МУС: “Расьсьледаваньне справа Аўтуховіча-Асіпенкі завяршаецца”

Мікалай Аўтуховіч

Кіраўнік прэсавай службы МУС паведаміла, што расьсьледаваньне крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі мае хутка завяршыцца, і пачнецца “азнаямленьне з матэрыяламі справы”. Праваабаронцы кажуць, што сьледзтва падоўжылі, каб выставіць абвінавачаньне ў тэрарызьме.
Раніцай 9 лістапада я паспрабаваў спраўдзіць у Міністэрстве ўнутраных спраў зьвесткі пра падаўжэньне яшчэ на месяц сьледзтва ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі. Кіраўніца прэсавай службы Сьвятлана Бароўская, пацьвердзіўшы гэтыя зьвесткі, паведаміла “Свабодзе”:

“Яно завяршаецца, гэтае расьсьледаваньне. У бліжэйшы час падазроныя будуць азнаёмленыя з гэтымі матэрыяламі, і вы пра ўсё даведаецеся”.

Карэспандэнт: “Але ці падоўжанае расьсьледаваньне? Бо тэрмін скончыўся 8-га чысла?”

Бароўская: “Даю вам той афіцыйны камэнтар, які ведаю. Што ўсё завяршаецца, гэтае самае расьсьледаваньне, і ў бліжэйшы час азнаёмяць падазроных з матэрыяламі”.

Праваабаронца Алег Воўчак, спасылаючыся на свае крыніцы, кажа, што крымінальная справа супроць Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі працягнутая дзеля таго, каб выставіць ім новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў. Паводле зьвестак Алега Воўчака, сьледчы Віктар Клачко нібыта папярэдзіў пра гэта Ўладзімера Асіпенку падчас апошняга наведваньня ў сьледчым ізалятары. Між тым Алег Воўчак сумняваецца, што сьледзтва сапраўды валодае доказамі для выстаўленьня такога сур’ёзнага абвінавачаньня.

Алег Волчак
“Зразумела, што сьледчыя нейкім чынам спрабуюць выставіць Асіпенку і Аўтуховічу гэты артыкул пра тэрарызм, але што будзе з гэтага далей, ня ведаюць і самі. Мяркую, гэта вырашаюць ня сьледчыя, не генпракурор Васілевіч, а вышэй. А Аўтуховіча з Асіпенкам проста запужваюць. І яшчэ мая вэрсія такая, што працягнулі сьледзтва ў сувязі з будучым рашэньнем Эўразьвязу адносна санкцый да Беларусі. Магчымы торг з Захадам адносна лёсу гэтых людзей. Маўляў, мы выпусьцім Аўтуховіча, а вы нам за гэта тое і тое”, — мяркуе Алег Воўчак.

У пракуратуры Беларусі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра працяг расьсьледаваньня, спаслаўшыся на тое, што справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі вядуць сьледчыя зь міліцыі.



Нагадаем, справу жыхароў Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі шмат хто з палітыкаў і праваабаронцаў у Беларусі лічыць палітычна матываванай, не выключаючы, што Аўтуховічу і Асіпенку помсьцяць за барацьбу з карупцыяй у мясцовай уладзе.