Сёньня на нарадзе па ўдасканальваньню выбарчага заканадаўства Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “у нас няма ніякай алергіі, ніякага адмаўленьня тых патрабаваньняў, якія ўносіць Эўрапейскі Зьвяз. Проста нам патрэбна крыху часу. І мы практычна ўсе 12 патрабаваньняў ад Эўропы прымаем – без шкоды для нашай унутранай палітыкі”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што гэта выказваньне кіраўніка беларускай дзяржавы непасрэдна зьвязанае з набліжаючымся 16-м лістапада, калі Рада Эўразьвязу будзе прымаць рашэньне наконт санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, уключаючы самога Лукашэнку:
“Гэта спроба пераканаць Эўразьвяз у тым, што мы гатовыя да зьменаў. Але толькі не зараз. Дайце нам яшчэ крыху часу.
Будзе гэта ці не? Ніколі не кажы: “ніколі”, зразумела. Але ў дадзены момант у гэта цяжка верыцца. Бо з моманту больш-менш істотных зрухаў ужо прайшоў год. І за гэты час фактычна нічога зроблена не было. Таму ёсьць сумнеў, што за невялікі час, які застаецца, адбудзецца што-небудзь істотнае. І што ўсе 12 патрабаваньняў Эўразьвязу будуць выкананыя”.