлефанаваць, бо ён па тэлебачаньні кажа адно, а насамрэч гэтага і блізка няма”.

У Міністэрстве аховы здароўя такое становішча чыноўнікі камэнтаваць адмаўляюцца. Сёньня не адказвалі на тэлефанаваньні нават супрацоўнікі прэсавай службы. Інфармацыя пра эпідэміялягічнае становішча ў Беларусі на інтэрнэт-сайце міністэрства не абнаўлялася ад пятніцы, 6 лістапада. Тым часам, паводле афіцыйнай інфармацыі, колькасьць захворваньняў на сьвіны грып на сёньня складае 128 выпадкаў. Прычым улік хворых на вірус A(H1N1) у Беларусі вядзецца не зь сярэдзіны кастрычніка, як пра гэта заяўлялі чыноўнікі ад мэдыцыны, а значна раней, паведаміў “Свабодзе” выканаўца абавязкаў дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Аляксандар Пяткевіч:

“Усяго ад жніўня месяца, па-мойму, ад 18 жніўня, калі паступілі першыя зьвесткі, усяго захварэлі 128 чалавек. У тым ліку за пэрыяд эпідэміялягічнага пад'ёму — 102 выпадкі. Але зараз ідзе на спад. Захворвальнасьць за апошнія два-тры дні, магчыма, нават чатыры, яна зьмяншаецца штодня”.

Як паведаміў Аляксандар Пяткевіч, эпідэміёлягі чакаюць некалькі хваляў уздыму захворваньняў на грып, у тым ліку сьвіны. Таму, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, на пачатку сьнежня ў Беларусі можа зьявіцца вакцына для прышчэпак супраць вірусу грыпу A(H1N1). Сёньня ж можна зрабіць платную прышчэпку супраць іншых відаў грыпу, аднак ня ўсе мэдычныя ўстановы краіны маюць патрэбную вакцыну.